Как живет Татьяна Бойничева, которая из-за резонансной аварии осталась инвалидом

Яна марыць адкрыць кулiнарыю

Амаль два з паловай гады таму ў Гомелi адбылася аўтакатастрофа. Аўтамабiль БМВ у цэнтры горада збiў трох настаўнiц — адна з iх загiнула, другая засталася iнвалiдам, пашанцавала толькi трэцяй. За жыццё Таццяны, якая зараз рухаецца ў iнвалiдным крэсле, урачы змагалiся месяц. Карэспандэнты «НГ» зазiрнулi ў госцi да Бойнiчавых, каб даведацца, як у iх зараз справы.


Кухня — яе гонар

Спальны мiкрараён Гомеля. У лабiрынце аднолькавых шматпавярховак знаходзiм патрэбную. Гледзячы на яе, адразу зразумела: тут жыве чалавек, жыццё якога адрознiваецца ад iншых. Бо на ўваходзе — электрапад’ёмнiк. Унутры пад’езда — яшчэ адзiн. Жалезныя канструкцыi, ад якiх на сэрцы становiцца трывожна. Лiфт вязе нас на шосты паверх.

— Добры дзень! — праз iмгненне пасля званка ў дзверы нас вiтае Таццяна. — Праходзьце, калi ласка!

Жанчына ў iнвалiдным крэсле жвава заязджае на кухню, мы iдзём услед. I адразу робiм вывад: кухня — гонар Таццяны. Папулярны шэры колер, зручная мэбля, свабодны цэнтр пакоя для манеўраў каляскi.

— Муж усё ўладкаваў сам. Вось пабачце: сталешнiца, стол, мiкрахвалёўка, нават палiцы ў шафах — усё для маiх дадатковых патрэб i абмежаваных магчымасцей, — усмiхаецца Таццяна.

Кухонны стол увесь застаўлены рознага памеру кантэйнерамi з кандытарскiм дэкорам. Ружовае безэ, салодкiя сардэчкi i, нiбы сапраўдныя, пялёсткi з мастыкi.

— Зараз буду ўпрыгожваць торт. Ен з серыi «Лiчбы». На гэты раз — нуль. Але на самай справе гэта лiтара «О». Верагодна, iмя героя свята пачынаецца з яе. Такiя торты на днi нараджэння заказваюць часцей за ўсё. Каржы — мядовыя, тварожна-сырны крэм. Упрыгажэннi таксама раблю сама. Мiша! — клiча Таццяна сына Мiхаiла, — растапi мне какава-масла!

Юнак нядаўна застаўся без працы. Ён быў юрыстам на прадпрыемстве, але з iм не перазаключылi кантракт. Пакуль Мiхаiл шукае новую працу, мацi карыстаецца магчымасцю аблег­чыць дзякуючы яму свае хатнiя клопаты.

— Пакуль вось так накруцiшся на калясцы па кухнi — халадзiльнiк, шафы, стол, пыласос — потым рук не чуеш. Пабачце, якiя я накачала сабе мускулы за два гады!

I Таццяна з усмешкай дэманструе мышцы на руках. Яны i сапраўды выклiкаюць павагу. А за першым пачуццём прыходзiць вялiкi смутак.

— Нiколi не думала, што калi-не­будзь буду штодзень пячы торты. Кулiна­рыць любiла заўсёды. Мой тата гатаваў так, што больш смачнай ежы я нiдзе не спрабавала. Можа, перадалiся нейкiя здольнасцi. Хiба думала, што буду гэтым зарабляць на жыццё?

Муж i сын беглi за каталкай

Усё жыццё да трагедыi яна займалася выкладаннем матэматыкi, потым была намеснiкам дырэктара. Вучнi, дакументы, планы — увесь гэты кругаварот быў для яе сэнсам iснавання. Сын вырас, з мужам адносiны — на зайздрасць усiм, таму любiмай справе жанчына магла аддавацца цалкам.

У той восеньскi дзень, пасля якога звычайнае жыццё засталося ў мiнулым, Таццяна з калегамi адзначала дзень настаўнiка. Пасядзелi крыху ў кафэ ў цэнтры Гомеля, потым выйшлi прайсцiся па Савецкай.

I тут на трох настаўнiц наляцеў аўтамабiль.

— Першымi, хто лiтаральна прарваўся ў рэанiмацыю, былi мае выпускнiкi. Маладыя, гарачыя. Яны крычалi: «Пусцiце нас да Таццяны Львоўны, iнакш мы будзем пiсаць скаргi!»

Але да скаргаў не дайшло. Наадварот.

— Я вельмi ўдзячная ўрачам Гомельскай абласной клiнiчнай бальнiцы. Калi б я не трапiла адразу туды ў нейрахiрургiчнае аддзяленне, прычым да самага лепшага хiрурга, то не ведаю, цi выжыла б. Быў моцны крывацёк. Тады было не да ног — ратавалi жыццё. Муж i сын беглi па калiдоры за каталкай, на якой мяне везлi ў рэанiмацыю, па крывавым ручаi. Аперацыя доўжылася амаль 5 гадзiн. Для маiх родных гэта было самае доўгае i пакутлiвае чаканне. У сябе я прыйшла праз суткi — якраз у той дзень было пахаванне маёй сяброўкi i калегi, якая загiнула ў гэтай аварыi.


Паўжыцця ў трэнажорнай зале

Пасля аварыi ў жыццi Таццяны з’явiлiся людзi, аб якiх яна раней не ведала. Тыя, для каго няма чужой бяды.

— Мне вельмi дапамагалi простыя людзi. Не толькi мае калегi з гiмназii, дзе я працавала, але i абсалютна чужыя. I ўся дапамога прыходзiла дзякуючы агалосцы маёй сiтуацыi ў СМI. Такiм чынам атрымалася ўладкаваць два электрапад’ёмнiкi. Дапамагалi i з набыццём сродкаў рэабiлiтацыi.

А iх гамяльчанцы патрэбна шмат. Займацца неабходна штодня — iнакш нават мiнiмальныя навыкi знiкнуць, а мышцы будуць хутка атрафiравацца.

— Я вам зараз пакажу маю трэнажорную залу, — запрашае Таццяна. — За гэтымi заняткамi праходзiць палова майго жыцця.

Ад позiрку на прыстасаваннi, якiя дапамагаюць Таццяне ў рэабiлiтацыi, становiцца балюча. Насупраць уваходу — два вертыкалiзатары. З iх дапамогай жанчына iмiтуе хаду. Самастойна iмi карыстацца немагчыма — замацаваць цела ў гэтай складанай канструкцыi атрымлiваецца толькi са старонняй дапамогай.

— I вось так я хаджу з пакоя ў пакой. Гадзiну ранiцай, гадзiну ўвечары. Яшчэ да мяне некалькi разоў на тыдзень прыходзiць iнструктар.

Убаку прытулiлiся рознага калiбру артэзы. Гэта такiя гарсэты, якiя трэба мацаваць на ногi — i тут таксама не справiцца самастойна.

— Я ў артэзах хаджу нават па вулiцы. Па выхадных мы з мужам ездзiм на прагулкi. I калi надвор’е добрае, то мне на­дзяваюць iх на ногi, рукамi абапiраюся на вось гэтыя хадункi i так рухаюся. Мае ногi не страцiлi адчувальнасцi. I нiхто не ведае — нi я , нi медыкi — добра гэта цi дрэнна. Калi я станаўлюся на iх, то каленкi не трымаюць цела i ногi iмгненна падкошваюцца. Але я iмкнуся не страчваць веры i аптымiзму. I нават маю планы на будучыню.

Быць патрэбнай людзям

Мары ў Таццяны розныя.

— Зразумела, самая галоўная — стаць на ногi. Але цi будзе гэта — нiхто не ведае. Яшчэ я мару адкрыць сваю кулiнарыю. Мне вельмi цяжка штодня завiхацца з тортамi — стамляюся. Але ж справу кiдаць не буду. I калi б знайсцi памяшканне, навучыць людзей i толькi кантраляваць працэс — гэта было б добра. Я б таксама магла пячы, але тады разумела б, што i без мяне справа не стане. Я мару быць заўсёды патрэбнай людзям, каб мой тэлефон не змаўкаў, як i раней.

Ёсць у Таццяны i яшчэ адна мара: побач з яе домам неабсталяванае парковачнае месца для iнвалiдаў. Патрэбны знак i разметка. Пакуль яе праблема не вырашана.

Прарочыя сны

Таццяна кажа, што нiякiх дрэнных прадчуванняў у яе да фатальных па­дзей не было. Але ж хатнiя справы ў той дзень быццам спецыяльна замаруджвалiся, зацягвалiся. Жанчына вельмi перажывала, што спознiцца на сустрэчу з сяброўкамi. А пасля аварыi знаёмыя сталi расказваць аб трывожных снах, у якiх бачылi Таццяну.

— Я столькi раз думала, цi магла нешта зрабiць, каб гэтага не адбылося? Мяне гэтыя думкi спачатку проста знiшчалi. Потым я пазнаёмiлася з жанчынай, якая дапамагла прывесцi мой стан у адносна нармальны. Я змагла змiрыцца i прыняць тое, што адбылося. Але адно мяне вельмi засмучае: тэлефон маўчыць. Я прывыкла, што заўсёды была патрэбнай. Званкi раздавалiся адзiн за адным. Калегi, вучнi, iх бацькi — я 24/7 была на сувязi. А зараз — цiшыня. Разумею, што ў кожнага — сваё жыцце, але ж пакуль прыняць такiя сацыяльныя змены вельмi цяжка.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter