Як выстаўку назавеш...

Лагічным і, вядома ж, доўгачаканым працягам Рэспубліканскага мастацкага конкурсу, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння І.В.Ахрэмчыка, стала выстаўка юных і таленавітых “Нашы магчымасці”. Семдзесят лепшых работ пераможцаў і ўдзельнікаў творчага спаборніцтва на працягу двух тыдняў будзе экспанаваць галерэя “Універсітэт культуры”, якая знаходзіцца ў Палацы Рэспублікі. Сам конкурс праходзіў у лістападзе мінулага года на базе Рэспубліканскага комплексу гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. Каля сотні юнакоў і дзяўчат ад дзесяці да дваццаці гадоў з усіх куткоў Беларусі з’ехаліся ў сталіцу, каб паказаць свае здольнасці і павучыцца ў равеснікаў. У залежнасці ад узросту ўдзельнікам прапанавалі дастаткова складаныя тэмы: “Рух як сродак пластычнай выразнасці, рытмы сучаснасці”, “Прагулка па восеньскім парку”, “Людзі, якія ўразілі”. Кампазіцыі трэба было “ўбачыць” у жывапіснай, скульптурнай ці дэкаратыўна-прыкладной форме. Урэшце ў фінал выйшла 27 чалавек. Асабліва ж зацікавілі журы работы скульптараў (як не дзіўна, усе яны – мінчане): Максіма Шняка (Гран-пры), Алены Ліпінскай, Аляксандра Навасёлава і Вольгі Высоцкай, якія адпаведна падзялілі першае, другое і трэцяе месцы. -- Безумоўна, усе дзіцячыя творы прыемна ўражваюць, -- адзначыў на адкрыцці экспазіцыі рэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры Уладзімір Скараходаў. -- І як адзін даказваюць: акадэмічная вывучка пачынаецца не з вуза, а са звычайнай мастацкай школы. На маю думку, падагульняючая выстаўка (яе правядзенне, спадзяюся, стане традыцыяй) з такой сімвалічнай назвай – добры падмурак для канкурсантаў, якім я жадаю працавітасці і натхнення.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter