Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук правёў маштабнае даследаванне “Беларусь-2030”

Якой бачыцца будучыня

Усе жадаюць, каб заўтра было лепш, чым учора. Але што трэба для гэтага зрабіць? Куды мы рухаемся як нацыя і да чаго хочам прыйсці? Адказы на гэтыя пытанні паспрабавалі даць беларускія навукоўцы. Нядаўна Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук правёў маштабнае даследаванне “Беларусь-2030”. Атрыманыя вынікі прааналізаваны ў кнізе “Беларусь на шляху ў будучыню: сацыялагічнае вымярэнне”.


Свае высновы навукоўцы рабілі на аснове вывучэння настрояў і спадзяванняў насельніцтва ў розных сферах жыцця. Дырэктар Інстытута сацыялогіі прафесар Ігар Катляроў растлумачыў гэта на шэрагу прыкладаў. Скажам, сёння нярэдка крытыкуюць нашу адукацыю. Але калі сацыёлагі апытвалі на гэтую тэму рэспандэнтаў, высветлілася, што, у прынцыпе, сістэмай адукацыі ўсе задаволеныя: і студэнты, і бацькі, і работадаўцы. Хоць праблем называлася мноства. Гэта нізкая зарплата, адсутнасць матывацыі, прэстыжу працы педагога і яшчэ з дзясятак прычын і фактараў, выяўленне і вырашэнне якіх дапамогуць зрабіць адукацыю значна лепшай.

Асабліва актуальна цяпер гучыць тэма магчымага павышэння пенсійнага ўзросту. Загадчыца аддзела Інстытута сацыялогіі Віялета Шухатовіч аперыруе дадзенымі папярэдніх апытанняў:

— На самай справе ўсе бачаць і ўсе ведаюць, які ўзрост выхаду на пенсію ў нашых суседзяў, усе ведаюць эканамічную сітуацыю ў краіне. Таму я скажу так: людзям не хацелася б гэтага павышэння, але яны з разуменнем ставяцца да таго, што пенсійны ўзрост паступова будуць павышаць.

Больш падрабязна Інстытут сацыялогіі мае намер вывучыць грамадскую думку па гэтым пытанні ў сакавіку.

Дарэчы, сёлета сацыёлагі плануюць шмат часу патраціць на вывучэнне так званага культурнага, або цывілізацыйнага, кода Беларусі. Справа ў тым, што кожная нацыя і дзяржава маюць свае гістарычныя, нацыянальныя і сацыякультурныя традыцыі ды асаблівасці. Але не ўсе ўмеюць імі спаўна скарыстацца.

Вось што гаворыць наконт гэтага Віялета Шухатовіч:

— Галоўная праблема нашай сацыяльнай палітыкі — гэта аптымальнае спалучэнне сацыяльнай абароны і развіцця. Механізмы абароны ў нас даволі развітыя і характарызуюць нашу краіну як цывілізаваную дзяржаву. Але вось рэсурсы развіцця задзейнічаны слаба.

Гаворка ідзе ў тым ліку пра тыя характарыстыкі, якія ўласцівыя нашай нацыі. Самі рэспандэнты адзначаюць, што беларусаў адрознівае наяўнасць такіх якасцяў, як дысцыплінаванасць, самапавага, справядлівасць, імкненне да прафесійнага развіцця, інавацыйнасць. Гэта салідны патэнцыял, які павінен працаваць на ўмацаванне дзяржаўнасці, упэўнены сацыёлагі.

Што ж датычыцца таго, якой будзе наша краіна праз 15 гадоў, то Ігар Катляроў агучыў такую выснову: гэта будзе незалежная квітнеючая дзяржава са спрыяльным прыродным асяроддзем, развітой навукай, адукацыяй і медыцынай. Амаль тры чвэрці нашых суграмадзян з аптымізмам глядзяць у будучыню і бачаць Беларусь-2030 дзяржавай справядлівасці, законнасці, правапарадку, партнёрства і адказнасці.

Яўген Конанаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter