Гомельскія навукоўцы прапануюць замяніць традыцыйныя лекі наначасціцамі

Яно нам нана

Вакуумную тэхналогію нанясення антыбактэрыяльных пакрыццяў на медыцынскія вырабы распрацавалі ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны. Гэта дазволіць пазбегнуць інфекцый, адмовіцца ад антыбіётыкаў, а з цягам часу нават пачне спрыяць зрастанню пераломаў. Сумесна з калегамі з Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогіі гамяльчане стварылі вакуумную ўстаноўку і гатовы заняцца серыйнай вытворчасцю.


Штыфт, які трымае ў руках Максім Ярмоленка, дацэнт кафедры «Радыёфізіка і электроніка», супрацоўнік міжнароднай кітайска-беларускай навуковай лабараторыі пры Гомельскім дзяржуніверсітэце, выкарыстоўваецца ў апараце Ілізарава. Гэта канструкцыя для працяглага змацавання фрагментаў касцяной тканкі, яе сціскання або расцягвання. Доўгія гады з дапамогай такога апарата лечаць траўмы, пераломы, прыроджаныя дэфармацыі. Праблема ў тым, что металічныя часткі напрамую кантактуюць з жывой тканкай — косткамі, мышцамі, а гэта значыць, ёсць розныя рызыкі, напрыклад, інфекцыі. Тэхналогія, якую распрацавалі ў Гомелі, якраз дазваляе гэтага пазбегнуць.

Уся навуковая "магія" творыцца ў вакууме
Фота Івана КУЗМЯНКОВА

На штыфт наносяць антыбактэрыяльнае пакрыццё, напрыклад, з утрыманнем наначасціц серабра. Для гэтага вучоныя распрацавалі спецыяльную ўстаноўку. Максім Ярмоленка дэманструе абсталяванне лабараторыі. Устаноўка нагадвае вялікую шафу, уся «магія» творыцца ў вакууме.

— На парашок, а гэта можа быць поліурытан, поліэтылен, сумесь палімерных парашкоў з пэўнымі злучэннямі, накіроўваюць прамень электроннай пушкі. Усё гэта пераходзіць у газавую фазу, асаджаецца, фарміруецца тонкі слой, які мы і наносім на медвырабы.

Слой сапраўды незаўважны — разоў у сто танчэй за чалавечы волас. Нанесці неабходны пералік кампанентаў у лабараторыі могуць на любыя медыцынскія вырабы. Гэта і металічныя імпланты, і зубныя пратэзы, фіксатары, сеткі, марлевыя павязкі, штучныя суставы, іголкi, скальпелі — усё, дзе ёсць момант кантакту з жывой тканкай. Пакрыццё аказвае антыбактэрыяльнае ўздзеянне і прадухіляе з’яўленне і развіццё інфекцый. Гэта мясцовы працэс, а значыць, уплыў прэпаратаў на іншыя органы мінімальны, уся неабходная дапамога — у месцы канцэнтрацыі праблемы. Да таго ж гомельскім навукоўцам удалося вырашыць яшчэ адну праблему: іх пакрыццё аказвае пралангаванае ўздзеянне. У кантакце з жывымі тканкамі яно распадаецца без шкоды для здароўя чалавека, а ў зону кантакту бесперапынна на працягу пэўнага часу паступаюць неабходныя рэчывы. Тыдзень, два, тры — колькі будзе патрэбна для лячэння.

Тэхналогія з’явілася дзякуючы беларуска-кітайскаму супрацоўніцтву

На гэтым навукоўцы спыняцца не збіраюцца. Зараз яны ўводзяць у састаў пакрыцця злучэнні на аснове кальцыю, якія будуць садзейнічаць зрастанню касцявой тканкі. А гэта значыць, больш хуткаму лячэнню пераломаў. У наступным годзе ва ўніверсітэце прыступяць да серыйнай вытворчасці пакрыццяў. Патрэбны яшчэ шэраг працэдур, аднак сама тэхналогія і састаў прайшлі лабараторныя і клінічныя выпрабаванні, атрыманы дазвол Міністэрства аховы здароўя на іх прымяненне ў медпрактыцы.
Аляксандр Рагачоў

У беларуска-кітайскай распрацоўкі вялікая будучыня, яна ўжо зараз лепш за існуючыя сусветныя тэхналогіi, тлумачыць дырэктар навукова-даследчага фізіка-хімічнага інстытута ГДУ Аляксандр Рагачоў:

— У свеце аналагі ёсць. Аднак у астатніх выпадках пакрыцці наносяцца з раствораў. А тут ёсць свае асаблівасці. Напрыклад, наначасціцы серабра ў растворы акісляюцца, рэзка зніжаецца актыўнасць кампанентаў. Мы ж робім усё ў вакууме і ўжо бачым, што для дасягнення лячэбнага эфекту нам патрабуецца меншая канцэнтрацыя рэчываў. Да таго ж у нас няма абмежаванняў  у камбінацыі прэпаратаў.

valchencko@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter