Якая яна, нацыянальная драматургія ў класічным інтэр’еры

Восемдзесят сёмы сезон Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа распачынае з новым мастацкім кіраўніком — дырэктарам Валерыем Анісенкам.

Восемдзесят сёмы сезон Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа распачынае з новым мастацкім кіраўніком — дырэктарам Валерыем Анісенкам. Гледача чакаюць не толькі новыя пастаноўкі — прыемныя перамены адбываюцца і ў самім тэатральным доме.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь прафесар Валерый Анісенка прынёс у тэатр дух захаплення творчасцю, зарыентаваў акцёраў на няспынную работу над тымі праектамі, якія будуць запатрабаваныя тэатральнай публікай.

— Я сказаў неасцярожна, але свядома, бо ў гэтым перакананы, — тэатр павінен зарабляць грошы. Гэта камбінат, які мусіць выдаваць высакаякасную прадукцыю, — гаворыць Валерый Данілавіч.

Мастацкі кіраўнік прыцягнуў следам за сабой маты для фізічнай падрыхтоўкі акцёраў да прэм’ернай пастаноўкі “Песні ваўка”. Тэатр без пластыкі, на думку дырэктара, губляе адчуванне жывой сучаснасці, і гэта недаравальна. Прэм’ерны паказ адбудзецца ў канцы верасня і пачатку кастрычніка. Але заняткі пластыкай для трупы ўжо ўвайшлі ў норму.

Камерная сцэна коласаўцаў пераязджае ў новую малую залу. Фае на другім паверсе стала свабодным, і галоўны мастак тэатра Святлана Макаранка пастаралася надаць яго інтэр’еру святочнасці і ўрачыстасці.

— Тут мы адкрываем тэатральную гасцёўню, — гаворыць Валерый Анісенка. — Да 130-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі рыхтуем “Вечар-ушанаванне Якуба Коласа”. Пастаноўкай займаецца рэжысёр тэатра Міхась Краснабаеў. Мяркуем ладзіць сапраўдны баль.

Дарэчы, у новым сезоне Міхась Краснабаеў пачынае працу над галоўным нацыянальным спекталем “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Коласаўцы з асаблівым імпэтам і любоўю ставяцца да творчасці Уладзіміра Караткевіча і спадзяюцца, што на спектаклі будзе аншлаг. Ёсць дамоўленасць, што музыку да пастаноўкі напіша Сяргей Картэс.

Але распачнецца прэзентацыя тэатральнай гасцёўні з выхаду мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенкі 25 кастрычніка ў монаспектаклі “Прызнанне”. Ён з’яўляецца аўтарам, пастаноўшчыкам і выканаўцам лістоў і песень кахання.

— Такім чынам я выклікаю агонь на сябе, — дзеліцца Валерый Анісенка. — Бо хачу, каб тут бруіліся крыніцы жыцця.

У кастрычніку чакаецца прэм’ерная пастаноўка да юбілею народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной — трагіфарс “Візіт дамы” Фрыдрыха Дзюрэнмата. У снежні  — бенефіс заслужанай артысткі Таццяны Ліхачовай “Лабараторыя кахання” ў пастаноўцы Юрыя Пахомава.

— Мы мяркуем прыцягнуць у тэатр сур’ёзнага гледача. Калі хочам быць актуальнымі і сучаснымі, трэба ўздымаць праблемы, якія хвалююць людзей, — упэўнены дырэктар.

У планах кіраўніка — стварыць цікавы тэатральны фестываль пад адкрытым небам на базе музея-сядзібы І. Рэпіна “Здраўнёва”. “Макбет” у інтэр’еры палатак і салдацкай кухні абяцае новую інтрыгу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter