Яго Вялікасць Стары замак
16.01.2009 01:00:00
Каралеўскі палац пасля рэстаўрацыі будзе ўпрыгожаны атыкам з грэбнем, па цэнтры палацавага фасада размесціцца аркадная лоджыя. Фасады набудуць багатыя рэльефныя формы дзякуючы часаным дэталям з пясчаніку. Замак увянчаюць дзве вежы, сярэдняя і вуглавая, над ўязной брамай з’явіцца купал. Унутранае ўбранне таксама будзе адпавядаць узроўню каралеўскай рэзідэнцыі: італьянскую столь упрыгожыць разьба з поліхраміяй, з’явяцца габелены, печы, каміны.
Эскізны праект рэстаўрацыі замка, як зазначыў Уладзімір Васільевіч, быў разгледжаны Міністэрствам культуры яшчэ ў 1993 годзе, гэтаму папярэднічала дэталёвае абследаванне спецыялістамі тэрыторыі замка. Аднак важная справа рэстаўрацыі адной з галоўных славутасцей Гродна была прадоўжана толькі ў 2007 годзе, у многім дзякуючы ініцыятыве губернатара Ула-дзіміра Саўчанкі. Зараз першая чарга рэканструкцыі замка знаходзіцца на стадыі абгрунтавання інвестыцый.
Як расказаў Уладзімір Бачкоў, увесь Стары замак разглядаецца як аб’ект рэстаўрацыі з экспазіцыяй больш старадаўніх руін, якія адносяцца да старажытнарускага перыяду і перыяду Вялікага княства Літоўскага. Гэтыя руіны будуць экспаніравацца ў падзямеллі замка, якое спецыяльна для гэтага ствараецца, там будзе знаходзіцца і археалагічная калекцыя.
Паводле слоў Уладзіміра Бачкова, праект рэстаўрацыі разбіты на чэргі. На сёння выканана 10 працэнтаў праектных работ. Кожны этап будзе праходзіць экспертызу і зацвярджэнне ў Міністэрстве культуры.