Якія рэгламентацыі і патрабаванні існавалі ў народнай культуры ў дачыненні да хлеба?

Хлеб заўсёды быў самым сакральным з усіх харчовых прадуктаў усходніх славян, сімвалізаваў дабрабыт, багацце.

Хлеб заўсёды быў самым сакральным з усіх харчовых прадуктаў усходніх славян, сімвалізаваў дабрабыт, багацце. У народнай культуры хлеб успрымаецца як вялікі боскі дар, які патрабуе паважлівых адносін і пашаны. З пакалення ў пакаленне, ад дзеда да ўнука перадаваліся беражлівыя адносіны да хлеба, выпрацаваўся шэраг правіл і перасцярог.

Выкідаць хлеб заўсёды лічылася недаравальным. Калі хлеб немагчыма было ўжываць у ежу, яго аддавалі жывёлам і птушкам.

Лічылася: той, хто пасля яды на стале пакідае кавалачкі недаедзенага хлеба, страціць здароўе. 

Каб сям’ю не спасціглі голад, няўрод ці іншыя страты, строга сачылі за тым, каб хлебныя крошкі не падалі са стала на падлогу.

Нашы продкі верылі: той, хто з’есць крыху цвілога хлеба, хутка навучыцца плаваць і не будзе баяцца навальніцы.

Калі хлеб стаяў у печы, кожная гаспадыня ведала, што нельга месці падлогу, сварыцца. Хлеб патрабуе да сябе паважлівых адносін.

Калі хлеб саджалі ў печ, гаспадыня падымала спадніцу і прасіла: “Падымайся, хлеб, вышэй і вышэй!”

Існавалі ў народзе і такія прыкметы:

 “Калі сонейка села, новага бохана хлеба не пачынай — галеча адолее!”

 “Каб быць шчаслівым і ўдалым, на пачатку і на заканчэнні абеду з’еш крыху хлеба з соллю”.

Акрамя таго прыкмячалі: 

 Калі за абедам хлеб выпадзе з рук — чакай госця.

 Калі адзін бохан хлеба дастаць з печы і парэзаць раней за астатнія, то тыя, што засталіся ў печы, будуць нясмачнымі і не прыдатнымі для ўжывання ў ежу.

 Калі хлеб у печы распаўся надвае, хтосьці пакіне сям’ю.

Лічылася дрэнным знакам, калі ў бохане падчас выпякання збоку “вылазіла” галава: у гаспадарцы чакалі непрыемнасцей, напрыклад, мору хатняй жывёлы і неўраджаю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter