Как старейшая жительница деревни Огородники корову от немцев спасала

«Як жывая засталася, не ведаю, але кароўку сваю забрала»

Дзяўчынка-падлетак не толькі адна трох братоў у вайну зберагла, але і карміцельку сваю ў паліцаяў адбіла

Агароднікі — адна з найбольш аддаленых ад райцэнтра вёсак у Калінкавіцкім раёне. Але нездарма ж кажуць, што чуткамі зямля поўніцца. Так і да нас дайшла інфармацыя, што ў гэтым населеным пукце засталася адзіная сведка Вялікай Айчыннай вайны — 98-гадовая Алеся Іванаўна Захаранка. А гісторыю пра тое, як дзяўчына Алеся хадзіла ў Юравічы забіраць у паліцаяў сваю кароўку-карміцельку, каб тая не дасталася акупантам, ведае кожны дарослы жыхар вёскі.


У Агародніках Алесю Іванаўну ўсе завуць цёткай Алесяй. Хаця на самай справе бацькі назвалі яе Аляксандрай.

— Алеся ці Аляксандра — называйце мяне, як вам падабаецца. Я не пакрыўджуся, — усміхаецца размоўца, якая і ў такім паважаным узросце захавала добрую памяць. Асабліва бабуля памятае ваенны час.

У школу не хадзіла, расла сіратой з трыма малодшымі братамі на руках. Іх маці Ганна памерла яшчэ да вайны, а бацька Іван Яраш загінуў на фронце.

— Яго прызвалі адразу, як толькі пачалася вайна. Памятаю, як мы выбеглі за ім на вуліцу, а ён адвярнуўся, хавае позірк, баіцца паглядзець на нас. Толькі сказаў суседзям: «Глядзіце маіх дзяцей…» І пайшоў, нават не азірнуўся, — успамінае Алеся Іванаўна. — Больш мы яго ніколі не бачылі і ніякіх звестак пра яго не было. Загубіла бацьку вайна...

Мне стала цікава, што ж здарылася з Іванам Навумавічам, і я паспрабавала пашукаць звесткі аб ім на сайтах «Памяць народа» і «Подзвіг народа» ў электронных банках дакументаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Сярод узнагароджаных Івана Яраша з Агароднікаў няма. А вось сярод загінуўшых і прапаўшых без вестак ёсць запіс пра тое, што Іван трапіў у палон, знаходзіўся ў шталагу 352 у Масюкоўшчыне і памёр ад знясілення 14 сакавіка 1942 года.

Так што Алеся Іванаўна правільна сказала — вайна яго загубіла. Усяго ж з вайны дадому не вярнуліся 74 жыхары Агароднікаў. А ў кастрычніку 1941 года ў вёсцы было расстраляна 20 мясцовых жыхароў, сярод якіх былі старыя, жанчыны і дзеці.

У маі 1943 года экспедыцыя карнікаў спаліла суседні пасёлак Леніна, які налічваў 49 двароў. А перад адступленнем з Агароднікаў і хутара Малыя Вадовічы сагналі каля 200 галоў буйной рагатай жывёлы.

— Не раз у нашу хату заходзілі немцы, гергеталі нешта на сваёй мове, шукалі яйкі, сала. Мы ад іх у лесе хаваліся. А аднойчы прыйшлі, а нашай кароўкі на дварэ няма — забралі карміцельку. Суседзі казалі, што статак пагналі ў Юравічы. Я кажу суседцы: «Пайшлі, баба, шукаць каровак». А яна мне: «Ты што, дурная? Жыць не хочаш?» А я ўсё роўна пайшла. Прыйшла на Юравіцкую гару і чую — карова мая мыкае, па голасе яе пазнала. Я іду на голас, а яна ў двары, за варотамі. А па вёсцы немцы ходзяць, паліцаі. Я нырк у той двор, убачыла сваю карову, загаласіла: «Кароўка-кароўка мая, як цябе замкнулі тут...», — распавядае Алеся Іванаўна. — Бачу, дзед з суседняга двара ў шчылінку плота спуджана на мяне пазірае. А тут і паліцаі выйшлі. Пачалі пытаць, чыя я, адкуль прыйшла. Я кажу: «Карова мая тут, таму і прыйшла. Сірата я з Агароднікаў, Івана Навумавага дачка». Адзін з іх паглядзеў на мяне, а я малая, худая, на выгляд падлетак яшчэ, і кажа другому: «Аддай ёй карову». Як жывая засталася, не ведаю, але кароўку забрала — аддалі сіраце. Я з галавы хусцінку зняла, карове на рог прывязала і павяла. Потым той дзед выйшаў і ціхенька кажа: «Не ідзі шляхам. Сустрэнуць — забяруць карову, а цябе заб'юць. Бачыш лес? Ідзі лясной сцежкай. Павернеш направа і прыйдзеш у сваю вёску». Так я і пайшла. Вяла карову за рог да самых Агароднікаў, баялася зноў яе згубіць.

Расказала Алеся Захаранка і пра вялікі бой, які быў у тым жа годзе ў вёсцы:

— Мы сядзелі ў хаце, усё навокал грукацела, торф з балота ляцеў — свету не было відаць. Потым раніцай, калі ўсё сціхла, я выйшла на вуліцу. Бачу — ляжыць багата забітых салдат. Платы паломаныя, зямля снарадамі пабітая... Страх які! Не дай Божа такога! Горш вайны нічога няма!..

Так, 26 лістапада 1943 года былі вызвалены Агароднікі.

Пасля вайны Алеся Іванаўна выйшла замуж за франтавіка Аляксея Захаранку, які вярнуўся дадому без абедзвюх ног і з асколкам у спіне. Ужо пазней Аляксея Аляксандравіча ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

Чалавек мой быў хоць і на пратэзах, але па гаспадарцы ўпраўляўся лепш за здаровых. Сам гэты дом пабудаваў, — расказала Алеся Іванаўна. — Гаспадар ён быў добры, сыноў разам выгадавалі. Працавалі мы з ім у нашым калгасе імя Чапаева. Ужо 29 гадоў прайшло, як я заўдавела. Хавала яго ў той дзень, калі Прэзідэнта нашага Аляксандра Лукашэнку выбіралі. Я на выбары не патрапіла. Выбралі без мяне. І правільна зрабілі — Прэзідэнт наш самы лепшы. Дзякуй яму, што пра старых не забываецца, сацыяльных работнікаў нам дае.

Помняць пра матулю і сыны. Валодзя жыве ў Агародніках, Анатоль — у Калінкавічах. Цётка Алеся падлічыла, што ў яе чацвёра ўнукаў і сем праўнукаў. Не крыўдзіцца на іх, кажа, што адведваюць, дапамагаюць.

Для сваіх гадоў доўгажыхарка трымаецца малайцом. Гаспадаркі ў жанчыны ўжо няма, але бульбу і гэтай вясной пасадзіла. Тэлевізар цётка Алеся не глядзіць, а вось радыё слухае кожны дзень, хоча ведаць, што робіцца ў свеце, і дачакацца таго дня, калі, нарэшце, скажуць, што ў суседняй Украіне спынілася вайна.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter