Як вы праводзіце ўік-энд?

Аб гэтым мы спыталіся ва ўдзельнікаў VII Усебеларускага фестывалю народнага гумару “Аўцюкі”, які праходзіць у гэтыя дні ў Калінкавіцкім раёне.

Аб гэтым мы спыталіся ва ўдзельнікаў VII Усебеларускага фестывалю народнага гумару “Аўцюкі”, які праходзіць у гэтыя дні ў Калінкавіцкім раёне.

Валянціна МОЎЧАН, кіраўнік сямейнай шоу-групы “Світачы”, Чавусы:
— Ведаеце, ужо больш за паўгода мы працуем без выхадных. Але, паколькі калектыў наш сямейны, гэта аніяк не адбіваецца на нашых адносінах з роднымі. Мы ўсе заўсёды разам: дачка і маці, муж і жонка, цётка і пляменніца... Дарэчы, ведаеце, які адпачынак, на мой погляд, самы лепшы? Сабрацца разам з роднымі, узяць баян — і айда на бераг возера ці рэчкі. Голас, калі яго нават і не было, знойдзецца сам па сабе. І будуць над вадой разлівацца гучныя песні і жарты.

Валянціна ВАРАБЕЙ, загадчыца Вялікааўцюкоўскага клуба народных майстроў:

— Якія выхадныя? Мы ўжо забылі, што гэта такое. Нам і не хочацца адпачываць. Ногі самі нясуць на працу. Але знаходзім час на ўсё — і кветкі прапалоць, і агуркі закатаць, і, фартушкі апрануўшы, патанчыць ды паспяваць. Ну і, вядома, пажартаваць. Вось прыгадаю адзін аўцюкоўскі анекдоцік:
“Захварэла ў аўцюкоўскай жанчыны карова. Выклікала тая ветэрынара. Агледзеў ветэрынар карову ды кажа гаспадыні:
— Нясі, калінка, паўлітроўку самагону.
Прынесла. Ветэрынар задзёр карове галаву і выліў туды самагон. Убачыла тое гаспадыня, ды як загаласіла:
— Прапала мая кароўка! Селітру выпіла... Ды каб я ведала, што гэта не табе, я б з іншай бутылі прынесла...”.

А як праводзіце ўік-энд вы?
Дасылайце свае аповеды
на электронны адрас: info@ng.by.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter