Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У горадзе над Нёманам прайшоў ХІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур

Яскравыя пялёсткі свята

Вось і прайшлі тры самыя яркія дні гродзенскага лета. Пра тое, што XII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур стаў адным з найбольш прыцягальных падзей у абласным цэнтры за апошнія гады, кажуць нават лічбы. Святочныя мерапрыемствы наведалі каля трохсот тысяч чалавек. Колькасць замежных турыстаў, якія прыехалі ў гэтыя дні на Гродзеншчыну, таксама была рэкорднай: каля трох тысяч чалавек. Дарэчы, вялікую цікавасць праявілі палякі — гасцей з гэтай краіны было амаль паўтары тысячы. Крыху менш — тысяча дзвесце чалавек — прыехалі на свята з Літвы. Сто гасцей прыбылі з Латвіі. Чацвёртае ж месца па наведванні свята заняла дзяржава... Ліхтэнштэйн, адкуль прыехала сорак турыстаў. Думаецца, усе яны цяпер дзеляцца з блізкімі ды сябрамі маляўнічымі фотаздымкамі ды захапляльнымі ўспамінамі.

Добры настрой і прыгожыя строі — адметныя фарбы гродзенскага фэсту

Фестываль праходзіць раз у два гады ўжо на працягу 24 гадоў. Заўсёднікі, якія не першы раз наведваюць фэст, дакладна ведаюць: самае цікавае пачынаецца на другі дзень свята. Калі задацца мэтай, за некалькі гадзін можна пабываць у дзясятках краін. Не літаральна, вядома… Аднак уражанні атрымаць не менш моцныя, чым ад турыстычных паездак. З самай раніцы ў цэнтры горада пачынаюць працаваць нацыянальныя падворкі, удзельнікі якіх усімі сіламі імкнуцца стварыць ілюзію прысутнасці ў сваёй роднай краіне.

Пад нумарам адзін у мяне — родны беларускі падворак. Тут я паспрабавала атрымаць майстар-клас па пляценні нацыянальных паясоў.

Гукі ўсходняга танца даносіліся з дагестанскага падворка. Тут выступаў харэаграфічны ансамбль “Рытмы Каўказа”. Яго мастацкі кіраўнік Вюсал Караеў распавёў, што калектыў існуе ўжо шэсць гадоў, прычым з’явіўся ён якраз пасля ўдзелу ў гродзенскім фестывалі нацыянальных культур: “Да гэтага існавала толькі школа лезгінкі. Мы прынялі ўдзел у адборачных канцэртах і выступілі на фестывалі ў 2012 годзе. Пасля сталі выступаць, так сфарміраваўся ансамбль. Нядаўна мы прыехалі з гастроляў па Польшчы: нас там вельмі цёпла сустракалі. Не дзіўна. Лезгінка — танец жорсткі, тэмпераментны. Менавіта ў ім мы, мужчыны, можам раскрыць свой характар”.

Наступны прыпынак — у грэкаў. Тут мяне чакала кулінарная старонка падарожжа. На стале: далмадэс — галубцы ў вінаградным лісці, фаршыраваны салодкі перац, рулецік з баклажан з вострым сырам і сакавітыя алівы. Далмадэс здзівілі: ніколі б не падумала, што вінаградны ліст можна ўтушыць да такой паветранай мяккасці.

Удзельнікі гродзенскага фэсту здзіўлялі талентамі
Усяго ў святочны дзень сваімі культурнымі, кулінарнымі традыцы-ямі з гасцямі дзяліліся прадстаўнікі 36 нацыянальнасцяў. Гран-пры фестывалю — крыштальную кветку-вясёлку — журы прысудзіла казахскаму падворку. Тут была адноўлена стаянка качавога народа з шатром, у якім гасцей чакаў багата накрыты стол, і традыцыйнымі разборнымі арэлямі алтыбакан. Менавіта прадстаўнікі казахскай дыяспары, на думку журы, здолелі расказаць пра сваю нацыянальную культуру найбольш цэласна і гарманічна. Не забыліся пры гэтым пра асаблівасці побыту, традыцыі, кухню, рамёствы, гульні ды забавы. На пытанне ж, чым пакарылі гледачоў, прадстаўніца дыяспары Алія Гуцава адказала, што проста яны імкнуліся паказаць усё, чым багатая іх нацыя. “Мы рабілі ўсё ад душы, прадставілі звычаі, культуру, традыцыі. У нас была вялікая група падтрымкі — гродзенцы, якія прыходзілі да нас на падворак. На фестывалі мы не ўпершыню, кожны раз арганізатары здзіўляюць нас нечым новым. Але галоўнае — мы адчуваем сябе ў Гродне, як дома”.

Дарэчы, над стварэннем галоўнага прыза фестывалю працавалі шклавары з Бярозаўкі. Яны ўжо 20 гадоў “вараць” фестывальныя сімвалы. Раней прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў увозілі на памяць пра фэст шкляныя знакі ў выглядзе бусла, вытанчаныя вазы і стылізаваныя талеркі. 

А вось трэці дзень фестывалю ўпершыню прайшоў у загарадным фармаце — на Аўгустоўскім канале. Пакуль на сцэне пад адкрытым небам ішоў канцэрт, на беразе гасцей зноў чакалі нацыянальныя падворкі, злучаючы ўсіх ахвотных у карагоды, “ручайкі” і рухомыя гульні. Разыначкай беларускага падворка было... ручное мыццё і прасаванне льняных ручнікоў пры дапамозе рабрыстай дошкі ды драўлянага валіка.

Для тых, каму бліжэй дух спаборніцтваў, падрыхтавалі эксклюзіўныя забавы: курыныя бягі, конкурс хуткаснага паглынання сасісак і многае іншае. Завяршыліся святочныя мерапрыемствы вячэрняй дыскатэкай на свежым паветры.

З пачуццём лёгкага суму давялося развітвацца з сёлетнім фестывалем, каб з нецярпеннем чакаць наступнага, які пройдзе ў 2020 годзе.

Голас Радзімы № 22 (3574), чацвер, 14 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter