З кожным днём хірургі ўсё больш сціраюць узроставыя межы

Якія вашы гады, пацыент

З кожным днём хірургі ўсё больш сціраюць узроставыя межы, калі размова заходзіць пра дапамогу пацыентам, а ў зводках навін розныя краіны літаральна б’юцца за рэкорды: маўляў, нават самыя старэчыя гады для радыкальных аперацый у нас не перашкода!



 З апошніх паведамленняў. У Новасібірску аперацыю на сэрцы зрабілі 100-гадовай бабулі, брытанскія ўрачы выразалі ракавую пухліну 99-гадовай бабульцы з Манчэстэра, а ў Днепрапятроўску пацыентцы, якая размяніла другое стагоддзе, прыйшлося прывыкаць да жыцця са штучным тазасцегнавым суставам. І такіх выпадкаў сотні! Толькі эндапратэзаванне ўжо выпрабавалі на сабе больш за 600 чалавек з розных куткоў планеты, кожны з якіх перасягнуў векавы рубеж. “Узроставых” рэкордаў сёння нямала і ў Беларусі. Усё часцей нашы хірургі бяруцца за выратаванне пацыентаў, якім далёка за 80, пра што іх настаўнікі ў прафесіі нават не марылі.

Паўтара года назад аперацыю на сэрцы 100-гадовай пацыентцы зрабілі і ўрачы Мінскай клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Бабуля паступіла з вострым інфарктам міякарда. Натуральна, старэчы ўзрост — няпростая ўмова для такой задачкі. Але ўрачэбны кансіліум вызначыў тактыку лячэння і даў дабро на аперацыю. У выніку зрабілі так званае стэнціраванне сасудаў сэрца, што дало магчымасць аднавіць нармальны крывацёк. Пасля аперацыі бабулю перавялі ў аддзяленне рэанімацыі ды інтэнсіўнай тэрапіі для кардыялагічных хворых, пазней у кардыялагічнае аддзяленне, а затым і зусім адправілі дадому. А ў пачатку ўжо гэтага года спецыялісты БХМД выратавалі 94-гадовую пацыентку дзякуючы рэнтгенэндаваскулярнай, або ўнутрысасудзістай, хірургіі. Сёння гэта асаблівы напрамак, заснаваны на мінімальным хірургічным умяшанні пад мясцовай анестэзіяй: урач дзейнічае пры дапамозе спецыяльнай іголкі прама ў сасудах, без разрэзаў і пад кантролем рэнтгенаўскіх промняў. Яшчэ адзін плюс новай тэхналогіі — пацыент хутка вяртаецца да нармальнага жыцця, яму не трэба доўга знаходзіцца ў бальніцы. І галоўнае, узрост — зусім не перашкода. Намеснік галоўнага ўрача па хірургіі БХМД Ігар Шыманскі пацвярджае: пажылых пры дапамозе такіх ашчаджальных методык аперыруюць усё часцей і ледзь не дзве трэці пацыентаў, якіх вяртаюць да жыцця ўрачы аддзялення рентгенэндаваскулярнай хірургіі, — у межах 80 гадоў...

Што сталыя гады сёння не перашкода для радыкальнага лячэння, лічыць і Аляксандр Бялецкі, член-карэспандэнт НАН, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Старэйшай пацыентцы тут было 105, і яе паспяхова аперыравалі пасля пералому шыйкі сцягна. Але і гэта не мяжа: у свеце ў траўматолагаў рэкорд — 115-гадовы падапечны. Праўда, часцей за ўсё гаворка ідзе пра экстранныя выпадкі. Кожны з іх уважліва разглядаюць, перш чым прыняць рашэнне пра аперацыю і, ацаніўшы ўсе рызыкі, заўсёды імкнуцца зрабіць выбар на карысць пацыента. Траўматолагі нават жартуюць: дыхае, сэрца б’ецца — трэба аперыраваць! А вось у планавых аперацыях вельмі пажылому чалавеку з букетам хваробаў (які, скажам, шмат гадоў праляжаў пасля інсульту) могуць і адмовіць, напрыклад, у пратэзаванні — занадта ўжо сур’ёзная нагрузка на арганізм.

Салідарны з калегамі і Уладзімір Каранік, галоўны ўрач Мінскага клінічнага анкалагічнага дыспансера: “Мы заўсёды ацэньваем фізічны стан чалавека, наколькі ён можа перанесці хірургічнае ўмяшанне, і, калі няма супрацьпаказанняў, ідзём на аперацыю. Самай пажылой нашай падапечнай быў 101 год, а сёлета аперыравалі 93-гадовую пацыентку”. Дарэчы, калі ёсць якія-небудзь паталогіі, анколагі адмаўляюцца ад радыкальных рашэнняў, не зазіраючы ў пашпарт. На пра­цэс рэабілітацыі пасля аперацыі, узрост, вядома, накладвае свой адбітак, але ўсё ж гэта, падкрэсліваюць урачы, не галоўнае.

Цікава, што ў сусветным маштабе пэўныя абмежаванні па ўзросце ўсё-такі ўсплываюць. І ў першую чаргу яны звязаныя з... эканамічнай сітуацыяй. Напрыклад, пры перасадцы органаў у некаторых краінах стаўку робяць на маладых пацыентаў. А вось Аляксандр Мрочак, дырэктар РНПЦ “Кардыялогія”, акадэмік НАН, прапаноўвае не забываць, што медыцыну варта разглядаць і як гуманістычную навуку, дзе для кожнага пакалення пацыентаў павінны быць свае падыходы:

— У цывілізаваным свеце не існуе абмежаванняў па ўзросце для меды­цынскай дапамогі. Усё залежыць ад зыходнага стану. Так, для пажылога чалавека адкрытыя аперацыі ўяўляюць вялікую рызыку, патрэбныя больш сучасныя тэхналогіі. І сёння мы іх прымяняем, напрыклад, устаноўку клапана ў аартальную пазіцыю. Таму пацыенты на аперацыйным стале пасля 80 — не рэдкасць. Вядома, часцей за ўсё размова пра экстранныя выпадкі.

Сёння відавочна: чым далей, тым больш медыцына будзе арыентавана на людзей вялікаўзроставых. Такі напрамак развіцця дыктуе не толькі тэхнічны прагрэс, але і само жыццё. Любоў Вароніна, дацэнт кафедры геранталогіі і герыятрыі з курсам алергалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, адзначае: у свеце існуе агульная тэндэнцыя да павелічэння працягласці жыцця. Прасцей кажучы, людзі сталі жыць даўжэй, а шанцы перасягнуць 80-гадовы рубеж у кожнага з нас пастаянна растуць. А значыць, усё больш і тых, хто дасягае векавога рубяжа. І ім патрэбна граматная медыцынская дапамога. Дацэнт Вароніна настроена аптымістычна:

— Для аперацый няма ўзроставых абмежаванняў! Іншая справа, што часцей яны існуюць у галовах у саміх пацыентаў, іх сваякоў і нават урачоў. Паглядзіце, як актыўна за мяжой робяць аортакаранарнае шунціраванне людзям старэйшым за 85! А наколькі эфектыўныя складаныя аперацыі па пратэзаванні!

Дарэчы

Дзесяць гадоў назад у прэсе прамільгнула інфармацыя, што беларускія афтальмолагі ўпершыню ў свеце прааперыравалі 117-гадовую пацыентку, якая чатыры гады да гэтага была зу­сім сляпой. У Міністэрстве ахове здароўя тады расказалі: пасля абследавання, якое паказала, што сэрца пацыенткі моцнае і крывяны ціск у норме, ёй імплантавалі штучныя хрусталікі.

Вольга Пасіяк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter