Кожны руплівы гаспадар ведае: важкага ўраджаю не атрымаеш без добрага насення. Тое ж правіла земляробаў “працуе” і ў лесе.
Таму і створаны Беларускі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр. Тут штогод перапрацоўваецца каля 150 тон шышак сасны і елкі. Жартам супрацоўнікі цэнтра завуць яго радзільняй: менавіта пад іх пільным наглядам насенне і будучыя маладыя высадкі атрымліваюць першыя “пашпарты”. Гэта такія пасведчанні па кандыцыйнасці, у якіх указаны як радаводныя звесткі пра будучыя дрэвы, так і дакладнае месца і час збору насення: у выпадку чаго можна і пабачыць, вывучыць старэйшых “родзічаў” будучых бароў ці дуброў.
Але адкуль тыя дзясяткі тон сыравіны? “Шышкі, жалуды нам пастаўляюць лясгасы, збіраюць іх і са спецплантацый, дзе растуць дрэвы з палепшанымі якасцямі, — раскрывае прафесійныя сакрэты дырэктар цэнтра Людміла Жызнеўская. — Мы і перапрацоўваем сыравіну, і гадуем будучыя дрэвы. Тут жа ёсць сховішча ўсяго рэзервовага фонду ляснога насення Беларусі. Цяпер на захаванні, дарэчы, 12 тон насення іглічных парод. Многа ці мала? Мяркуйце самі: гэта амаль чатырохгадовы запас высеву ў краіне”.
Сёлета ж, па прагнозах супрацоўнікаў Цэнтра, чакаецца неблагі ўраджай елкі еўрапейскай. Між іншым, менавіта яе насенне ў Беларусі ахвотна закупляюць шведскія селекцыянеры. Яны лічаць, што па шэрагу важнейшых характарыстык нашы елкі “перамагаюць” тыя, што маюць шведскія родавыя карані. Насенне з беларускіх лясоў на працягу многіх гадоў купляе Расія, прыбалтыйскія і скандынаўскія краіны — таксама сярод асноўных экспарцёраў. “З пачатку года насення сасны прададзена ўжо больш чым на 700 мільёнаў беларускіх рублёў. Сёлета амаль у тры разы больш выручылі і за пасадкавы матэрыял, на экспарт пайшло звыш 21 мільёна аднагадовых і двухгадовых сеянцаў сасны. Насенне ж елкі амаль не прадавалі як найбольш каштоўнае, хіба што невялікую партыю даўнім партнёрам са Швецыі”, — расказала загадчыца сектара ўзнаўлення лесу і лесамеліярацыі Мінлясгаса Марыя Герасіменка.
Вялікія лесапасадкі будуць весціся цэлы год і ў Беларусі. Акцыя “Тыдзень лесу”, што ў пяты раз ладзілася ў краіне, па колькасці ўдзельнікаў, высаджаных дрэў была самай маштабнай. У Мінлясгасе паведамілі, што звыш 50 тысяч добраахвотнікаў і лесаводаў высадзілі 35 мільёнаў новых дрэў на плошчы ў 5 тысяч гектараў. На кожнага жыхара краіны — болей чым па тры дрэвы.
У акцыі, што ахапіла ўсе рэгіёны, мог паўдзельнічаць кожны, папярэдне ўзгадніўшы з лесаводамі дзень і месца працы.
Падтрымліваючы рашэнне Генеральнай Асамблеі ААН аб правядзенні Міжнароднага года лясоў, Урад Беларусі зацвердзіў вялікі план адпаведных мерапрыемстваў, і “Тыдзень лесу” — адзін з першых крокаў па яго рэалізацыі. Аж да лістапада сёлета па краіне будуць ладзіцца акцыі па пасадцы лясоў, навядзенні парадку ў іх і ўздоўж аўтадарог, па берагах рэчак, прылеглых да лясных масіваў.
Іна Ганчаровіч
Як пачынаюцца лясы
Кожны руплівы гаспадар ведае: важкага ўраджаю не атрымаеш без добрага насення. Тое ж правіла земляробаў “працуе” і ў лесе.Таму і створаны Беларускі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр. Тут штогод перапрацоўваецца каля 150 тон шышак сасны і елкі. Жартам супрацоўнікі цэнтра завуць яго радзільняй: менавіта пад іх пільным наглядам насенне і будучыя маладыя высадкі атрымліваюць першыя “пашпарты”. Гэта такія пасведчанні па кандыцыйнасці, у якіх указаны як радаводныя звесткі пра будучыя дрэвы, так і дакладнае месца і час збору насення: у выпадку чаго можна і пабачыць, вывучыць старэйшых “родзічаў” будучых бароў ці дуброў.