Як прайсці ў бібліятэку? Ці чытаюць класіку на радзіме класікаў.

Чым жывеш, глыбінка? Найчасцей мы задаём гэта пытанне, цікавячыся пра ўкосы ды надоі. Аднак не толькі хлебам штодзённым сілкуецца чалавек. Страва духоўная мо не першасная на “стале” вяскоўца, местачкоўца, гараджаніна, але ёй заўсёды ёсць месца — хаця б у выглядзе сціплага дэсерту.

Чым жывеш, глыбінка? Найчасцей мы задаём гэта пытанне, цікавячыся пра ўкосы ды надоі. Аднак не толькі хлебам штодзённым сілкуецца чалавек. Страва духоўная мо не першасная на “стале” вяскоўца, местачкоўца, гараджаніна, але ёй заўсёды ёсць месца — хаця б у выглядзе сціплага дэсерту.

Калі паглядзець на культурнае жыццё розных рэгіёнаў, то дзесьці культуры больш, а дзесьці менш. Але меркаваць пра ўзровень цывілізаванасці грамадства немагчыма толькі па рэпартажах з раённай бібліятэкі, дзе працякае столь, або з тэатра, куды не ходзяць гледачы. Так, газета адгукаецца ў першую чаргу на сігналы трывогі. Аднак як пазнаць сапраўдную карціну будняў? Дзеля гэтага пазнання пачынаецца новы праект “Народнай газеты” — “Неправінцыя!”: пра культурны свет за межамі Мінскай кальцавой аўтадарогі, пра асветніцкую дзейнасць устаноў культуры ў розных кутках Бацькаўшчыны. Карэспандэнты “НГ” рэгулярна будуць падымаць актуальныя праблемы сучаснай беларускай культуры — у шырокім кантэксце, з усімі фарбамі: і яркімі, і цёмнымі. Што людзі глядзяць у кіно, на якія спектаклі ходзяць у тэатр, як бавяць час у клубах і г.д. — вось будучыя тэмы для вывучэння. А перш за ўсё журналісты пацікавіліся, ці запатрабавана ў народзе нацыянальная літаратура, ці ведаюць людзі, як прайсці ў бібліятэку.

Неяк давялося чуць, як малады чалавек, што жыве на сталічнай вуліцы Максіма Гарэцкага, разважаў: “Ну што добрага стварыў гэты Гарэцкі? Вядома ж, як і ўсе беларускія пісьменнікі, толькі жаліўся, якая гаротная доля селяніна! Што Купала, што Гарэцкі — абое рабое. Нецікава”. Што тут сказаць? Памятаеце славуты выраз: “Пастарнака не чытаў, але асуджаю”. Так і хлопец: кніжку не разгортваў, а вывады зрабіў “грунтоўныя”. Між тым Гарэцкі — гэта наш Альбэр Камю, першы айчынны экзістэнцыяліст. Класіка! І калі мінчанін не ў курсе спраў, то прэтэнзіі варта выставіць той школе, у якой яго вучылі. На Мсціслаўшчыне, дзе нарадзіўся Гарэцкі, ведаюць земляка і ганарацца ім. Бо чаго варта хаця б тое, што ён напісаў першую гісторыю беларускай літаратуры!

Кожны пяты

У цэнтральнай бібліятэцы Мсціслава, на першы погляд, сярод наведвальнікаў пераважаюць людзі сталага веку. Зразумела, тэхнічны прагрэс, калі Інтэрнэт і электронныя кнігі ўвайшлі, бадай, у кожны дом, наклаў адбітак і на фарміраванне чытацкай аўдыторыі. У Сусветнай павуціне можна знайсці такія навінкі мастацкай літаратуры, якія выдавецтвы толькі плануюць выпусціць. І моладзь гэтым карыстаецца.
І ўсё ж метадыст мсціс-лаўскай бібліятэкі Наталля Сідарэнкава гатова паспрачацца з тымі, хто сцвярджае, што цікавасць да друкаванага слова, як кніжнага, так і перыёдыкі, рэзка ўпала.
— Апошнім часам кантынгент чытачоў стаў сталы, — сцвярджае спадарыня Сідарэнкава. — У Мсціславе гэта прыкладна пятая частка ад усяго насельніцтва. Прычым не пагаджуся са сцвярджэннем, што моладзь чытае мала. Сярод чытачоў бібліятэкі людзей да 30-гадовага ўзросту 23 працэнты. А вось студэнтаў ВНУ і каледжаў — толькі 5,1. Можна зразумець актыўнасць нашых чытачак Вольгі Гаўрыленкі і Ларысы Каплуновай, якія цяпер у водпуску па догляду за сваімі малышамі. Але ж не меншую цікавасць да кнігі праяўляе і майстар хлебазавода Ганна Юрчанка...
Канкрэтныя прыклады ўпэўніваюць: кніга не застаецца ў адзіноце на бібліятэчных паліцах. Гэта было б дзіўна і крыўдна. Бо калі ўспомніць гісторыю, то друкаванае слова пасля Скарыны працягваў пашыраць у Беларусі Пётр Мсціславец — тутэйшы ўраджэнец.
І каму ж, як не мсціслаўцам, шанаваць матчыну мову. Мала таго, што гэта зямля дала краіне Максіма Гарэцкага. Тры студэнцкія гады (1928 — 1930) правёў у Мсціславе і Аркадзь Куляшоў.
— Летась пятую частку ўсіх выдадзеных чытачам кніг склалі творы на беларускай мове — каля 58 тысяч экземпляраў, — Наталля Сідарэнкава працягвае даказваць дакладнымі фактамі, што на радзіме аднаго з першадрукароў з кнігай народ на “ты”. — Людзі гатовы чытаць на беларускай або рускай мове. Галоўнае для іх, каб кніга была цікавая.
Найбольш часта мсціслаўцы просяць даць пачытаць аповесць “Дзве душы” Максіма Гарэцкага і яго апавяданні. Запатрабаваны “Князь Вітаўт” Аляксея Дударава, творы маладых беларускіх аўтараў.
Бібліятэчныя работнікі абслугоўваюць 782 ветэранаў, інвалідаў, дастаўляючы ім літаратуру па заказах на дом. Сярод гэтай катэгорыі чытачоў таксама нямала тых, хто аддае перавагу кнігам на матчынай мове.

Васілёк у жыце беларушчыны

Супрацоўнікі аддзела абанемента Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага чытачоў, якія чытаюць i перачытваюць беларускую класіку для душы, ведаюць літаральна ў твар. Не лічачы студэнтаў-філолагаў, іх не надта многа. Але менавіта дзякуючы ім, апантаным родным словам, беларуская літаратура запатрабавана.
— Пастаянныя нашы чытачы, па-сапраўднаму ўлюбёныя ў родную літаратуру, маюць не толькі розны ўзрост, але і розныя прафесіі, розны сацыяльны статус. I просяць апошнім часам найчасцей творы такіх аўтараў, як Міхась Васілёк, Міхась Зарэцкі, — акрэслівае апошнія тэндэнцыі загадчыца аддзела абанемента Жанна Макалава.
Апытанне маладых наведвальнікаў бібліятэкі, ці ведаюць яны, хто такі Янка Нёманскі ці Аляксей Карпюк, на жаль, вылілася толькі ў прыблізныя адказы. Між тым сёлета краіна адзначыць адпаведна 120-гадовы і 90-гадовы юбілеі гэтых ураджэнцаў Гродзеншчыны.
— Затое ўсё больш запатрабаваны некаторыя сучасныя беларускія аўтары, — дадае аптымізму спадарыня Макалава.
Як высветлілася, модныя цяпер жаночыя раманы і дэтэктывы, напісаныя беларускамі Тамарай Лісіцкай, Наталляй Батраковай, Надзеяй Нядзелінай, Ірынай Масляніцынай, а таксама Сяргеем Трахімёнкам.
Бібліятэка не чакае, пакуль чытач сам зацікавіцца новай кнігай, аўтарам. Разам з гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў тут рэгулярна праводзяцца творчыя вечарыны літаратараў, прэзентацыі іх кніг.

Гарадок на Парнасе

Мястэчка Гарадок на Віцебшчыне знае кожны, хто добра вучыўся ў школе. Бо адсюль родам Канстанцін Вераніцын — аўтар класічнай паэмы “Тарас на Парнасе”.
У Гарадку штогод ладзяцца паэтычныя святы ў гонар Вераніцына, арганізуюцца літаратурныя чытанні, на якія прыязджаюць навукоўцы і пісьменнікі са сталіцы, Віцебска.
А што чытаюць гарадоцкія жыхары доўгімі зімовымі вечарамі? У калідоры цэнтральнай бібліятэкі сустракаю прывабную інтэлігентную жанчыну. На пытанне карэспандэнта “НГ”, па што яна завітала ў “кніжны дом”, Алена Пагіба адказвае: “Звычайна бяру часопісы Cosmopolitan ці “Караван историй”. А вось па-беларуску не чытаю, бо не ведаю мовы. Семнаццаць гадоў назад я пераехала ў Гарадок з Прыбалтыкі. Тут мая новая радзіма, але і “Тараса на Парнасе” не чытала, хаця многа чула пра гэты твор”.
Малады праграміст Багдан Пятроў прызнаўся, што нават у школе чытаць “Тарас на Парнасе” яму было лянота. Цяпер ён захапляецца сучаснай фантастыкай. Прычым чытае ўсё ў электронным выглядзе — на мабільніку!
У бібліятэцы пра “Тараса на Парнасе” нагадвае асобная палічка. Яна называецца “Жылі-былі класікі” — паводле тытула кнігі Генадзя Кісялёва, даследчыка, які высветліў імя аўтара легендарнай паэмы.
У бібліятэцы мне паказалі два выданні “Тараса”, што тут ёсць. Выдавецтва “Юнацтва” парупілася, каб “Тарас” выйшаў у масы ў 1982 годзе, а ў 2003-м пра гэта паклапацілася рэдакцыя часопіса “Вожык”. І першая, і другая кніжкі — у мяккім пераплёце.
— Летась мы атрымалі 2691 экземпляр новых кніг беларускіх аўтараў, — гаворыць загадчыца аддзела камплектацыі і апрацоўкі кніжных фондаў Гарадоцкай ЦБС Людміла Іванова. — На маю думку, нашаму чытачу не стае сучасных беларускіх раманаў, літаратуры пра сучаснікаў, пра іх патрэбы і клопаты. Не хапае і дзіцячых кніжак пра сённяшняе жыццё.
Па літаратуру на абанемент штодня звяртаецца 40—60 чытачоў. Тутэйшая сталая чытачка Марыя Якаўлеўна Сталярова (ёй 74 гады) з гонарам прызналася, што многа перачытала і Быкава, і Шамякіна, і Дайнеку, любіць кнігі пра вясковае перадваеннае жыццё, пра подзвігі герояў у гады вайны. Але на гэты раз яе выбар спыніўся на “Выбраным” рускага пісьменніка Віктара Астаф’ева. Класіка не мае моўных і нацыянальных межаў.
А хто шукае, той знаходзіць любую літаратуру. Калі ў Гарадку няма твораў сучасных пісьменнікаў, якія пішуць пра наша цяперашняе жыццё, дык у Гродне — колькі хочаш. Дзесьці густа, недзе пуста. Але адно пэўна: галашэнні пра хуткі скон бібліятэк, абыякавасць народа да кніг — усё гэта чыстай вады панікёрства. Кніга жыве, жыве і мова.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter