Яна: каханне і вясна

Вядомыя мужчыны краіны віншуюць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з 8 Сакавіка і чытаюць ім вершы

Вядомыя мужчыны краіны віншуюць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва з 8 Сакавіка і чытаюць ім вершы

За стогадовую гісторыю Міжнароднага жаночага дня роля жанчыны ў грамадстве значна ўзрасла. Калі ў пачатку мінулага стагоддзя ім даводзілася праводзіць мітынгі, патрабуючы скарачэння працоўнага дня і роўных умоў аплаты працы з мужчынамі, то сёння той факт, што жанчына зарабляе ў разы болей за свайго мужа, нікога не здзівіць. Прычым і ролю маці, гаспадыні для паспяховай у кар’еры здабытчыцы ніхто не адмяняў. Так і круцяцца сучасныя жанчыны, як у коле вада, але час ад часу ўсё ж задумваюцца пра славутае простае жаночае шчасце. Менавіта аб яго складніках карэспандэнт “НГ” распытала вядомых мужчын Беларусі. Бясспрэчна, шмат у чым менавіта ад мужчын яно і залежыць.

Алег РУМО, кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак:
— Жанчыны Беларусі — сапраўдны гонар нацыі. І нам, мужчынам, трэба яшчэ шмат працаваць для таго, каб з імі зраўняцца. У навуцы, гісторыі, культуры, мастацтве Беларусі значнае месца займаюць дасягненні жанчын. Да таго ж жанчына — прадаўжальніца чалавечага роду на Зямлі. Яна, як царыца-вясна, дае пачатак усяму жывому... Мужчынам трэба шанаваць і любіць жанчын штодзень, а свята 8 Сакавіка — усяго толькі яшчэ адна нагода прызнацца ім у каханні.

“Няхай гэтая вясна прынясе вам, дарагія жанчыны, мноства ўсмешак, цяпла, дабрыні!”

Аляксей ДУДАРАЎ, мастацкі кіраўнік Драматычнага тэатра Беларускай арміі, драматург, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі:
— Беларускія жанчыны самыя прыгожыя ў свеце! Нам, беларусам, таму і зайздросцяць, бо прыгажосць нашых жанчын — сапраўдны гонар Беларусі. Мяркую, што і самі жанчыны асэнсоўваюць сваё простае шчасце. Адзінае, напэўна, чаго ім не ўсім хапае, — гэта моцнага мужчынскага пляча побач з сабой. Такое адчуванне, што мужчыны дзесьці пахаваліся (смяецца. — Аўт.). Калі так і далей будуць сядзець, як мышы пад венікам, то беларускіх прыгажунь могуць вывезці з краіны замежныя жаніхі.

“Жадаю ўсім беларускім жанчынам сапраўдных беларускіх мужчын!”

Дзядзя Ваня (Іван ВАБІШЧЭВІЧ), музыкант, спявак, артыст і шоўмэн:
Вобраз сучаснай жанчыны я склаў бы з такіх якасцяў, як упэўненасць у сабе, свабода выказвання сваіх пачуццяў. Паспяховая жанчына сёння давярае тым мужчынам, што знаходзяцца побач, і з удзячнасцю адгукаецца на клопат, увагу, любоў да сябе і будуе сваё жыццё так, як трэба ёй самой для шчасця. Таму хацелася б усім жанчынам краіны пажадаць поспеху ва ўсіх справах і, канешне, вялікага кахання.

“Мілыя жанчыны! Жадаю вам шчасця, поспеху ва ўсім, вялікага кахання!”

Уладзімір ГРОМАЎ, саліст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы, заслужаны артыст Беларусі:
— Сучаснай жанчыне, на мой погляд, усяго хапае для таго, каб адчуваць сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Іншая справа, што не кожная з іх гатовая да асэнсавання свайго шчасця. Днямі паўтараў урывак з арыі “Вайна і мір”, дзе ёсць такія словы: “Нужно верить в мечту и счастье, чтобы быть счастливым”.

“Жадаю беларускім жанчынам кожны дзень быць у добрым настроі, пускаць у свае думкі толькі пазітыў і верыць, што ўсё, пра што марыш, абавязкова спраўдзіцца!”

Уладзімір ГАСЦЮХІН, народны артыст Беларусі:
— Са святам 8 Сакавіка ўсё бліжэй адчуванне таго, што вясна ўжо зусім побач. Сонейка выглядае з яшчэ пакуль зімовых аблокаў, аднак светлавы дзень ужо значна пабольшыўся, і нагод для добрага настрою стала таксама больш. Да свайго свята жанчыны, як тыя птушачкі, стараюцца пачысціць свае пёркі, а мы, мужчыны, ламаем галаву над тым, што б такое падарыць, каб парадаваць іх. І ёсць у гэтай падрыхтоўцы нешта па-асабліваму светлае, цёплае, радаснае.

“Жадаю ўсім жанчынам адчування вясны ў душы, прыгажосці, здароўя, кветак, натхнення і мноства кампліментаў!”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter