Як хобі ператварыць у заробак?

Топ-7 цікавых і нескладаных промыслаў, якімі захапляюцца і зарабляюць творчыя і прадпрымальныя беларусы

Топ-7 цікавых і нескладаных промыслаў, якімі захапляюцца і зарабляюць творчыя і прадпрымальныя беларусы

У той час, калі тысячы людзей не ведаюць, чым сябе заняць, і проста марнуюць час, ініцыятыўныя беларусы атрымліваюць асалоду ад занятку рознага кшталту рамёствамі. Больш за тое — зарабляюць на гэтым грошы! Адкрыць рамесніцтва каштуе сёння адну базавую велічыню. Заплаціў сто тысяч беларускіх рублёў — і гуляй, фантазія! А разгуляцца ёй сапраўды ёсць дзе. Народныя промыслы сёння — гэта не адны “лыжкі-дошкі”, але безліч новых і сучасных тэхналогій. Дзе можна праявіць сябе і на чым зарабіць грошы, даведалася карэспандэнт “НГ”, завітаўшы на выставу-кірмаш сучасных і традыцыйных рамёстваў “Млын”, якая праходзіць у гэтыя дні ў выставачным цэнтры “БелЭКСПА”.

Мыла пад ёлку

Надзея і Таццяна мылаварэннем заняліся спачатку для сябе. Спрабавалі вынайсці мыла, якое не выклікала б алергію. Атрымалася. Больш за тое, жанчыны сталі варыць мыла і для іншых. Разынка рамес-нікаў — мыла з віншаваннямі з Новым годам, днём нараджэння і іншымі святамі.

Кветкі ў боціках

Фларыстыкай Кацярына Адзінец займаецца ўжо больш за чатыры гады. Якія толькі прыгажосці не стварае яна з дапамогай кветак, стужак, шышак... Было б натхненне! І матэрыялы — па іх, як расказала Каця, даводзіцца ездзіць у Польшчу. А далей — палёт фантазіі: елачкі, вяночкі, кампазіцыі з боцікамі і іншае.

Шышкі... залатыя

Гэтую тэхніку Вера з Дзятлава вынайшла неспадзявана тры месяцы таму. Проста паспрабавала задэкараваць сасновыя шышкі і грэцкія арэхі. Жанчыне так спадабаўся вынік, што яна вырашыла радаваць цудоўнымі залатымі і срэбнымі шышкамі і арэхамі іншых.

Лялька ў дарогу

Яўгенія Гераніна запэўнівае, што няма прасцейшага промыслу, як выбраная ёю тэхніка мотанак, з дапамогай якіх яна вырабляе абярэгавыя лялькі: Кувадка — для лёгкіх родаў, Траўніца — ад хвароб, Падарожніца — для тых, хто збіраецца ў дарогу. Ні клею, ні іголкі. Толькі нітка і тканіна, з дапамогай якіх і матаюцца лялькі.

Лячэбная свечка

Заняцца ліццём свечак з натуральнага пчалінага воску Яне Каўчарэні дапамагло... замужжа: муж Яны, якая яшчэ дзяўчынай захаплялася свечкамі, аказаўся патомным пчаляром. “Такія свечкі не толькі прыгожыя, але і вельмі карысныя, — расказвае Яна. — З даўніны лічылася, што васковыя свечкі здольныя лячыць”.

Тэпцікі з лямцу

Вользе Турковай  праявіць сябе дапамагае валянне з лямцу. З дапамогай гэтага тэхнічнага прыёму можна ствараць з воўны малюнак на тканіне, а таксама аб’ёмныя пано, цацкі, аксесуары, адзенне. І прыгожа, і цёпла!

Паштоўка трыста год

Нескладанай тэхні-кай, на думку Вікторыі Шумскай, з’яўляецца і скрапбукінг — выраб і афармленне фотаальбомаў, паштовак, папак, блакнотаў на аснове спецыяльнай дызайнерскай паперы, якая можа захоўвацца да трохсот гадоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter