Да нас прыехалі на Адкрыты Кубак СНД — Кубак свету па таэквандо ITF больш за тысячу байцоў з 13 краін. Нашы спартсмены, дарэчы, заваявалі шэсць залатых медалёў. Ці ёсць у нас шанцы трапіць на Алімпійскія гульні?

Яны б'юць капытам

Гэта адно з нямногіх баявых мастацтваў, уключаных у праграму Алімпійскіх гульняў. Міжнародны алімпійскі камітэт “прызнаў” таэквандо ў 2000 годзе. Цікава, што тады ж трапіць у алімпійскую праграму прэтэндавалі каратэ і кунг-фу. Аднак гэтыя віды спорту пакуль так і засталіся кандыдатамі.


У нас у таэквандо было некалькі хваляў. У 1980-х гадах гэты від спорту атрымаў папулярнасць. Яго пачынальнікам стаў Аляксандр Боткін, які заснаваў першы клуб. Потым з’явілася шмат іншых секцый. Падрасталі свае чэмпіёны і прызёры міжнародных спаборніцтваў: Юлія Сухавіцкая, Алеся Чарняўская, Ігар Рамашкевіч і іншыя. Але ў 2009 годзе мы ўвайшлі ў зону турбулентнасці. Быў зняты з пасады і атрымаў турэмны тэрмін галоўны трэнер нацыянальнай зборнай. З гэтым жа часам супаў і ад’езд з краіны некаторых нашых вядомых спартсменаў і трэнераў. Толькі нядаўна таэквандо зноў пачало ўзмацоўваць пазіцыі. Але як вынік — у нас ёсць нямала прызёраў чэмпіянатаў свету і Еўропы і ніводнага — Алімпіяды. 

Тут трэба некалькі слоў сказаць пра дзве версіі, якія існуюць у таэквандо. У “алімпійскай” — WTF — няма поўнага кантакту і забаронены любыя ўдары ў галаву. У ITF усё гэта дазволена. Паколькі ў алімпійскую праграму была ўключана версія WTF, то ITF доўга заставалася ў цені. А чэмпіёны ў нас ёсць і ў ёй. Дарэчы, хутка ў сусветным маштабе павінны адбыцца змены. Трэнер нашай юнацкай зборнай, чэмпіён Еўропы і срэбны прызёр чэмпіянату свету па таэквандо ITF Уладзіслаў Бержац распавядае: “Зараз паміж гэтымі дзвюма федэрацыямі ідуць перамовы. Спартсмены адразу некалькіх вагавых катэгорый, якія выступаюць па правілах ITF, магчыма, змогуць удзельнічаць ужо ў наступных Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у Рыа-дэ-Жанейра”. 

Сёння ў нас толькі секцый “неалімпійскага” баявога мастацтва налічваецца некалькі дзясяткаў, і ў іх займаюцца больш за тысячу хлопцаў і дзяўчат. У “алімпійскай” версіі гэтыя лічбы ў разы большыя. “У нас шмат перспектыўнай моладзі. Будучыня ў нашага таэквандо адназначна ёсць”, — дадае Уладзіслаў Бержац. 36 медалёў на міжнародным турніры ў Мінску — чым не заяўка на поспех у будучыні?

У тэму

Таэквандо — параўнальна маладое баявое мастацтва. Яно нарадзілася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Карэец Чой Хон Хі на працягу доўгага часу займаўся каратэ, але вырашыў, што гэты від спорту далёкі ад дасканаласці і стаў ствараць новае баявое мастацтва, якое потым назваў таэквандо. Задумка карэйца адразу набыла папулярнасць: у таэквандо сталі пераходзіць многія каратысты і дзюдаісты.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter