Як кот з сабакам…

Чаму сучасным маладым сем'ям так цяжка захаваць шлюб?

Чаму ў сучаснай маладой сям’i так цяжка знайсцi ўзаемаразуменне i жаданне захаваць шлюб?

— Ну як твае маладыя жывуць?

— Ды няма чым хвалiцца: як кот з сабакам, то збягуцца, то разбягуцца…

— I мае не лепш, ужо збiраюцца падаваць на развод…

Гэту размову двух бацькоў мне давялося чуць у грамадскiм транспарце. Па ўсiм адчувалася, што яны заклапочаныя сiтуацыяй са сваiмi дзецьмi. Столькi ў iх укладвалi, усё аддавалi, спадзеючыся на лепшае, а тут…

Такую ж трывогу выказвала i дырэктар Бабруйскага Палаца грамадзянскiх абрадаў Святлана Агеева: «Не ведаю, што з нашай моладдзю робiцца: за мiнулы год на 1825 шлюбаў – 1010 разводаў — больш паловы. Сумная статыстыка, але ж яна рэальна адлюстроўвае сiтуацыю. Здаецца, вось толькi давалi абяцаннi вернасцi, шанаваць адзiн аднаго, а тут раптам такi нечаканы паварот. Выскокваюць замуж не падрыхтава-нымi нi маральна, нi матэрыяльна. Куды, спытаеце, гля-дзяць бацькi?! Дык хто iх слухае? Нярэдка iх проста ставяць перад фактам…»

Такой жа думкi прытрымлiваюцца i ў аддзеле па справах моладзi Бабруйскага гарвыканкама: столькi работы праводзяць з моладдзю, падключаюць школу, навучальныя ўстановы, сям’ю, а вынiкаў асаб-лiва не бачна. Тут, вiдаць, сказваецца маральны крызiс, якi ўзнiк у грамадстве ў 90-х гадах мiнулага стагоддзя.

Мы проста, на думку многiх, адышлi ад права-слаўных традыцый, калi муж цi жонка – на ўсё жыццё. «Вочы бачылi, што выбiралi, — казалi нашы дзяды, — вось i жывi!» А цяпер i двойчы, i тройчы, i больш разоў могуць браць шлюб. I гэта стала нормай, прымаецца як належнае. Моднымi сталi так званыя грамадзянскiя шлюбы, калi маладыя жывуць без адпаведнага афармлення сваiх адно-сiн, i гасцявыя, калi шлюбы афармляюць, але жывуць муж i жонка асобна. Адным словам, фармальны падыход да такой важнай справы. Нармальна гэта? Не!

Ды i бацькi тут добранькiя. Яны, як кажуць, на руках носяць сваiх дзяцей, усе iх капрызы задавальняюць. На вяселлях у якасцi падарункаў маладым – кватэры, машыны: «Жывiце!» А тыя, не нюхаўшы «пораху жыцця», патрабуюць: «Давайце яшчэ!» I пры першых жыццёвых нягодах, як кажуць, здаюцца…

Тыя ж бацькi, як расказвае Святлана Агеева, могуць на вяселлi выкiнуць такое: не па-дзеляць грошы, якiя збiралi маладым, абвiнавацяць адзiн аднаго ў нячуласцi.

Ну а калi «ўспыхнулi» маладыя – развод: муж пайшоў у адзiн бок, а жонка з дзiцём у другi… Цяжка заставацца без мужчынскай падтрымкi, асаблiва балюча ўспрымаюць адсутнасць таты дзецi. А той нярэдка забывае пра сваю родную кроў, даводзiцца праз суд спаганяць алiменты на ўтрыманне сына цi дачкi. Мацi-адзiночка — звыклая для нашага грамадства з’ява. I хоць яна атрымлiвае пэўную дапамогу i льготы, гэта не вырашае праблему паўнавартаснай сям’i.

Лепш, канешне, не даводзiць справу да разводу. Перш за ўсё гэта павiнны ўсведамляць самi маладыя. Аднак iм патрэбна дапамога, каб нехта збоку, як кажуць, накiраваў на добры шлях — тыя ж бацькi, родзiчы, знаёмыя. Станоўча трэба ацэньваць, што ў судзе, дзе разглядаюць справы аб разводзе, тэрмiн прымiрэння бакоў складае тры месяцы. Аднак у згаданых установах да цяперашняга часу не iснуе псiхолагаў, якiя б папрацавалi з маладымi. На Захадзе такiя адзiнкi даўно ўведзены.

Хаця, падкрэслiвала Святлана Агеева, адабральных слоў заслугоўваюць i самi маладыя людзi. Апошнiм часам намецiлася тэндэнцыя, калi яны не спяшаюцца звязваць сябе сямейнымi вузамi: «Я павiнен чагосьцi дасягнуць, каб утрымлiваць сям’ю, дзяцей. Не спадзявацца на каго-небудзь, а разлiчваць на самога сябе». Амаль што так, як у той жа Германii, Швецыi, iншых краiнах, дзе бацькi не «кормяць» сваiх дзяцей: стаў на крыло — забяспечвай сваё жыццё сам.

Будзе ўсё ладам на сямейным полi – будзе добра i ў грамадстве, дзяржаве.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter