На заводе «Неман» стеклодувы создают настоящие шедевры ручной работы

Як гартаваўся хрусталь

Шклозавод «Нёман» — адзiнае прадпрыемства ў краiне, якое вырабляе хрусталь. Яно знаходзiцца ў Бярозаўцы Лідскага раёна. Сапраўдныя шэдэўры ручной работы ствараюць людзi рэдкай прафесii — шкловыдзiмальшчыкi. У iх умелых руках распаленая сумесь пяску, соды i свiнцу ператвараецца ў вытанчаны бакал або вазу. Гэтаму рамяству вучаць толькi тут, на вытворчасцi. За ўнiкальным працэсам нараджэння хрусталя назiраў карэспандэнт «Р».

Шклозавод «Нёман» — адзiнае прадпрыемства ў краiне, якое вырабляе хрусталь.

Майстры сваёй справы

— У нас шырокi асартымент прадукцыi: ад простых формаў (шклянка цi чарка) да складаных, рознай велiчынi i канфiгурацыi, — распавядае начальнiк вытворчасцi шклопрадукцыi завода «Нёман» Святлана Шчацько. — Выпускаем вырабы i з некалькiх частак, якiя затым склейваем пад уздзеяннем ультрафiялетавых лямпаў. А нядаўна мы пачалi вырабляць каляровы хрусталь: бiрузовы, рубiнавы, бурштынавы. Ён асаблiва прыгожы ў праламленнi святла. Вытворчасць цалкам ручная, таму ёсць магчымасць рэалiзаваць самыя розныя задумкi заказчыкаў.

У шклозавода «Нёман» два сэрцы — два цэхi: бясколернага шкла i хрусталю.

У шклозавода «Нёман» два сэрцы — два цэхi: бясколернага шкла i хрусталю. Там горача, хоць на вулiцы крыху вышэй за нуль. Печы грэюць, шкловыдзiмальшчыкi працуюць у майках. Праўда, ратуюць ветрагоны.

Печы грэюць, шкловыдзiмальшчыкi працуюць у майках.

У печы бурлiць распалены да 1200 градусаў хрусталь. У яго складзе пясок, мел, сода, свiнец i iншыя кампаненты, паскаральнiкi варкi. Выдзiмальшчык набiрае кроплю шкламасы, вязкай i цягучай, як мёд. Кожны спецыялiст дакладна ведае, колькi трэба, — рука набiта. Фармiруе саму кроплю ўжо другi выдзiмальшчык. У катальнiку (драўлянай ёмiстасцi, змочанай у вадзе) распаленай гулечцы шкламасы ён надае пэўны выгляд: для чаркi — круглы, для бакала — выцягнуты. Затым апускае ў форму i спецыяльнай грушай нагнятае паветра. Так выраб набывае пэўныя аб’ём i памер. Падача паветра таксама фiлiгранная справа, бо трэба, каб сценкi будучага вырабу былi пэўнай таўшчынi. У хрусталя яны самыя тонкiя — 2,5 мiлiметра, у прадукцыi са шкла i таго менш — 1 мiлiметр.

У складзе хрусталю — пясок, мел, сода, свiнец i iншыя кампаненты, паскаральнiкi варкi.

У хрусталя самыя тонкiя сценкі — 2,5 мiлiметра, у прадукцыi са шкла i таго менш — 1 мiлiметр.

Аплата работы здзельная, таму брыгада працуе жвава. Норма за суткi — каля 600 вырабаў на групу з пяцi чалавек.

Выдзiманыя вырабы адпраўляюцца ў печы абпалу, дзе пры тэмпературы 500 градусаў на працягу двух гадзiн здымаецца ўнутранае i вонкавае напружанне.

Вытворчасць цалкам ручная, таму шклозавод «Нёман» рэалiзуе самыя розныя задумкi заказчыкаў.

Тонкая праца

Бясколернае шкло не заўсёды патрабуе дадатковай апрацоўкi, а вось для хрусталя яна абавязковая. Пасля аздаблення вострага краю шлiфоўшчыкi наносяць на хрусталь алмазную грань, затым пачынаецца хiмiчная палiроўка, i выраб набывае пэўны глянец. Часам шкло i хрусталь дэкарыруюць вадкiм золатам або дэколем (перакладной карцiнкай).


Ёсць у шклозавода «Нёман» сваё цюнiнг-атэлье. Па эскiзах мастакоў сувенiрная брыгада вырабляе эксклюзiўныя заказы: выдзiманае шкло i хрусталь без формаў. Дарэчы, гэтаму рамяству вучаць менавiта на вытворчасцi. Два-тры месяцы — стажыроўка, потым — атэстацыя. I сардэчна запрашаем да выдзiмальшчыкаў!

















ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter