Яго чалавечнасць была зачароўваючай.

Учора вернікі развіталіся з кардыналам Казімірам Свёнтэкам, вялікім чалавекам, шчырым святаром і моцным веруючым.

“Дрэва непахіснае ў хвіліну шторму”, “ікона постсавецкага каталіцызму”, “сімвал адраджэння Касцёла і надзеі”, “моцны сведка Хрыста”, “чалавек непахіснай веры” — як толькі не называлі кардынала Свёнтэка. Бо цанілі, любілі і паважалі. Не толькі простыя веруючыя. Але прадстаўнікі духавенства, дыпламатыі і афіцыйнай улады.

Усе яны — з кветкамі, вянкамі і сумам у вачах — прыйшлі ў суботу ў мінскую катэдру, куды было прывезена    цела спачылага іерарха, каб развітацца з першым кардыналам Беларусі і падзякаваць яму за шчырыя малітвы, яго веру і тыя неймаверныя сілы, якія ён уклаў дзеля аднаўлення Касцёла на Беларусі. Асобны вянок і словы спачування даслаў і Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. Сярод афіцыйных асоб на жалобнай цырымоніі прысутнічалі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў, старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, узгадваючы жыццёвы шлях кардынала Свёнтэка, адзначыў, што сучасны свет запомніць кардынала як выдатнага пастыра, арганізатара і абаронцу свабоды рэлігіі. Нават на высокіх касцёльных пасадах кардынал заставаўся простым чалавекам, у якога можна было вучыцца запальваючаму гумару, радасці святарскага служэння, энтузіязму, прастаце ў афіцыйных сустрэчах. “Адным словам, яго чалавечнасць была зачароўваючай, а святарства — прароцкім”, — падвёў выснову мітрапаліт на суботняй Імшы.
Не менш людзей, кветак і слоў спачування было і  ўчора — на пахавальнай святой Імшы ў Пінску, якую  ўзначаліў былы асабісты сакратар папы Яна Паўла ІІ арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш. Да ўсяго ён быў добрым сябрам кардынала Свёнтэка.
З многіх краін прыехалі іерархі развітацца з беларускім кардыналам. Усе цанілі яго непахісную веру, ведаючы, што прыйшлося перажыць Свёнтэку. Пастаянныя пераследы, двухмесячнае прабыванне ў камеры “смяротнікаў” у Брэсце, у гады вайны ў сталінскіх лагерах, пастырская дзейнасць у часы камуністычнай дыктатуры...
Кардынал быў пахаваны ў крыпце пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Там пачаўся святарскі шлях Свёнтэка, там ён і скончыўся. Кардынал адышоў у вечнасць, але не пакінуў нас. Ён заўсёды будзе са сваімі дзецьмі, будзе глядзець на нас з аблокаў і маліцца за наша шчасце і супакой.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter