Як “Максім Перапяліца” завітаў у Гомель

1 студзеня 1956 года дыктар Мінскага тэлецэнтра Тамара Бастун упершыню звярнулася да жыхароў Мінска з навагоднімі віншаваннямі і паведаміла аб пачатку пробных перадач. Вяшчанне з мінскай тэлестудыі спачатку доўжылася не больш шасці гадзін у суткі, а радыус дзеяння не перавышаў 60 кіламетраў. На той час прымаць праграмы маглі нямногія, тэлевізар быў вялікай раскошай. Экран першых савецкіх тэлеапаратаў КВН памерам быў крыху меншы, чым звычайны фотаздымак сёння: 100 на 145 міліметраў. Многія не маглі набыць і яго, і радыёаматары збіралі “тэлевізары” самі. Серыйны выпуск тэлеапаратаў “Беларусь”, вядомых у народзе як “камбайны”, пачаўся ў 1954 годзе. Гэтыя прымітыўныя з сучаснага пункту гледжання прыборы збіралі ў кватэрах шчаслівых іх уладальнікаў натоўпы сяброў і суседзяў. Між тым, мала хто ведае, што ў Гомелі блакітныя экраны засвяціліся крыху раней, чым у сталіцы, дзякуючы энтузіязму неўтаймаваных аматараў аднаго з галоўных цудаў, створаных у дваццатым стагоддзі, — тэлебачання.

Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў у сваіх фондах захаваў рэдкае фота: “Радыёаматары г.Гомеля І.Борах і Я.Кернажыцкі вядуць сеанс тэлеперадачы на створаным тэлевізійным цэнтры. 17 лістапада 1956 года”. Але ж ад Мінска да Гомеля больш за 300 кіламетраў — як гэта было магчыма? Журналісцкую цікаўнасць поўнасцю спатоліла намеснік дырэктара РУП РТЦ “Тэлерадыёкампанія “Гомель” Святлана Еўрасава, бацька якой быў першым непрафесійным дыктарам  гомельскага тэлебачання. Аказалася, што першыя рэтрансляцыі гомельскія радыёаматары правялі яшчэ ў 1955 годзе!
 На здымку вы бачыце унікальнага чалавека — Яўгена Паўлавіча Кернажыцкага. Ён захапіўся радыё яшчэ ў 1925 годзе (як вядома, у гэтым  годзе адбылося адкрыццё шырокавяшчальнай радыётэлефоннай станцыі ў Мінску (упершыню ў эфіры словы “Гаворыць Мінск!..” прагучалі 15 лістапада). Адным з першых Яўген Паўлавіч сабраў радыёпрыёмнік. Яшчэ да вайны стварыў  радыёлабараторыю пры Гомельскай дзіцячай тэхнічнай станцыі, канструяваў УКХ-радыёстанцыі і радыёвузлы для школ і калгасаў. У 1939 годзе Яўгена Кернажыцкага выклікалі ў Маскву на святкаванне 15-годдзя радыёвяшчання і аднаму з першых у Саюзе ўручылі значок “Актывіст-радыёаматар II ступені”. Наогул, за свае вынаходніцтвы, у тым ліку першага радыёвузла-аўтамата, ён атрымаў шмат прэмій і ганаровых грамат. Магчыма, зараз гэта выклікае скептычную ўсмешку, аднак уявіце той час... Не хапала не тое што тэлевізараў, але нават радыёдэталі дастаць было вельмі цяжка. Аднак людзі на голым энтузіязме стваралі цуды. Так, сучаснаму чалавеку здаецца неверагоднай гісторыя стварэння першага ў Беларусі тэлевізійнага цэнтра.
У 1952 годзе ў Кіеве пачаў працаваць трэці па ліку ў СССР пасля Масквы і Ленінграда тэлецэнтр. Ад Кіева да Гомеля — 240 кіламетраў, і яны не сталі перашкодай для таленавітага канструктара. Яўген Кернажыцкі пераключыўся з радыё на тэлебачанне і пачаў праводзіць вопыты па прыёму тэлесігналу. Майстар падбіраў розныя тыпы антэн і вывучаў умовы прыёму тэлесігналу ў Гомелі. Вакол сябе ён сабраў групу энтузіястаў, якія дапамаглі сканструяваць самаробны тэлевізар, а потым і рэтрансляцыйную ўстаноўку яшчэ ў 1955 годзе.  Экран замяняла трубка ад асцылографа, і выява была зялёнага колеру, аднак, нягледзячы на гэта, паглядзець так званы “тэлевізар” у маленькую кватэру Кернажыцкага набівалася па 20—30 чалавек! Першапачаткова ўстаноўка канструктара трансліравала кіеўскі сігнал на адлегласць пяць-шэсць кіламетраў. На той час у Гомелі налічвалася ўсяго 10 тэлеапаратаў (гэта вядома дакладна, бо першым часам грамадзяне павінны былі рэгістраваць свае блакітныя экраны).
Група гомельскіх энтузіястаў тэлебачання не збіралася спыняцца на дасягнутым, і дзякуючы іх намаганням у маі 1955 года Гомельскі гарвыканкам прыняў рашэнне будаваць аматарскі тэлецэнтр. Размясціўся ён у Палацы культуры чыгуначнікаў. Тэлецэнтр збіралі  сваімі сіламі. Уявіце, як па дробязі, па дэталі пры татальным дэфіцыце радыёматэрыялаў у Гомелі пачыналася беларускае тэлебачанне... Святлана Еўрасава прывяла такі цікавы факт: корпус першай самаробнай тэлекамеры быў зроблены з фанеры, і толькі пазней яго замянілі на больш трывалы.
Тэлестудыю арганізавалі на 28 квадратных метрах! І ў гэтай маленечкай студыі артысты тэатраў, якія прыязджалі ў Гомель на гастролі, калектывы мясцовай самадзейнасці ў прамым эфіры паказвалі ўрыўкі са спектакляў, канцэрты, танцавалі і спявалі... Але гэта было пазней. А ўпершыню ўласную, незалежную ад Кіева праграму гомельскай аматарскай тэлестудыі гледачы ўбачылі 6 лістапада 1956 года. У кадр, па словах Святланы Еўрасавай, паставілі самага маладога — Генадзя Семянцова, які ў прамым эфіры аб’явіў фільм “Максім Перапяліца”. Жыхары Гомеля ўжо мелі каля 40 тэлепрыёмнікаў, і сігнал распаўсюджваўся на 25 кіламетраў. У лістападзе 1957 года гомельскі аматарскі тэлецэнтр быў прыняты ў строй дзеючых прадпрыемстваў сувязі і паралельна было вырашана будаваць дзяржаўны тэлецэнтр. Прафесійны тэлецэнтр пачаў працу ў Гомелі ў 1960-м, але асноўны касцяк яго супрацоўнікаў склаўся менавіта з аматарскай групы Яўгена Паўлавіча Кернажыцкага. Аматарскі тэлецэнтр разманціравалі і накіравалі абсталяванне ў Брэст. Там яно паклала пачатак наступнаму дзяржаўнаму тэлецэнтру краіны. 
 Фота прадастаўлена Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter