"Чалавек з кнігай цяпер не белая варона, а інтэлектуал." Чытанне зноў становіцца модным

Як прайсці ў бібліятэку?

У Гомелі нядаўна адкрылася платная міні-бібліятэка. Здавалася б, у век інфармацыйных тэхналогій такая ініцыятыва асуджаная на правал, але арганізатары сцвярджаюць, што праект сябе акупляе. А тым часам звыклыя бібліятэкі пагаворваюць пра вяртанне чытачоў. І хай лічбы не дзівяць былым, даінфармацыйным, размахам, але цікавасць да чытання і сховішчаў кніг паступова расце. Праўда, каб дамагчыся такога выніку, трэба вельмі пастарацца

Фота Яна Кузмянкова

Арт-прастора “Каўчэг” у Гомелі — месца канцэнтрацыі маладых і таленавітых гараджан. У гэтай установе ладзяць міні-спектаклі, музычныя канцэрты, лекцыі і гульні. Любая карысная ініцыятыва ідзе на ўра, хаця стварэнне міні-бібліятэкі большасці сведак працэсу здавалася справай безнадзейнай. BOOK HARBOR — дзецішча старшакласніцы Дзіяны Літаш і студэнта-праграміста Цімафея Ражкова. Нягледзячы на юны ўзрост і зусім нефілалагічную адукацыю, маладыя людзі не ўяўляюць сваё жыццё без друкаваных кніг. Дзіяна здымае з паліцы томік Агаты Крысці:

— Для мяне страшэнна важныя тактыльныя адчуванні. Важна ведаць, што кніга — фізічны аб’ект, што яна тут, побач са мной.

Дзіяна і Цімафей зараз жа пачалі шукаць аднадумцаў і кінулі кліч у інтэрнэце: “Забылі, калі бралі кнігу ў рукі ў апошні раз? Прачыталі вельмі цікавую кнігу і вам няма з кім яе абмеркаваць? Не ведаеце, што прачытаць? Тады вам дакладна да нас!” Кнігі закупілі самі, знайшлі ў знаёмых і зноў звярнуліся за дапамогай да чытачоў.

— Мы прасілі па магчымасці падзяліцца з намі кнігамі. Многія адгукнуліся. За два тыдні мы атрымалі некалькі дзясяткаў выданняў.

Узнагароду дарыльшчыкі атрымліваюць лагічную — магчымасць бясплатна браць кнігі з новай бібліятэкі. Для астатніх паслуга платная. Але Цімафей цану за магчымасць дакрануцца да прыгожага высокай не лічыць.

— Многія набываюць сучасную літаратуру, каб прачытаць разок і пакінуць на паліцы. Мы ж прапануем узяць кнігу ў арэнду за 1—2 рублі. У залежнасці ад каштоўнасці асобніка і тэрміну, на які выносіцца выданне. Каб купіць кнігу зараз, трэба ў сярэднім 15 рублёў. У нас за гэтыя грошы можна прачытаць не адну, а 15 кніг.

Фонд пачынаючай бібліятэкі крыху больш за сто асобнікаў: ад моднай серыі “Таймлес” Керсцін Гір да актуальнага ва ўсе часы Оскара Уайльда, попытам карыстаюцца Набокаў, Оруэл, Вудзі Ален. Дзіяна і Цімафей імкнуцца набываць кнігі, якія пажадалі прачытаць іх кліенты. Чытачоў у бібліятэцы пакуль каля ста. Нават такая колькасць дазваляе паступова папаўняць фонды. Плата за чытанне — каб захаваць праект, не зарабіць, кажуць рабяты.

— Мода на чытанне вяртаецца. Чалавек з кнігай цяпер не белая варона, а інтэлектуал.

Асноўная частка наведвальнікаў мейнстрымавай бібліятэкі — вядома, моладзь. Таму што модна і ні на што не падобна. А вось традыцыйным сховішчам кніг, каб прыцягнуць чытача, трэба пастарацца. Дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна Марына Рафеева прывяла цікавыя лічбы:

— У 2004 годзе ў нас было больш за 50 тысяч чытачоў, а потым пайшло паступовае і няўмольнае скарачэнне іх колькасці. Праз 10 гадоў мы маем усяго 35 тысяч. Але нам удалося не толькі спыніць гэтае памяншэнне, але і трохі набраць. Па апошніх лічбах, чытачоў у нас 37 040 чалавек.


Сёння мала проста выдаваць кнігі. Трэба быць сапраўдным цэнтрам культуры. У “ленінцы” амаль кожны дзень праводзяцца мерапрыемствы і для дарослых, і для дзяцей. І гэта не толькі знаёмства з літаратурным здабыткам, але і майстар-класы па каліграфіі, вырабе старажытных кніг і закладак, заняткі па асноўных законах фізікі і праца з 3D-выданнямі. Праводзяцца музычныя салоны, арганізуюцца сустрэчы вядучых вучоных у рамках праекта “Навуковае кафэ”, чытачам прадастаўляецца магчымасць пагутарыць з вядомымі гамяльчанамі на сустрэчах “Гомель у асобах”. А яшчэ кансультацыі па прававой пісьменнасці. Тут таксама ёсць Музей рэдкай кнігі, дзе сабраны выданні з бібліятэкі Паскевічаў — рукапісныя, рэдкія, унікальныя, класіка з аўтографамі аўтараў. Тут жа асаблівая калекцыя — мініяцюрныя кнігі, памерам з далоньку дзіцяці і аднакапеечную манетку. У хуткім часе, акрамя гэтых экспазіцый і музея “Літаратурная Гомельшчына”, з’явіцца музей Андрэя Макаёнка. Адным з экспанатаў стане бюст-аўтапартрэт, які з дрэва яшчэ пры жыцці зрабіў сам драматург. Унікальны прадмет перадала сям’я аўтара. А яшчэ ў “ленінцы” ёсць уласны народны тэатр “Гракі” з дзясяткамі спектакляў у рэпертуары. Нават кароткая экскурсія, якую для мяне правяла Марына Рафеева, заняла не адну гадзіну. Пасля гэтага ў мяне засталося толькі адно пытанне: ці паспяваюць бібліятэкары выдаваць кнігі?

Паспяваюць. І нават паспяваюць працаваць з асаблівымі катэгорыямі. Да прыкладу, у абанементным аддзеле ёсць спецыяльны тыфлакуток, дзе людзей з парушэннямі зроку вучаць працы з камп’ютарам, ёсць кнігі, напісаныя шрыфтам Брайля.

Не забываюць тут ісці ў нагу з часам. На ўсёй тэрыторыі бясплатны Wi-Fi, ёсць магчымасць карыстацца камп’ютарамі і зоны для сэлфі. Умова адна — наяўнасць білета чытача.

Гарадская бібліятэка імя Герцэна — адзін з самых яркіх астраўкоў буккросінгу. Да гэтай моднай плыні Гомель далучыўся некалькі гадоў таму. Бярэш з бясплатнай паліцы, што падабаецца, а наўзамен прыносіш нешта іншае. Кругазварот кніг сярод чытачоў і добрая эканомія часу і грошай. Славіцца “герцэнка” і сваімі мерапрыемствамі. На апошнюю ноч у стылі Гары Потара прыйшло столькі моладзі, што трохпавярховы будынак быў проста не ў стане ўсіх змясціць. І многія з іх вернуцца сюды зноў, таму што ішлі адсюль з выразным адчуваннем: тут цікава.

У горадзе, несумненна, магчымасцей для прыцягнення чытачоў больш. Але Марына Рафеева ўпэўнена, што і сяло можа не адставаць, варта толькі захацець. “Ленінка” аказвае метадычную дапамогу ўсім бібліятэкам вобласці, і вынікі некаторых вельмі радуюць.

— Людміла Бусел з Дуброўскай бібліятэкі Светлагорскага раёна пастаянна пашырае музейную экспазіцыю, у іх жа там шмат баёў было, займаецца пошукавай дзейнасцю. Загадчыца сельскай бібліятэкі ў Клімаўцы Антаніна Жыгалава ўвесь час арганізуе сустрэчы з паэтамі, медыкамі, мастакамі, ладзіць конкурсы. І да такіх людзей цягнуцца чытачы, з такімі бібліятэкарамі цікава.

valchencko@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter