Як жывецца зялёнаму сябру

Як Беларусі пераадолець галоўныя цяжкасцi лясной гаспадаркі?

Якім чынам у Беларусі магчыма пераадолець галоўныя цяжкасцi лясной гаспадаркі?

Стратэгічны рэсурс Беларусі — менавіта так называюць нашы лясы, бо іх роля ў нацыянальнай эканоміцы выключная. Лес дае нам багатыя матэрыяльныя рэсурсы: прадукцыю паляўнічага промыслу, самую розную драўніну, харчовыя прадукты, лекі. Яшчэ лес — гэта адпачынак і турызм. У сучасных эканамічных умовах драўніна набывае ўсё большую значнасць як сыравіна і энерганосьбіт. Таму рацыянальнае і комплекснае выкарыстанне ўсіх рэсурсаў у многім вызначае цяпер, а ў будучым — яшчэ больш сацыяльны дабрабыт і эканамічную бяспеку Беларусi. Пра стан і найбольш актуальныя праблемы лясной гаспадаркі нашай краіны ў гутарцы з карэспандэнтам «Р» расказаў рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта прафесар Іван ЖАРСКІ.

Рубкі — строга па тэхналогіі

— Іван Міхайлавіч, якая сёння сітуацыя ў лясах Беларусі?

— Назаву толькi адну лiчбу. Лясістасць тэрыторыі Беларусі — амаль 39 %. З павелічэннем агульнай плошчы ляснога фонду ўзрастае доля прыспяваючых, спелых і перастойных дрэвастояў. Планамернае рэгуляванне аб’ёмаў рубак галоўнага карыстання дало магчымасць павялічыць агульны запас наса¬джэнняў больш чым у паўтара разы. Пры гэтым запасы спелай драўніны дасягнулі амаль 200 мільёнаў кубаметраў.

У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя доля спелых лясоў у нас складала крыху больш за 2 %. Сёння гэтая велічыня наблізілася ўжо да 10 %. Такое стала магчымым дзякуючы мэтанакіраванай дзейнасці лесаводаў. Паляпшаецца і якасны стан ляснога фонду. Пастаянна ствараюцца новыя лясныя насаджэнні — як натуральным спосабам у выніку розных відаў несуцэльных вырубак, так і селекцыйным пасяўным і пасадачным матэрыялам.

— У наш час людзі надзвычай актыўна ўмешваюцца ў прыроду. Як гэта ўплывае на лес?

— Чалавек не можа не карыстацца ўсім тым, што дае лес. І калі ў аснове такой работы высокая адукаванасць, экалагічныя прынцыпы, то яна прынясе лесу толькі карысць. Напрыклад, паглядзім, як у нас праводзіцца самае распаўсюджанае лесагаспадарчае мерапрыемства — рубка. Лесаводы займаюцца ёю практычна кожны дзень, у любую пару года. Дык вось, калі ўлічваюцца адпаведныя нарматывы, ніякай шкоды лесу не будзе. Але ж, дапусцім, перавышана інтэнсіўнасць рубкі, зніжана менш дапушчальнай паўната дрэвастою, вырублены лепшыя дрэвы і пакінуты слабыя. Канешне, такі падыход вельмі негатыўна паўплывае на далейшы стан лясной экасістэмы.

Пытанне ў тым, якія ж рубкі з усіх іх відаў найбольш экала¬гічныя. Безумоўна, несуцэльныя, яны дазваляюць вырошчваць маладое пакаленне лесу пад аховай мацярынскага дрэвастою. Тым самым можна зберагчы землі ляснога фонду ў лесапакрытым стане. Мы даём магчымасць лясам пастаянна выконваць свае карысныя функцыі. Да таго ж зменшым аб’ёмы лесавырошчвання, будуць фарміравацца лясы натуральныя.

Надзвычай важна строга захоўваць і самую тэхналогію рубак. Гутарка ідзе пра рэгуляванне размеру лесасек, агульнай плошчы, тэхналагічных элементаў, максімальнай вышыні пнёў, параметраў куч і валоў парубачных рэшткаў. А сезоннасць лесанарыхтовак? Ад яе таксама залежыць захаванасць ляснога асяроддзя. Менш вывозіцца нарыхтаваная драўніна ранняй вясною і восенню. На тых участках, дзе вільготная глеба, пажадана нарыхтоўка лесу ўзімку, пасля прамярзання грунту.

Роля навукi

— Іван Міхайлавіч, ці дастаткова нашы лясы абаронены? Якая тут роль навукі, наколькі дасканалае існуючае заканадаўства?

— Менавіта вучоныя павінны прапаноўваць грамадству такі алгарытм дзеянняў, які дазволіць і захаваць натуральныя лясныя экасістэмы, і ў той жа час задаволіць нашы матэрыяльныя і іншыя патрэбы. Лясная гаспадарка Беларусі рашае важныя задачы. Гэта ахова лясоў ад пажараў, абарона іх ад шкоднікаў і хвароб, а таксама радыяцыйная бяспека. Барацьба з пажарамі ў сістэме Мінлясгаса — непасрэдны функцыянальны абавязак дзяржаўнай лясной аховы, у якой занята звыш 13 тысяч чалавек.

У нашых лясах часта шалелі ўраганныя вятры, іх сушыла неміласэрная спякота, масава размнажаліся насякомыя-шкоднікі. Варта адзначыць, што звыш 21 % лясных тэрыторый забруджана радыёнуклідамі. Таму актуальная праблема для лясной гаспадаркі — павышэнне ўстойлівасці лясоў да розных негатыўных уздзеянняў. Абараняюць іх ад шкоднікаў і хвароб пры дапамозе лесаахоўных мерапрыемстваў: лесапаталагічнага маніторынгу, прафілактычных, санітарна-аздараўленчых і іншых мер.

З задавальненнем адзначу, што вучоныя нашага ўніверсітэта актыўна ўдзельнічаюць у шэрагу буйных дзяржаўных праграм, у тым ліку ляснога профілю. Асноўная іх мэта — прапанаваць найбольш аптымальныя спосабы гаспадарання ў лесе. Назаву хаця б такія дзяржаўныя праграмы, як «Прыродна-рэсурсны патэнцыял», «Лясы Беларусі — прадуктыўнасць і ўстойлівасць». Па другой наш універсітэт вызначаны як галоўная арганізацыя-выканаўца. Добра ў рэспубліцы развіта лясная навука. У сістэме НАН Беларусі, напрыклад, функцыяніруе Інстытут лесу, які знаходзіцца ў Гомелі. Самыя разнапланавыя даследаванні лясных экасістэм праводзіць Інстытут эксперыментальнай батанікі.

Бяда — засыхаюць ельнікі

— На жаль, мы пакуль не можам сказаць, што лясныя экасістэмы ў Беларусi знаходзяцца пад абсалютнай аховай. Дастаткова хаця б напомніць даволі сур’ёзную праблему засыхання ельнікаў і ясеневых лясоў. Як магчыма яе вырашыць?

— Гэтыя непажаданыя з’явы назіраюцца не толькі ў нас, але і ў іншых краінах Еўропы. Яны характарызуюцца складанай мнагафактарнай абумоўленасцю, што патрабуе прыкладання сіл як практыкаў, так і навуковых работнікаў розных накірункаў. Што датычыць заканадаўства, дык дзеючы Лясны кодэкс рэгулюе ўсе асноўныя працэсы ў гэтай галіне. Варта адзначыць, што ў нашым універсітэце ў вучэбныя планы ўключана дысцыпліна «Асновы ляснога права». Яна дазваляе сфарміраваць неабходны ўзровень прававых ведаў і культуры ў тых, хто будзе займацца прафесійнай дзейнасцю ў галіне.

Адметнасць лясной гаспадаркі — яе мнагапрофільнасць. І ўсё ж у канчатковым выніку яе паспяховае функцыянiраванне вызначаецца станам лясных насаджэнняў, іх пародамі і ўзроставай структурай. На жаль, тут не ўсё добра. Так, напрыклад, далёкая ад аптымальнай плошча, якую займае наша галоўная лесаствараючая сасновая парода, — каля палавіны, у той час як павінна яна складаць не менш як 60 %.

Надта турбуе сітуацыя з ялінай. Штогод вырубаюцца значныя плошчы засыхаючых ельнікаў. Даволі часта на іх затым фарміруюцца менш каштоўныя мяккалісцевыя лясы, дзе ў асноўным бяроза і асіна.

А беларускія дубровы? Раней тураўскія, мазырскія, буда-кашалёўскія былі вядомы далёка за межамі нашай краіны. Цяпер жа маем толькі рэшткі былой велічы і прыгажосці — плошча дубовай фармацыі зменшылася ў параўнанні з пачаткам мінулага стагоддзя амаль у 2,5 раза. Па-ранейшаму злабадзённай праблемай застаецца незбалансаванасць узроставай структуры. У лесаводстве ёсць паняцце «нармальны лес», калі маецца на ўвазе прыкладна аднолькавае прадстаўніцтва насаджэнняў розных узроставых груп. На жаль, сёння мы не можам сказаць, што лясы Беларусі адпавядаюць тэорыі нармальнага лесу.

— Нашым лясам патрэбны не толькі высокакваліфікаваныя спецыялісты, але ж і дбайныя гаспадары. Людзі, якія адносяцца да нашага зялёнага сябра з вялікай любоўю і шчырасцю. Якая тут роля вашага ўніверсітэта?

— Увесь кіруючы склад лесагаспадарчай галіны — выпускнікі нашага ўніверсітэта. Менавіта той багаж ведаў, які атрымалі яны ў альма-матар, і ёсць аснова, што дазваляе вызначаць тактыку і стратэгію развіцця лесагаспадарчай вытворчасці. Прычым на ўсіх іерархічных узроўнях — ад міністра да памочніка ляснічага. Ад таго, наколькі гэтая дзейнасць эфектыўная, у многім залежыць стан спраў амаль на 40 % тэрыторыі краіны.

Тут многае пачынаецца са студэнцкай навукі, развіваць жа яе на сучасным узроўні без адпаведнай базы ведаў немагчыма. А яны ў нашых студэнтаў, сапраўды, вельмі салідныя. І што надта важна — адпавядаюць сусветным стандартам. Лесагаспадарчы факультэт ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва з адпаведнымі і вельмі аўтарытэтнымі ВНУ Швецыі, Фінляндыі, Славакіі, Балгарыі, а таксама Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Львова.

Падкрэслю, што мы надаём самую сур’ёзную ўвагу эканамічнай адукацыі інжынерных кадраў для лясной гаспадаркі. І нашы выпускнікі, якія атрымліваюць адпаведную спецыялізацыю, надзвычай запатрабаваны ў арганізацыях ляснога комплексу. Яны адразу ж адаптуюцца да працы і гатовы вырашаць самыя складаныя задачы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter