
Настасся Сазанкова сама родам з Полаччыны, з вёскі Захарнічы. У Полацку закончыла медвучылішча, потым — медуніверсітэт у Мінску. Доўга працавала ўрачом , напісала кнігу пра лекавыя травы. Яна — сябар Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі, актывістка беларускай суполкі “Уздым”. І шаноўны ўзрост ёй да твару, бо вядзе актыўны лад жыцця: піша карціны, вершы, выдае кнігі, прымае ўдзел у працы дзённага сацыяцэнтра і гарадскіх імпрэзах. Кнігі ж пісьменніцы прэзентуюцца ў нашым цэнтры, і гэта была ўжо 8-я. Як чалавек актыўны, рознабакова-таленавіты, сціплы й працавіты, наша старэйшая сяброўка вялікай павагай карыстаецца як у асяродку беларусаў, так і ў асяродку творчых людзей Даўгаўпілса. Таму й сабралася ў нас нямала прыхільнікаў яе таленту: паслухаць займальны аповед аўтаркі пра кнігу, розныя версіі ды гістарычныя факты, што леглі ў аснову паэмы.
Твор напісаны па-руску: 76 старонак. Князёў і княгінь, што яго ілюструюць, Настасся Сазанкова малявала, прызнаецца, так, як іх сабе ўяўляе. Да вечарыны ж намалявала й партрэт Яраслава. Рэдактар кнігі — Святлана Мекш. Даўгаўпілскія пісьменнікі, мастакі сказалі аўтарцы шмат добрых слоў, чыталі свае вершы, спявалі песні: Галіна Сантоцкая, Станіслаў Валодзька, Фаіна Осіна, Марыя Сафронава, Яўціхій Канаплёў, Павел Плотнікаў, Валянціна Пруднікава, Еўфрасіння Лелэ, Пётр Лаўрэнаў ды іншыя. Спявала й харавая капэла “Спадчына” (мастацкі кіраўнік Яніна Юзэфовіч), хораша вяла вечарыну Яўгенія Гуляева.
Марыя Памецька, метадыст Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс
Голас Радзімы № 21 (3573), чацвер, 7 чэрвеня, 2018 у PDF