Яшчэ крок насустрач

На Міншчыне праходзяць мерапрыемствы Гуандунскага тыдня

На Міншчыне праходзяць мерапрыемствы ў рамках Гуандунскага тыдня.

Супрацоўніцтва сталічнага рэгіёна Беларусі і буйной кітайскай правінцыі Гуандун апошнім часам атрымала новы імпульс. Ужо адбылося некалькі ўзаемных візітаў, у час якіх падпісана пагадненне аб устанаўленні сяброўскіх адносін, закладзена аснова эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама супрацоўніцтва ў галіне культуры і адукацыі. Гуандунскі тыдзень — яшчэ адзін крок насустрач адзін аднаму.

З дэлегацыяй з кітайскай правінцыі сустрэўся старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура. Ён адзначыў, што пагадненні і дагаворы, якія падпісаны паміж Мінскай вобласцю і правінцыяй Гуандун, даюць магчымасць сур’ёзна працаваць над пашырэннем гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, асабліва ў экспартна-імпартных аперацыях. «Вынік не прымусіў сябе чакаць. За першы квартал гэтага года Мінская вобласць павялічыла экспарт у Кітай у 11 разоў», — зазначыў Барыс Батура. Аснову экспарту складаюць мінеральныя ўдабрэнні, часткі і абсталяванне для аўтамабіляў і трактароў. Усяго за тры месяцы знешнегандлёвы абарот склаў 265,3 млн. долараў і павялічыўся ў в 3,4 раза ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам.

У чэрвені ў Мінску пройдзе бізнес-форум з удзелам прадстаўнікоў дзелавых колаў правінцыі Гуандун. Чакаецца, што іх будзе больш за 80. Гэта стане наступным практычным крокам, дзе будуць абмяркоўвацца канкрэтныя прапановы. У час наведвання дэлегацыяй Міншчыны правінцыі Гуандун прэзентаваны Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, дзе будуць сканцэнтраваны высокатэхналагічныя вытворчасці. На тэрыторыі кітайскай правінцыі размешчаны тры буйныя эканамічныя зоны. Іх удзельнікі запрошаны для рэалізацыі праектаў у парку, на бізнес-форуме плануецца абмеркаванне гэтых пытанняў. Як запэўніла намеснік генеральнага сакратара Народнага ўрада правінцыі Гуандун Цзян Хайюань, яны маюць намер актыўна натхняць прадпрымальнікаў на візіт у Мінскую вобласць для абмеркавання супрацоўніцтва ў сферах інфарматыкі, энергетыкі, вытворчасці абсталявання, лёгкай прамысловасці і будаўніцтва інфраструктуры.

У час Гуандунскага тыдня запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Адкрыўся ён урачыста ў абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. Там размясцілася фотавыстава «Прыгожы Гуандун, энергічны Гуандун». Кітайскія майстры правялі майстар-класы па лепцы фігурак, стварэнні веераў і выразанні карцін з паперы. Дэлегацыя з правінцыі наведала Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў «Дудуткі». Акрамя таго, творчыя калектывы правінцыі паказалі сваё майстэрства і паспяхова выступілі з канцэртам у Палацы культуры Маладзечна.

У час правядзення Гуандунскага тыдня кітайскія госці маюць намер падрабязна азнаёміцца з сістэмай адукацыі Мінскай вобласці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter