Сваю першую 3D-друкарку мінскі гімназіст Даніла Елісееў сабраў у 13 гадоў

Як надрукаваць усмешку

Нам, народжаным у мінулым стагоддзі, многія сучасныя гаджэты асвойваць даволі складана. Ды не ўсё, аднак, так безнадзейна! І ўвогуле, спадары: падобна да таго, што наша будучыня — у надзейных руках. Уявіце сабе розныя 3D-друкаркі — такім словам усё часцей заменьваецца іншаземнае прынтэр. Ды яшчэ VR-акуляры, і паслухмяных робатаў самых розных памераў і прызначэнняў. Кладзем яшчэ на вагі будучыні ўнікальныя распрацоўкі ў сферы космасу, авіяцыі, экалогіі, здароўя...  І ўсё гэта, заўважце, робяць сёння нават не сколкаўскіх навукоўцы, а — нашы дзеці. Сучасныя таленты, а можа й будучыя геніі з Беларусі ды Расіі.

Мінскі гімназіст Даніла Елісееў 

Увогуле вельмі шмат усяго цікавага можна было пабачыць нядаўна ў знакамітым Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” — гэта на возеры Нарач. Там з 12 па 18 мая праходзіў фінал V конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”. Каля 300 юных даследчыкаў, вынаходнікаў і праграмістаў з Беларусі ды Расіі ва ўзросце 14-18 гадоў прадставілі на суд журы свае навуковыя распрацоўкі ды праекты. Акрамя таго, што я ўжо называла, там былі як мадэлі-копіі, так і дзейныя ўзоры разнастайнай тэхнікі: радыёэлектронныя, энергазберагальныя прыборы і прылады, аўтаматызаваныя сістэмы для падтрымкі дзейнасці чалавека і міжпланетных аўтаматычных станцый, трэнажоры... Цяжка, пэўна, журы даўся выбар, ды ўсё ж ён — зроблены. І абсалютнымі пераможцамі конкурсу сталі Даніла Елісееў з Мінска з праектам “Зборка 3D-друкаркі сваімі рукамі” ды Андрэй Палагута з Стаўрапольскага краю з праектам “Выраб мадэлі ракетнага крэйсера праекта 58 «Варяг»”.

З беларускім прызёрам Данілам Елісеевым, дзевяцікласнікам 6-й сталічнай гімназіі, мы сустрэліся, пагутарылі. Я нават назірала, як працуе ягоны “цуд тэхнікі”. “Усё пачалося ў мяне з 6 гадоў, з нашым беларускім канструктарам “Знаток”, — сарамліва ўсміхаўся, расказваючы пра свой шлях да прызнання, Даніла. — Сваю першую 3D-друкарку, вельмі простую, з абмежаванымі функцыямі, сабраў у 13 гадоў. А неяк у таты на працы ўбачыў замежную трохмерную друкарку, коштам 2000 даляраў. Тады мне падалося: вельмі дорага. Так і вырашыў паспрабаваць сабраць сваю, якая будзе значна танней”.

  Так прэзентаваўся праект 3D-друкаркі Данілы Елісеева 

Далей былі ў ягоным аповедзе вельмі складаныя паняцці, азначэнні... Таму іх апускаю. А галоўнае — гэта працуе! І такая машына можа выклікаць дзікае, як кажа моладзь, захапленне ў кожнага. Сёння ж многія чулі, ведаюць пра друкарку — гэта тое, што ўмомант можа скапіраваць ды раздрукаваць малюнак, тэкст. Карацей, нешта на плоскасці. А на 3D-друкарцы, сабранай Данілам у дамашніх умовах — апошнія два словы тут асабліва важныя! — пры дапамозе расплаўленай палімернай ніткі можна “выдрукаваць” любыя аб’ёмныя фігуркі: цацкі, сувеніры, упрыгажэнні ды й... нават копію самога сябе. “Да мяне цяпер часта звяртаюцца сябры з просьбай надрукаваць для іх бірулькі нейкія, фігуркі цацак, якія папулярныя сёння, — ахвотна прадаўжае Даніла. — І я з задавальненнем гэта раблю: запампоўваю з інтэрнэта і раздрукоўваю. Атрымліваецца не горш за тыя, што з крамы”.

Мяне ж цікавіць практычнае прымяненне ўстройства. Скажам, ці можна раздрукаваць нешта з таго, што прыдасца ў гаспадарцы? Так! Можна, аказваецца, надрукаваць і ручкі для кранаў, і шасцярэнькі для цацак, калі зламаліся. Прычым на друкарцы Данілы, сцвярджае ён, усё гэта можа атрымацца значна лепш і больш трывалым. А ўвогуле ён марыць адкрыць вытворчасць беларускіх 3D-друкарак. Мяркуе, што яны будуць карыстацца попытам, бо “мадэль Елісеева” па разліках выйдзе значна танней за іншыя аналагі — пацягне даляраў на 250.

Ну як вам ідэя? Па-мойму, здорава! Думаю, праз гадоў дзесяць у кожнай беларускай сям’і будзе стаяць свая трохмерная друкарка — як цяпер халадзільнік і тэлевізар. І мы станем тымі, каго называюць: сам сабе майстар. Хоча гайку — раздрукуй, а да яе й болт, і нават посуд. З таленавітымі дзецьмі такая будучыня — зусім побач. Толькі б нам, дарослым, навучыцца правільна дапамагаць альбо проста не перашкаджаць юным вынаходнікам. Каб хутчэй збываліся іхнія смелыя мары. І каб у свеце станавілася больш... Рэчаў? Не: шчасця, радасці, усмешак, дабрыні...

Іна Ганчаровіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter