Яго Вялікасць Стары замак

Стары замак ў Гродне пасля рэстаўрацыі набудзе выгляд каралеўскай рэзідэнцыі ХVI стагоддзяПра гэта паведаміў карэспандэнту “НГ” навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі, архітэктар УП “ Гроднаграмадзянпраект” Уладзімір БАЧКОЎ.З гісторыі вядома, што спецыяльна для караля Рэчы Паспалітай Сцяпана Батуры ў 1580 годзе па праекту італьянскага архітэктара Санці Гучы замак быў перабудаваны: увянчаны дэкаратыўным атыкам, упрыгожаны рэнесанснымі архітэктурнымі дэталямі, разным арнаментам. З цягам часу знешні выгляд палаца змяняўся. Цяпер вырашана вярнуць яму выгляд часоў караля Баторыя.

Каралеўскі палац пасля рэстаўрацыі будзе ўпрыгожаны атыкам з грэбнем, па цэнтры палацавага фасада размесціцца аркадная лоджыя. Фасады набудуць багатыя рэльефныя формы дзякуючы часаным дэталям з пясчаніку. Замак увянчаюць дзве вежы, сярэдняя і вуглавая, над ўязной брамай з’явіцца купал. Унутранае ўбранне таксама будзе адпавядаць узроўню каралеўскай рэзідэнцыі: італьянскую столь упрыгожыць разьба з поліхраміяй, з’явяцца габелены, печы, каміны.
Эскізны праект рэстаўрацыі замка, як зазначыў Уладзімір Васільевіч, быў разгледжаны Міністэрствам культуры яшчэ ў 1993 годзе, гэтаму папярэднічала дэталёвае абследаванне спецыялістамі тэрыторыі замка. Аднак важная справа рэстаўрацыі адной з галоўных славутасцей Гродна была прадоўжана толькі ў 2007 годзе, у многім дзякуючы ініцыятыве губернатара Ула-дзіміра Саўчанкі. Зараз першая чарга рэканструкцыі замка знаходзіцца на стадыі абгрунтавання інвестыцый.
Як расказаў Уладзімір Бачкоў, увесь Стары замак разглядаецца як аб’ект рэстаўрацыі з экспазіцыяй больш старадаўніх руін, якія адносяцца да старажытнарускага перыяду і перыяду Вялікага княства Літоўскага. Гэтыя руіны будуць экспаніравацца ў падзямеллі замка, якое спецыяльна для гэтага ствараецца, там будзе знаходзіцца і археалагічная калекцыя.
Паводле слоў Уладзіміра Бачкова, праект рэстаўрацыі разбіты на чэргі. На сёння выканана 10 працэнтаў праектных работ. Кожны этап будзе праходзіць экспертызу і зацвярджэнне ў Міністэрстве культуры.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter