Як шакаладам намазана

Першы Музей шакаладу адкрыўся ў Віцебску
Салодкі водар унутры. Насупраць парога — белы раяль. Крыху далей — піраміда Хеопса. Яны паменшанага памеру, вядома, але ўсё роўна ўражваюць. Бо, як і ўсе астатнія экспанаты, што знаходзяцца тут, зроблены выключна з беларускага шакаладу. І ўбачыць усе гэтыя салодкія шэдэўры можна ў першым Музеі шакаладу, што нядаўна адкрыўся ў Віцебску.

На навагоднюю ёлку пайшло 15 кг шакаладу.

Каб наведвальнікі ўжо з парога маглі атрымаць асалоду ад шакаладнага мастацтва, да ўваходнага білета прыкладаецца шакаладка.

— Гэта наш сродак абароны, — жартуе дырэктар музея Любоў Іванова. — Каб не было спакусы непрыкметна адкусіць кавалачак ад нашых вырабаў. 

Але арганізатары ўсё-такі вырашылі падстрахавацца і размясцілі экспанаты так, што дацягнуцца да іх не так ужо і лёгка. 

А вось шкляных вітрын у музеі няма. 

— Шакалад любіць прамыя «зносіны» з чалавекам. Так ён лепш перадае свой водар і прыгажосць, — тлумачыць мой гід. 

У пакоі халаднавата, не вышэй, мабыць, за дваццаць градусаў. Аказалася, каб экспанаты не расталі, арганізатары спецыяльна адключылі ўсе батарэі ў памяшканні, акрамя адной. 

У зале плошчай за 80 квадратных метраў мне ўдалося налічыць крыху больш за 150 салодкіх экспанатаў. Любоў Мікалаеўна кажа, што ўсе разам яны важаць больш за 300 кілаграмаў. Над многімі працавалі навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя.

Джэнтльменскi набор генерала-палюбоўнiка.

А самыя складаныя вырабіла сама кіраўнік і яго галоўны кандытар Любоў Іванова — поўная цёзка Івановай-дырэктара. Такі незвычайны і плённы атрымаўся творчы дуэт. Так што наведвальнікі могуць яшчэ і жаданне загадваць. 

Дарэчы, інфармацыйныя таблічкі ў музеі таксама зроблены з шакаладу, і даведацца з іх можна шмат цікавага. «У калядныя святы французы з’ядаюць 36 тысяч тон шакаладу. А гэта ў 4 разы перавышае вагу Эйфелевай вежы!» — напісана на адной з іх. На другой ёсць нават рэцэпт першага шакаладнага напою, які гатавалі індзейцы для свайго імператара. Ён выпіваў да пяцідзесяці порцый такога прысмаку за дзень. Нехта пазначае прапорцыі сабе ў нататнік.

Экспазіцыя ў музеі змяняецца, кожны дзень дадаецца нешта новае, тлумачыць дырэктар. Але навагоднія вырабы разабраць яшчэ не паспелі. Шмат’ярусная ёлачка, на якую пайшло пятнаццаць кілаграмаў шакаладу, па-ранейшаму на сваім месцы. Справа — паштоўка з Дзедам Марозам. Таксама шакаладная. 

Асаблівай цікавасцю ў наведвальнікаў карыстаюцца карціны, намаляваныя шакаладам па шакаладзе. Дырэктар кажа, што гэтай тэхнікай валодаюць толькі дзве мастачкі ў нашай краіне, і абедзве з Віцебска. 

Наведвальнікі тоўпяцца ля палатна «Шакаладніца».

— Рэльефную карціну стварыла член Саюза дызайнераў Беларусі Таццяна Голубева, — узгадвае Любоў Мікалаеўна. — Майстар убачыла арыгінал у Дрэздэнскай галерэі, яшчэ калі вучылася ў школе. Некалькі гадоў таму паехала туды зноў. І вырашыла, што ў Беларусі павінна быць свая «Шакаладніца».

Дырэктар i галоўны кандытар музея Iвановы Любовi Мiкалаеўны.

Зразумела, шакалад — фарба капрызная. Спачатку яго трэба расплавіць да пэўнай тэмпературы, потым дадаць харчовыя фарбавальнікі. У ролі шакаладнага палатна выступае белы або цёмны шакалад у залежнасці ад творчай задумы. Працэс досыць працаёмкі: на стварэнне аднаго такога палатна патрэбна ад двух тыдняў да месяца карпатлівай працы. 

Есці шакаладныя карціны і фігуркі можна. Але толькі свежыя. А вось вырабы, што нейкі час знаходзіліся ў музеі не пад шклом, лепш не каштаваць. Але захоўваюцца яны доўга: самы стары ў Еўропе знаходзіцца ў музеі шакаладу ў Рызе. Яму ўжо 120 гадоў. 

— У сярэдзіне месяца мы тут з размахам адзначалі 110-годдзе беларускага шакаладу: 11 студзеня 1905 года ў Мінску была зарэгістравана першая кандытарская, у якой гатавалі шакалад, — прыгадвае Любоў Мікалаеўна. — Шакаладны фантан з гэтай нагоды працаваў у музеі да позняга вечара. 

Праводзяць тут і майстар-класы. Напрыклад, да Дня закаханых наведвальнікі будуць рабіць прыгожыя сэрцы з імёнамі каханых. А да 8 Сакавіка для ўсіх аматараў моды прадставяць «Шакаладны модны прысуд» — калекцыю вядомых сукенак. Адным словам, праграма музея распісана на два гады наперад. Бо наведвальнікам тут як шакаладам намазана.

Iна ГАРБАЦЕНКА

gorbatenko_inna@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter