Яна проста заснула...

Сёння праваслаўныя адзначаюць адно з вялікіх царкоўных свят — Успенне Прасвятой Багародзіцы

Успенне — адно з дванаццаці самых значных царкоўных свят. У гэты дзень заканчваецца двухтыднёвы Успенскі пост.
Царкоўнае паданне гаворыць, што Маці Божая пасля Узнясення Ісуса жыла спачатку ў Іеруса-ліме, а праз дзесяць гадоў, падчас ганення на хрысціян, вымушана была перасяліцца ў Эфес. Калі ж прыблізіўся час пакінуць зямлю, яна вярнулася ў Іерусалім. Там, ля Труны Гасподняй, архангел Гаўрыіл паведаміў ёй аб хуткім перасяленні з жыцця зямнога ў жыццё нябеснае. Багародзіца малілася аб тым, каб сустрэць гэту хвіліну ў акружэнні апосталаў. І анёлы перанеслі вучняў Хрыста да яе, хоць многія з іх знаходзіліся ў гэты час далёка ад Іерусаліма. Раптам заззяла незвычайнае святло, і Хрыстос ва ўсёй сваёй велічы, у акружэнні анёлаў забраў сваю Маці ў абіцель вечнага жыцця.
Чаму ж мы не смуткуем, згадваючы гэту падзею, а радуемся? Царква тлумачыць, што адно слова “ўспенне” гаворыць пра тое, што смерць Багародзіцы была незвычайнай. Яна проста ненадоўга заснула, каб пасля перарадзіцца для вечнага жыцця. У гэты дзень ва ўсяго чалавецтва з’явілася Нябесная Заступніца перад Госпадам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter