Як здароўе, пушча?

Экалагічны маніторынг у Белавежскай пушчы будуць праводзіць на аснове спадарожнікавых дадзеных
Музей прыроды ў Белавежскай пушчыЭкалагічны маніторынг у Белавежскай пушчы будуць праводзіць на аснове спадарожнікавых дадзеных.

Геаінфармацыйную сістэму (ГІС) для маніторынгу і кіравання экасістэмамі, якая пачне выкарыстоўвацца ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча” з наступнага года, распрацоўваюць спецыялісты навукова-вытворчага прадпрыемства “Космааэрагеалогія”.

Навінка дазволіць удасканаліць метады назірання за прыроднымі комплексамі Белавежскай пушчы, кантраляваць нават яе цяжкадаступныя ўчасткі, аператыўна вызначаць шкоду, якую нано-сяць лясным насаджэнням моцныя вятры і ўраганы. З дапамогай ГІС спецыялісты змогуць аналізаваць усе змены экасістэм Белавежскай пушчы, атрымоўваць поўную інфармацыю пра раслінны свет нацпарка, у тым ліку пра відавы і ўзроставы склад яго лясоў і шчыльнасць дрэваў.
— Выкарыстанне геаінфармацыйнай сістэмы дасць таксама магчымасць выяўляць у лясных масівах хворыя дрэвы, — расказаў загадчык аддзела геадынамічнага маніторынгу і прыродна-рэсурсавых даследаванняў прадпрыемства Іван Цяшкевіч. —Такія даследаванні будуць праводзіцца пры дапамозе спектразанальных (каляровых) спадарожнікавых здымкаў.

Вывучэнне ляснога фонду пушчы будзе выконвацца на аснове высакаякасных касмічных здымкаў. Але спачатку іх тэматычна апрацуюць і дэшыфру-юць з выкарыстаннем найноўшых геаінфармацыйных тэхналогій. Раней назіранні за прыроднымі аб’ектамі Белавежскай пушчы вяліся з дапамогай аэрафотаздымкаў. “Космагеалагічныя метады даследавання значна пашыраць магчымасці вывучэння прыроднага асяроддзя нацыянальнага парку, дапамогуць больш дакладна ўсталёўваць заканамернасці і ўзаемасувязі паміж прыроднымі працэсамі, якія ў ім працякаюць”, — дадаў суразмоўца.

Нагадаем, што Белавежская пушча — адзін з найстарэйшых запаведнікаў у свеце. У 1992 годзе рашэннем ЮНЭСКА яна ўключаная ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. А ў 1998-м ёй нададзены статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі міжнароднага значэння. Працягласць нацыянальнага парку з поўначы на поўдзень — звыш 60 кіламетраў.

Вольга Бялова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter