Ученые Академии наук усовершенствовали технологию очистки сточных вод и озонирования питьевой воды

Як піць даць

Тэхналогію атрымання аэратараў распрацавалі ў Інстытуце парашковай металургіі імя акадэміка А.У. Романа. Сучасныя аэратары выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі вады, якая паступае ў нашы краны, а таксама для ачысткі прамысловых і камунальных сцёкаў. Тэхналогія паказала сваю эфектыўнасць. Пра новыя метады ачысткі вады даведалася «Р».

Распрацавана мноства тэхналогій па ачыстцы вады, але толькі некаторыя з іх адрозніваюцца і эканоміяй, і эфектыўнасцю. 
Калаж Юліі КОСЦІКАВАЙ

У сярэднім у побыце чалавек расходуе каля 250 літраў вады ў дзень. Вялікая колькасць яе ідзе на прамысловыя мэты. Каб зноў выкарыстоўваць гэты рэсурс, ваду старанна ачышчаюць. Распрацавана мноства тэхналогій, але толькі некаторыя з іх адрозніваюцца і эканоміяй, і эфектыўнасцю.

Вадзім Савіч, намеснік дырэктара па навуцы Інстытута парашковай металургіі імя акадэміка А.У. Романа, праводзіць у кабінет, дзе знаходзяцца незвычайныя шэрыя трубы — порыстыя тытанавыя аэратары:

— Вырабляць аэратары задумалі яшчэ ў 1980-я гады. Мінск пашыраўся, і артэзіянскай вады на ўсіх не хапала. Вырашылі частку горада забяспечваць вадой з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Каб пусціць яе ў водаправодную сетку, трэба было арганізаваць належную ачыстку і абеззаражванне, прытрымліваючыся патрабаванняў бяспекі для здароўя насельніцтва.


Як вядома, у прэснай вадзе шмат растворанага жалеза — у вялікай колькасці гэты карысны мікраэлемент можа нашкодзіць здароўю. На самаадчуванне людзей можа паўплываць і біялагічнае забруджванне вады. Адным з найбольш моцных акісляльнікаў, які знішчае бактэрыі, споры і вірусы, з’яўляецца азон. Ён забяспечвае хуткае і надзейнае абеззаражванне вады, паляпшае яе ўласцівасці — устараняюцца прысмакі і пахі, колернасць. Акрамя таго, узрастае колькасць растворанага кіслароду, што вяртае ачышчанай вадзе адну з асноўных уласцівасцей, якія характарызуюць чыстыя прыродныя крыніцы.

Азона-паветраная сумесь нагнятаецца ў спецыяльныя кантактныя камеры, па дне якіх размешчаны трубы. Раней для іх вырабу выкарыстоўвалася кераміка. Вадзім Савіч тлумачыць:

— Керамічныя порыстыя трубы служаць 2—3 гады, затым разбурваюцца. У палімерных аэратараў таксама мноства мінусаў: напрыклад, яны перастаюць эфектыўна працаваць з-за біяабрастання, калі ўсяго за пару гадоў мікраарганізмы цалкам засяляюць матэрыял, забіваючы ўсе поры. Наша распрацоўка — тытанавы аэратар — вырашае шэраг такіх праблем.

Кандыдат тэхнічных навук Вадзім Савіч тлумачыць: асноўная іх перавага — доўгі тэрмін службы. Так, аэратары з тытану могуць надзейна працаваць 15—20 гадоў. Акрамя таго, матэрыял не дэградзіруе пад уздзеяннем сонечнага святла, азона-паветранай сумесі, менш схільны да біяабрастання за кераміку або палімеры, устойлівы да гідраўдараў. Прымяненне порыстых тытанавых аэратараў зніжае прастоі ачышчальных збудаванняў з-за рамонтаў, памяншае эксплуатацыйныя выдаткі.


Інстытут наладзіў серыйную вытворчасць тытанавых трубчастых аэратараў. Але на гэтым вучоныя НАН не спыніліся: зараз распрацавана тэхналогія вырабу дыскавых аналагаў. Аляксандр Тарайковіч, загадчык навукова-даследчай лабараторыі інстытута, падзяліўся падрабязнасцямі:

— Замяніўшы тытанавую трубу на дыск, нам удалося ў тры разы знізіць валютныя капітальныя выдаткі, амаль на 40 працэнтаў зменшыць сярэднюю спажываную магутнасць кампрэсараў — зберагаецца значная колькасць энергарэсурсаў. Як на саму канструкцыю, так і на тэхналогію вырабу асобных элементаў мы атрымалі сем патэнтаў.

Сёння тытанавыя аэратары задзейнічаны ў азанаванні вады фактычна для паловы жыхароў Мінска.

Распрацоўшчыкі ўдасканальваюць тэхналогію. Так, тытанавы дыск павялічыўся: са 180 міліметраў да 280. Інжынеры працуюць, каб аптымізаваць работу аэратараў. Вучоныя змаглі значна знізіць выдаткі на матэрыялы, павысілі іх трываласць. Паскорыўся і выпуск гатовай прадукцыі: калі раней, да прыкладу, на выраб сотні аэратараў патрабавалася каля двух месяцаў, то зараз — усяго два тыдні.

Сёння падобныя прылады задзейнічаны ў азанаванні вады фактычна для паловы жыхароў Мінска. Але такія тытанавыя канструкцыі выкарыстоўвае не толькі «Мінскводаканал» — аэратар выдатна спраўляецца з падрыхтоўкай пітной вады для Масквы, Мурманска, шэрагу іншых буйных гарадоў i прадпрыемстваў суседняй Расіі.

ypopko@sb.by

Фота прадастаўлена НАН Беларусі.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter