Успомнім, хто з высакародных асобаў наведваў Беларусь у апошні час і што іх тут уразіла

Яны побач, хоць і ў іншых краінах

Сёлета ў Беларусь прыязджалі нашчадкі графаў Храптовічаў, Чапскіх, князёў Агінскіх. Тое, што арыстакратаў цягне на гістарычную радзіму, цалкам зразумела. Настальгія — пачуццё, уласцівае, напэўна, кожнаму чалавеку. Але ў большасці беларусаў вядомыя прозвішчы па-ранейшаму асацыююцца са справамі даўно мінулых дзён. Калі нехта і ведае пра іх, то пераважна па падручніках. Мала хто здагадваецца, што праўнукі будаўнікоў замкаў, выдаўцоў кніг, выдатных военачальнікаў жывуць у сучасным свеце. Але факт: яны побач, хоць і ў іншых краінах. А калі наведваюцца на зямлю продкаў, значыць, адчуваюць, што іх тут чакаюць. Успомнім, хто з высакародных асобаў наведваў Беларусь у апошні час і што іх тут уразіла.


Фота: Уладзімір Шлапак

Хто: Радзівілы.


Калі: 2009-ы, 2012-ы, 2014-ы.

Адкуль: з Польшчы, Рыма.

Куды: Нясвіж, Мір, Паланечка, Мінск.

Радзівілы ў апошнія гады рэгулярна бываюць на гістарычнай радзіме.

26 мая 2009 года ў Мінску ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук нашчадкам Радзівілаў паказалі друкаваныя і рукапісныя дакументы з іх кніжнага збору. Гэтыя выданні знаходзяцца пад надзейнай дзяржаўнай аховай.

Таксама члены знатнай сям’і на чале з Эльжбетай Тамашэўскай (на здымку справа), дачкой Альбрэхта Радзівіла, пабывалі ў Нацыянальным мастацкім музеі ды Нясвіжскім замку.

Князь Мацей Радзівіл, продкі якога ў XVIII-XIX стагоддзях жылі ў Паланечцы, і яго жонка (таксама з Радзівілаў) пасля гэтага візіту часта сталі бываць у Беларусі. Часам “без афішы”, каб па-сямейнаму спакойна агледзець славутасці.

16-17 чэрвеня 2014-га ўпершыню ў Беларусі пабывалі нашчадкі Леона Уладзіслава Радзівіла — яго ўнучка Дзіяна з мужам Фердынандам Караба Тэтаманці ды іх сынам, лейтэнантам італьянскіх карабінераў Масіміліянам.

У Рыме знатныя асобы “прапісаны” з восені 1939 года. Тады Марыю Радзівіл з Браніцкіх, яе сына Леона Радзівіла і дваіх унукаў Антонія і Ежы вызвалілі з-пад варты НКУС па асабістай просьбе каралевы Італіі. У Ежы ў 1953 годзе нарадзілася дачка Дзіяна.


Фота: Віктар Гіліцкі

Дзіяна ў маладосці часта чула ад свайго бацькі сямейныя гісторыі пра жыццё ў Нясвіжскім замку і, наведаўшы яго, “нібы пазнавала месцы, знаёмыя ёй па аповедах родных”. Радзівілы-Тэтаманці наведалі таксама Мірскі замак і Нацыянальны мастацкі музей, дзе прадстаўлена калекцыя партрэтаў іх продкаў. У сваю чаргу нашчадкі магнатаў падарылі Беларусі альбом з копіямі старажытных сямейных фатаграфій.

Дзіяна Караба Тэтаманці спадзяецца, што яшчэ вернецца на радзіму продкаў:

— Нам вельмі спадабалася краіна і месцы, якія мы наведалі. Яны вельмі шмат значаць для мяне, я заўсёды трымала іх у сваім сэрцы.


Зыгмунт і Лідзія Зялінскія

Хто: Агінскія.


Калі: 2015-ы, 25 верасня.

Адкуль: з Познані.

Куды: Залессе.

Нядаўна 250-ы дзень нараджэння кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага адзначылі ў яго родавай сядзібе Залессе ў прысутнасці яго нашчадкаў, якія прыехалі з Познані. Гэта муж і жонка Зыгмунт і Лідзія Зялінскія з дочкамі. Сям’я ўся музычная, як і іх праслаўлены продак. Муж іграе на віяланчэлі, дачка — на скрыпцы, а жонка — кампазітар.


Фота: Віталь Піваварчык

Хто: Сапегі.


Калі: 2003-ці.

Адкуль: з Польшчы.

Куды: Ружаны, Навагрудак.

Леў Сапега — легендарная асоба, ён меў дачыненне да стварэння трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага. А вось Анджэй Сапега — яго нашчадак. Ён памёр у 1989 годзе ў Лондане. Ягоная ж жонка пані Марыя (на фота ў цэнтры) у 2003 годзе прыязджала з двума сынамі ў Ружаны, дзе жылі іх продкі да 1939-га.

Марыя Сапега наведвала Ружаны з дабрачыннай місіяй — каб дапамагчы аднавіць старажытны касцёл Святой Тройцы, які стаіць на галоўнай плошчы мястэчка. Яна не толькі дала грошы на рэстаўрацыю, але і дамовілася аб падтрымцы з боку міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

У 1939 годзе, калі пачалася Другая сусветная вайна, Марыя Сапега ўцякла з Ружан. На машыне даехала да Літвы, і адтуль адправілася ў Швецыю, Францыю. Падчас гітлераўскай акупацыі дапамагала падпольшчыкам, за што трапіла ў турму. Выратавала тое, што за яе заступіўся нехта з Ватыкана. Потым жыла ў Лондане — да 1992 года, пакуль не пераехала ў Варшаву:

— Мы лічым сябе палякамі. У той жа час усведамляем глыбокую сувязь з продкамі нашага роду, які паходзіць з ВКЛ.

Сама Марыя Сапега больш пасля 2003-га не пабачыла Ружан. Яна памерла ў 2009-м, калі ў яе палацы ўжо ішлі аднаўленчыя работы. Цяпер былая рэзідэнцыя — музей. Сын пані Марыі Джордж хоча яшчэ раз прыехаць у Ружаны і прывезці свайго сына, жонку-бразільянку.


Фота: Аляксандр Ружачка

Хто: Храптовічы


Калі: 2015-ы, 5-6 кастрычніка.

Адкуль: з Нью-Ёрка.

Куды: Шчорсы, Навагрудак, Мінск.

Пітэр Бутэнеф — так клічуць чалавека, які з’яўляецца нашчадкам графаў Храптовічаў. Ён выкладчык праваслаўнай семінарыі ў Нью-Ёрку. Яго продкі валодалі калісьці Шчорсамі. А ў канцы XVIII стагоддзя Іахім Храптовіч быў першым міністрам замежных спраў Рэчы Паспалітай.

Містэр Бутэнеф упершыню пабываў на радзіме продкаў, якую тыя пакінулі ў 1939 годзе. Яго маці — таксама са шляхетнага сямейства, рускага — Трубяцкіх, якія паходзяць ад яшчэ больш старажытнай дынастыі — літоўскай, ад самога вялікага князя Гедыміна.

Візіт арганізавала Наталля Васілевіч, беларуска, з якой арыстакрат выпадкова пазнаёміўся за мяжой. А садзеянне аказала Нацыянальная бібліятэка. Намеснік дырэктара НББ, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесь Суша суправаджаў госця па славутасцях:

— Я паказаў спадару Пiтэру адзiную захаваную ў нашай краiне кнiгу са збору Храптовiчаў у Шчорсах. Шчырыя эмоцыi захаплення i цiкавасцi былi ў нашчадка славутай фамiлii. У дар Нацыянальнай бiблiятэцы шаноўны госць перадаў кнiгу свайго бацькi — летапiс сям’i Бу­цянёвых, якi пачынаецца, натуральна, з Храптовiчаў i змяшчае шматлiкiя каштоўныя матэрыялы пра Беларусь. У Шчорсах мы пабачылi рэшткi колiшняй велiчнай сядзiбы з паўзруйнаванымi пабудовамi i сажалкамi (на фота), трапiлi на набажэнства ў царкву, збудаваную яшчэ Храптовiчамi, i сустрэлiся з жыхарамi Шчорсаў, якiя яшчэ памятаюць, як усё было “за панскiм часам”. Прыемна было чуць ад Пiтэра, што многiя прадстаўнiкi раскiданага па свеце роду Бу­цянёвых-Храптовiчаў, даведаўшыся, што ён едзе ў iх родавае гняздо, перадавалi нiзкiя паклоны нашай зямлi i казалi пра жаданне таксама наведаць гэтыя мясцiны. I, верагодна, гэта ў блiзкiм часе адбудзецца.

Хто: Чапскія.


Калі: 2009-ы, 2015-ы.

Адкуль: з Лондана.

Куды: Мінск, Станькава, Прылукі.

Аляксандра Ваньковіч і Эдуарда Аранда Гадлеўскі ў сакавіку 2009 года ўпершыню пабывалі ў Мінску, якім кіраваў у канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзя Ян Караль Аляксандр Чапскі, знакаміты продак Гадлеўскага.


Фота: Таццяна Сталярова

Нашчадак Чапскага наведаў і Прылукі, Станькава пад Мінскам, дзе захаваліся рэшткі сядзібы вядомага роду. А ў гэтым маі па запрашэнні піўзавода “Аліварыя”, заснаванага графам Чапскім, пан Гадлеўскі (на фота справа) зноў прыязджаў у Беларусь. Прайшоўся па месцах, якія памятаюць яго знакамітага папярэдніка: Купалаўскі тэатр, парк імя Горкага — і абяцаў вярнуцца. Арыстакрат, які выдатна размаўляе на многіх еўрапейскіх мовах, цяпер вучыць беларускую.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter