Як злога Цмока “перавербавалі” ў добрага Цімоха

ЯК АДНАЧАСОВА прарэкламаваць сваю прадукцыю, прывабіць турыста, распавесці яму і нагадаць месцічам, што такое беларускасць, што наш адметны лад — весяліцца? Арганізатары і фундатары незвычайнага — ужо другога па ліку — “Цукеркавага фэсту” ў слынным Івянцы, што на Валожыншчыне, у мінулую суботу досыць паспяхова лавілі адразу некалькі зайцаў...

Другі “Цукеркавы фэст” у Івянцы: местачковы побыт — салодкае жыццё?

ЯК АДНАЧАСОВА прарэкламаваць сваю прадукцыю, прывабіць турыста, распавесці яму і нагадаць месцічам, што такое беларускасць, што наш адметны лад — весяліцца? Арганізатары і фундатары незвычайнага — ужо другога па ліку — “Цукеркавага фэсту” ў слынным Івянцы, што на Валожыншчыне, у мінулую суботу досыць паспяхова лавілі адразу некалькі зайцаў...

...На рэштках колішняй сядзібы пана Драгунцава ладзілі нефармальны фэст. Яго галоўным фундатарам выступала вядомае СП “Іўкон”, так што салодкі прысмак літаральна быў гарантаваны. І не толькі! Да маляўнічай дзеі далучыўся Івянецкі музей традыцыйнай культуры, што забяспечыла патрэбны антураж — па словах музейшчыкаў, нічога экстраардынарнага прыдумваць не прыйшлося. Менавіта так жыло некалі мястэчка Івянец. Бо тып селішча — адметны: і не вёска, і не горад, а нешта сваё, арыгінальнае! Акрамя цукеркі, яшчэ адной “фішкай” фэсту, што зусім лагічна, стала мясцовая кераміка. Як высветлілася, акрамя вядомага прадпрыемства па выпуску ўсялякіх там гаршкоў, ваз, сувеніраў і г. д., у Івянцы зараз працуюць і жывуць са свайго заробку “аж” тры прыватныя ганчары... Бяру ў двукоссе, бо, калі шчыра, было адчувальна — такой колькасці рамеснікаў аказалася проста недастаткова, каб задаволіць патрэбу гасцей “Цукеркавага фэсту” па набыцці сувеніраў. Арыгінальных, менавіта з гэтай мясцовасці! Не купляць жа кітайскую шырпатрэбшчыну, якая месцілася побач са столікамі нешматлікіх ганчароў, ткачоў, майстрых, што прапаноўвалі біжутэрыю сапраўды адмысловага кшталту — з гліны, бісеру, медзі...

А пачаўся Другі “Цукеркавы фэст” маляўнічым шэсцем ад плошчы Свабоды, цэнтра пасёлка, да сядзібы Драгунцава. Сапраўды, як і абяцалі фундатары, арганізатары, не было доўгіх прамоў “на адкрыццё”. Затое ўвесь шлях напоўнены тэатралізаванымі сцэнкамі, што распавядалі пра барацьбу за салодкае жыццё са злым Цмокам ды іншымі прадстаўнікамі цёмных сіл. Разам з гледачамі шукалі Цукерку Шчасця, не давалі Цмоку аніякай магчымасці завалодаць Ключом ад Шчаслівага Жыцця... Тут і там кружыўся Жар-Птах, а галоўнага ворага — Цмока — у рэшце рэшт “перавербавалі” ў добрага саюзніка і нават далі новае імя — Цімох...

Забавы каля сядзібы — у беларускім нацыянальным каларыце: з русалкамі, карагодамі, дэманстрацыяй нацыянальных строяў. Можна было палюбавацца, да прыкладу, як выглядалі колішняя заможная сялянка са Случчыны, нявеста з Улы, што на Віцебшчыне... Праўда, крыху шкада было — дэгустацыя цукерак ад галоўнага фундатара фэсту вымусіла музейшчыкаў часова закрыць майстэрню каваля, якая звычайна адкрытая для турыстаў і працуе “ў натуры”. Але ж гэты недахоп кампенсаваўся магчымасцю патанчыць пад беларускія і нават кельтскія мелодыі, паслухаць родную мову, песні на ёй. Згадзіцеся, сёння зрабіць гэта ў глыбінцы, як ні парадаксальна, можна вельмі рэдка! Усё часцей мову “завозяць” туды разам з такімі вось фэстамі. Зрэшты, івянецкі “Цукеркавы...” стаіць у гэтым шэрагу асобна, бо ініцыятыва ў дадзеным выпадку — мясцовая, хай і не без камерцыйна-рэкламнага падтэксту...

Іна ГАРМЕЛЬ, “БН”

Фота Руслана ГАРМЕЛЯ

АД РЭДАКЦЫІ. Хутка ў спецвыпуску “Белорусская мельница” — аналітычны артыкул пра тое, што нясуць фэсты ў глыбінку і чаму іх пакуль не так шмат...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter