«Як мне хацелася сустрэць калi-небудзь мужнага дзядзьку Труснова…»

Гартаючы ваенныя дзённiкi партызанскага камандзiра

Гартаючы ваенныя дзённiкi партызанскага камандзiра

Вайна 1941—1945 гадоў з нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi — самая крывавая, самая стратная i балючая. А для нас, беларусаў, —удвайне жорсткая. Кожны чацвёрты жыхар нашай краiны паклаў сваё жыццё на алтар Перамогi. Сярод ахвяр таго лiхалецця не толькi нашы хлопцы-воiны, але i бязвiннае мiрнае насельнiцтва — старыя, нямоглыя людзi i дзецi.

Вось што тварылi карнiкi ў нашым Рэчыцкiм раёне. Спалiлi наступныя вёскi: Аколiцу, Балашаўку, Баранаўку, Берагавую Слабаду, Борхаў, Будку-Шыбенку, Васiлькоў, Вiшнёўку, Вузнаж, Гагалi, Горнаўку, Глушэц, Глыбаў, Горваль, Дзятлаўку, Дуброву, Елiзаравiчы, Залессе, Заходы, Камсамольск, Крапiўню, Крынкi, Лiскi, Мiлаград...

Божа, ратуй мяне, не магу болей перапiсваць вёскi—ахвяры вайны. Нелюдзi знiшчалi ўсiх, хто трапляўся iм пад руку. У Бушаўцы спалiлi жывымi 80 вяскоўцаў. Аддалi агню i закатавалi 103 жыхары ў вёсцы Вышамiр. У Духанаўцы расстралялi 44 чалавекi. У Крынках загубiлi 165, у Маладушшы — 500 жыхароў...

Не мiнула ваеннае лiхалецце i нашу невялiкую вёсачку Шоўкавiчы. У чэрвенi 1943 года наляцелi на яе карнiкi, i зыркiмi свечкамi ўзнялiся ў неба ўсе хаты.

А была ж святочная нядзеля — Сёмуха. Кожная сям’я збiралася на сняданак. I раптам у вёску прыскакаў на канi партызанскi разведчык. Кажуць, гэта быў Мi­калай Крышнёў з атрада № 108 iмя Катоўскага. Ён галопам ляцеў па пыльнай вулiцы i бесперапынна крычаў: «Ратуйцеся!.. Вас iдуць палiць!..» I правай рукой паказваў у бок Парнi, куды трэба было ўцякаць.

Што зрабiлi ў гэты трагiчны момант мае мама Марыя i бацька Сцяпан?

Мама ўхапiла ў посцiлку мяне, малога, загадала ўсiм астатнiм дзецям трымацца яе падолу. Бацька зняў з покуцi iконку, дастаў з печы чыгунок варанай бульбы. З гэтым багаццем i пабеглi ратавацца.

Хто не паспеў уцячы, тых ворагi з халодным сэрцам парасстрэльвалi. Нявiннымi ахвярамi сталi дзед Сяргей Маркаў, 82 гады, Ганна Корзун, 73 гады, мацi чатырох дзяцей, Марыя i Анастасiя Старжынскiя, шматдзетныя мацi. Разам з хатай спалiлi Козыр Аксiнню, 64 гады, i яе дачку-iнвалiда Ганну Козыр.

Два нашых шоўкаўцы, бацька Васiль Мiкiценка з сынам-падлеткам Пятром, пайшлi па справах у суседнюю вёску Чарнейкi. I там iх напаткала расправа. Чарнейкаўцаў, якiя не паспелi схавацца ў лесе, карнiкi схапiлi, зачынiлi ў пустой хаце, спалiлi жывымi. Сярод гэтых пакутнiкаў былi нашы шоўкаўцы, бацька i сын.

А дваццаць шэсць шоўкаўскiх хлопцаў склалi свае галовы на франтах вайны i ў партызанах. Усяго — 37 загiнуўшых. Такi рахунак выставiла вайна невялiкай палескай вёсачцы.

Я знарок засяродзiўся на сваёй малой радзiме, бо ў тых дакументах, з якiмi будуць знаёмiцца чытачы, некалькi разоў прыгадваюцца i нашы Шоўкавiчы. Вакол Шоўкавiчаў «кватаравалi» партызанскiя атрады «Бальшавiк», iмя Варашылава, iмя Шчорса, 99-я Калiнкавiцкая брыгада. А найбольш запомнiлiся маiм шоўкаўцам партызаны-катоўцы, яны былi аб’­яднаны ў парты­занскi атрад № 108 iмя Катоўскага. Началь­нiкам атрада быў Мiкалай Аляксандравiч Трусноў.

Бацька аднойчы даверыўся i паказаў мне паперку з часоў вайны. На чвэртцы аркуша сiнiм алоўкам напiсана чатыры радкi. Iх вывеў падчас вайны камiсар катоўцаў Ф. Сполахаў. Паспешным, але выразным почыркам ён напiсаў:

«Даведка дадзена Лiпскаму С.I. з в. Шоўкавiчы ў тым, што карову, якая ёсць у яго, партызаны не маюць права забiраць».

Выведаў у старэйшых сясцёр Клавы i Любы, што тую карову з белай лысiнкай выдалi нашай сям’i партызаны па загаду свайго начальнiка Мiкалая Аляксандравiча Труснова. Мне тады вельмi хацелася малiцца на таго дабрадзея: «Дзякуй, дзядзька Трусноў, за падарунак. Тая карова стала выратаваннем шасцярых дзяцей, у тым лiку i мяне, самага малога».

Як мне хацелася калi-небудзь сустрэць таго добрага i мужнага дзядзьку Труснова, якi ваяваў у лясах каля нашых Шоўкавiчаў, якi са сваiм атрадам наводзiў страх на нямецка-палi­цэйскiя гарнiзоны, узрываў варожыя эшалоны з бое­прыпасамi i жывой сiлай.

На вялiкi жаль, нашы жыццёвыя дарогi разышлiся. Калi я прыехаў у Мiнск вучыцца, Мiкалай Аляк­сандравiч у тым жа годзе пакiнуў Мiнск, дзе заканчваў гадавыя курсы дырэктараў прамысловых прадпрыемстваў. Пазней я адшукаў яго сына Генадзя. I ён даверыў мне пачытаць бацькавы дзённiкi, загады, данясеннi камандзiра партызанскага атрада № 108 iмя Катоўскага М.А. Труснова.

Мне здаецца, дасцiпны чытач з глыбокай цiкавасцю ўпусцiць у сваю душу радкi, напiсаныя ў трывожныя днi лiхалецця, прыхапкам, на пяньку, у курэнi, у час кароткага адпачынку. Многае можна прачытаць i памiж радкамi. З кароткiх паведамленняў вымалёўваюцца новыя старонкi вядомай i невядомай вайны.

«Трое сутак прабiралiся ўдвух. Iшлi ноччу, а ўдзень адпачывалi...» Гэта пiша рускi чалавек Мiкалай Трусноў, кадравы афiцэр, якi па волi лёсу трапiў у першыя днi вайны ў Беларусь. Iшлi трое сутак ноччу. Iшлi па незнаёмай зямлi. Маглi сустрэць i ворага, i палах­лiўца, i здраднiка. Але iшлi i верылi, што спаткаюць «сваiх» — змагароў i аднадумцаў, верных Радзiме i прысязе. Так i адбылося.

Праз доўгiя днi вайны, асвоiўшы новую тактыку барацьбы з ворагам на акупаванай iм зямлi, Трусноў Мiкалай Аляксандравiч з’явiўся ў нашых, шоўкаўскiх лясах ужо загартаваным, вопытным парты­занскiм камандзiрам. На яго аса­бiстым рахунку i на рахунку яго сяброў-паплечнiкаў былi i ўзарваныя на самаробных мiнах фа­шысцкiя эшалоны, i знiшчаныя нямецкiя камiсары i iх мясцовыя слугачы.

Я помню i ведаю нашы лясы, i цяпер, калi пiшу гэтыя радкi ў цёплай i светлай мiнскай кватэры, мурашкi бегаюць па спiне. Божа мой, як жа начавалi партызаны ў курэнях, калi трэба было кла­пацiцца не толькi пра баявыя аперацыi, але i як пракармiцца, што адзець, дзе раздабыць коней, павозкi.

Бацька мой быў сувязным у катоўцаў. Мала пра гэта расказваў i пасля вайны. Пра ўсё я даведаўся некалi з ваенных архiваў ды тое-сёе выведаў у сваiх старэйшых братоў i сясцёр.

Пятро:

— Аднойчы ноччу стукаюць у нашы вокны. А хто ж ведае, хто там. Мы перапалохалiся: зараз перастраляюць усiх. Бацька пайшоў на вулiцу — няма i няма. А ён з камiсарам Васiльевым вёў перамовы. Потым давай збiраць хлеб у людзей. Тры падводы перадаў у лес...

Клава:

— Ноччу раз дзве жанчыны прывялi параненага салдата. Бацька яму сваю пасцель уступiў. З намi, дзецьмi, не вельмi сакрэтнiчаў...

Люба:

— Бацька паведамiў у партызанскi атрад, што ў воласцi склалi спiс маладых на вываз у Германiю. Толькi з Шоўкавiчаў — дваццаць тры чалавекi. З нашай сям’i траiх — Клаву, Пецю i мяне. Што ж ты думаеш, партызаны разбiлi воласць. Дык нi мы, нi восаўцы, нi вузнажцы ў тую Германiю iхнюю i не трапiлi. I слава Богу...

Коля:

— Перад вайной наш бацька быў брыгадзiрам. Па ўзросту ў армiю не ўзялi, стары. Дык ён быў сувязным у катоўцаў. Зрабiў на Чэчатавай грыве стог сена. Да яго можна было падысцi з Капiшчаў. А ў сярэдзiне стога зрабiў як бы курэнь. Туды дастаўляў для партызан хлеб, бульбу, мацi мыла iм анучы, адзенне. I я туды вазiў прадукты, запiскi. Было мне ўсяго адзiнаццаць гадоў. Бацька загадваў маўчаць пра хованку...

Багата пра што маўчалi людзi.

Цяпер вось загаварылi жывыя дакументы вайны. Учытваюся ў кожнае iх слова, i здаецца, плёнка часу адмотвае даўнейшыя днi лiхалецця. Хачу ўсё ведаць, хачу пра многае дазнацца.

Мне цiкава, што атрад iмя Катоўскага створаны ў нашых лясах 31 сакавiка 1943 года. Iшла вясна. Наступала летняя трагедыя, калi спалiлi нашу вёску. Наблiжалася вызваленне. Яго рыхтавалi лясныя героi — 153 партызаны-катоўцы. У iх было шэсць ручных кулямётаў, чатыры аўтаматы, ва ўсiх — ружжы. А ўжо праз месяц атрад павя­лiчыўся на 26 чалавек. У iх з’явiлiся аўтаматы, мiнамёт, вялiкая колькасць патронаў. Вiдаць, «пазычылi» ў фашыстаў. За гэты час на чыгунцы Жлобiн—Гомель пусцiлi пад адхон дзесяць варожых эшалонаў, у якiх было 70 вагонаў з тэхнiкай, харчамi, будматэрыяламi. Спалiлi чатыры масты, знiшчылi пяць валасцей...

Учытваўся ў загады, данясеннi i з хваляваннем чакаў, калi ж камандзiр прыгадае мае Шоўкавiчы, хацелася ведаць, як жыла вёска ў вайну. Вось сустрэў у дакументах прозвiшча Сполахава, палiтрука ўзвода, якi падпiсаў майму бацьку распiску, каб не чапалi нашу карову. У загадзе ўказаны толькi iнiцыялы «Ф.В.». Як жа звалi нашага выратавальнiка, адкуль ён? Маўчыць ваенная паперка пра невядомага мне палiтрука Сполахава Ф.В.

А хiба можна спакойна чытаць такiя радкi?

«За марадзёрства, бiццё i абман бязвiннага мiрнага насель­нiцтва суд Рэўтрыбунала атрада прыгаварыў байца першай роты Печкурова Е.Ф. да 10 гадоў турэмнага заключэння з адбыццём тэрмiну пакарання пасля заканчэння вайны».

А пакуль што малодшы лейтэнант Печкуроў пайшоў у бой. Цi вярнуўся з яго? Якi яго далейшы лёс?..

На шоўкаўскiх могiлках, помню, ёсць магiлка з чырвонай зоркай на драўляным абелiску. Багата каго распытваў, хто там пахаваны, якi герой. Мясцовыя ветэраны пацiскалi плячыма. Партызан-катовец Васiль Маеўскi, якi цяпер жыве ў Мiнску, сказаў, што там, вiдаць, пахаваны iх баец Карпушын.

I вось адкрыццё.

У данясеннi 3 кастрычнiка 1943 года камандзiру Гомельскага злучэння генерал-маёру Кожару камандзiр партызанскага атрада iмя Катоўскага Мiкалай Аляксандравiч Трусноў даводзiць:

«Партызан, камандзiр узвода Карпушын П.Н., 1909 года нараджэння, беспартыйны, паранены здрад­нiкам Дзедушкiным 26.08.43 г., памёр 3.10.43 г. у 5.30 ранiцы. Пахаванне праве­дзена на могiлках в. Шоўкавiчы».

Як жа цябе звалi, герой? Дзе жыве твая радня? Як бы я хацеў паказаць iм сваю лясную вёсачку, нашы прыгожыя баравiны i дубнякi, якiя вартуюць спакой вашага бацькi, дзядулi Карпушына П.Н.

Другi раз нашы Шоўкавiчы прыгадваюцца ў данясеннi ад 28.10.43 г., напiсаным ў 11.00:

«Атрад № 108 iмя Катоўскага знаходзiцца ў сваiм старым лагеры, у раёне Шоўкавiчаў. У вёсках Баравiкi, Селiшчы, Шоўкавiчы, Задзiрэеўка, Вузнаж цяпер непрыяцеля няма. Ва ўказаных пунктах трымаем разведку. Лагер наш цэлы. Мельнiца таксама. Над аэрадромам праляталi самалёты. Паведамiце, калi прымаць самалёты i сiгналы прыёма. Сёння ноччу будзем дзяжурыць. Вышлiце ракет i ракетнiцу...»

Дык вунь якiя партызаны-катоўцы! Мелi не толькi лагер каля нашых Шоўкавiчаў, але i млын, аэрадром. Яны абаранялi нас, усю нашу зямлю i мяне, малога.

Я захоўваю ў сваiх архiвах даведку, дадзеную майму бацьку Лiпскаму Сцяпану Iванавiчу камандзiрам партызанскага атрада № 108 iмя Катоўскага Мiкалаем Аляксандравiчам Трусновым. Упэўненым почыркам напiсана:

«Дадзена ў тым, што т. Лiпскi Сцяпан Iванавiч, ураджэнец в. Шоўкавiчы Вузнажскага сельсавета Васiлевiцкага раёна Палескай вобласцi, працаваў сувязным нашага атрада. Выяўляў тайных агентаў нямецкай разведкi i паведамляў у атрад. Збiраў хлеб, бульбу для партызан. Зберагаў ад немцаў i палiцэйскiх рабочую жывёлу, кароў, маёмасць, людзей. Арганi­зоўваў працу на палетках, дапамагаў чырвонаармейскiм i парты­занскiм сем’ям у жыццi i апрацоўцы зямлi».

Божа мой, я трымаю гэту ваенную паперку, як твой ордэн, Бацька. Думаю, як назваць яго: ордэн сумлення цi ордэн даверу? А можа, надаць яму годнасць ордэна бацькi? I гэтым усё будзе сказана: мужчына сапраўдны — бацька ў сям’i i верны слуга сваёй Бацькаўшчыны.

Уладзiмiр ЛIПСКI, пiсьменнiк, галоўны рэдактар часопiса «Вясёлка», лаўрэат Дзяржаўнай лiтаратурнай прэмii Беларусi

На здымку: былы сувязны С. i. Лiпскi i копiя выдадзенай яму некалi ў партызанскiм атрадзе даведкi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter