Адразу ўсплываюць у памяці мае сустрэчы з вядомым мараплаўцам, які для мяне, журналіста-міжнародніка, даўно стаў яшчэ адным, восьмым, цудам свету.

Яхта “БЕЛАРУСЬ” для Фёдара Конюхава

 Адразу ўсплываюць у памяці мае сустрэчы з вядомым мараплаўцам, які для мяне, журналіста-міжнародніка, даўно стаў яшчэ адным, восьмым, цудам свету.


Наша знаёмства было выпадковым, разгаварыліся ў чарзе аднаго з маскоўскіх банкаў. Абодва тады былі захоплены мастацтвам. Але гэтага было дастаткова, каб пасябраваць. У 2004 годзе задумалі, а праз некалькі гадоў разам пачалі рыхтаваць пятую кругасветную экспедыцыю вакол зямнога шара на 53-метровай мега-яхце “Беларусь”. Планавалі таксама прайсці праз Аўстралійскі кантынент пад дзяржаўным флагам Беларусі. 

Падчас экспедыцыі сярод іншага планавалася правесці маніторынг навакольнага асяроддзя з дапамогай малагабарытнай аўтаматызаванай апаратуры, размешчанай на яхце. У прыватнасці, даследаваць атмасферу, а таксама ступень заражэння вод нафтавымі і радыеактыўнымі адходамі.
На жаль, сёння ўжо мала хто памятае аб тым пачынанні. Хіба што чыноўнікі тагачасных урада, парламента і спартыўнага камітэта, якія ўзгаднялі і падпісвалі паперы для прасоўвання гэтага праекта. У прыватнасці, тады нас падтрымаў старшыня Камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па інфармацыйнай палітыцы Валерый Драко. З боку Расіі праект падтрымалі Інстытут акіяналогіі і акіянаграфіі.

Была прароблена грандыёзная работа. Створаны расійска-беларускі Савет экспедыцыі, вызначаны парты, якія павінна была наведаць яхта, выпрацавана праграма камерцыйнай эксплуатацыі судна пасля завяршэння “кругасветкі”. Дарэчы, яхта павінна была застацца ў Беларусі.
На жаль, па шэрагу прычын гэтага не адбылося.

Аднак Фёдар захаваў сваю любоў да Беларусі: “Усім сэрцам люблю Беларусь. Тут я вучыўся ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы. Радуюся, што краіна сёння — сімвал міралюбнасці і яднання брацкіх народаў”. Гэтыя словы ён сказаў год назад, адкрываючы выставу сваіх карцін у Мінску. Ганарар ад прададзеных работ падарожнік аддаў на будаўніцтва Храма Богаяўлення, які ўзводзіцца сёння ў мінскім мікрараёне Лошыца. На адкрыцці выставы ён чарговы раз выказаў надзею, што яму ўсё ж удасца пранесці флаг Беларусі праз увесь зямны шар.

Аўтарытэт краіны ў свеце сёння расце. Успомнім бліскучыя перамогі беларускіх спартсменаў у Сочы, паспяховы чэмпіянат свету па хакеі, міратворчую місію — Мінскае пагадненне аб спыненні агню ў дзвюх усходніх абласцях Украіны, актыўны ўдзел у стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза.

— Першы крок — заўсёды самы цяжкі. Трэба было дамагчыся разумення і адабрэння ўсіх бакоў: краіны, пад сцягам якой пройдзе кругасветка, арганізатараў і выканаўца ў асобе Фёдара Конюхава, — лічыць адзін з ініцыятараў ідэі, член федэральнага экспертнага савета пры Урадзе Расіі Анатоль Харламаў. — І мы ўсё гэта зрабілі. У сувязі з гэтым я заўсёды нагадваў калегам па праекце словы майго дзядзькі, зоркі расійскага хакея Валерыя Харламава: “Кожная шайба ў варотах саперніка набліжае нас да перамогі”. І цяпер, праз восем гадоў, успамінаючы забыты праект, мы верым, што перамога будзе за намі і мара падарожніка абавязкова ажыццявіцца. 

Аляксандр Іваноў 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter