Яблык упаў дасвеццем. У свет айчыннай літаратуры запрашае паэт Васіль Зуёнак

Я даўно і добра ведаю Васіля Зуёнка. Мяне да гэтага часу хвалююць і захапляюць ягоныя паэтычныя радкі, якія зараз хачу працытаваць. Яны падсвечаны нейкай загадкавасцю, што дае падставы чытачу бачыць у іх не толькі свой час, але і сусвет ва ўсёй бязмежнасці:

Ніхто не пачуў:
Яблык упаў дасвеццем —
Ля Халопеніч, на Беларусі.
Ніхто не пачуў —
Ні людзі, ні травы, ні вецер...
Ніхто,
А шар зямны
Здрыгануўся.

Аказваецца, не адно мне прыйшоўся па душы гэты верш. Уладзімір Караткевіч некалі так адгукнуўся на яго: “Гэта не ілюстрацыя да закона фізікі. Дзеля гэтага трэба было самому ляжаць пад той яблыняй і адчуць, як яблык упаў у траву, як азвалася — гулка на дасвецці — зямля. Трэба было, каб... здрыгануўся не толькі шар зямны, але і сэрца таго, хто чытае...”
А нечакана Васіль Васільевіч адкрыўся чытачам сваім іншым талентам — даследчыка і аналітыка беларускай літаратуры. Зрэшты, нездарма ж, відаць, паэт мае годнасць кандыдата філалагічных навук, ганаровага члена Нацыянальнай акадэміі навук.
Нядаўна літаратуразнаўчыя работы Васіля Зуёнка матэрыялізаваліся ў асобнай кнізе “Паміж небам і зямлёй”.
Аўтар дзеліцца сваімі ўражаннямі аб паэзіі  класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пімена Панчанкі, калег-равеснікаў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева, Янкі Сіпакова, даследуе сакрэты паэтычнага майстэрства, этымалагічныя глыбіні слова. Больш за тое, закранаецца творчасць паэтаў не толькі беларускіх, бо аўтар імкнецца глядзець на літаратуру ў еўрапейскім і сусветным кантэксце.
Мне было цікава супаставіць свае ўласныя ацэнкі любімых паэтаў і асобных вершаў, радкоў і нават слоў з ацэнкамі Васіля Зуёнка. Матэрыял у яго настолькі пазнавальны і займальны, што многія старонкі я перачытваў не адзін раз.
Выказваецца аўтар і пра цяжкасці перакладу, пошукі адэкватных выяўленчых сродкаў, якія найбольш поўна перадавалі б сэнс створанага іншым пісьменнікам. Пра гэта паэт-літаратуразнаўца гаворыць не толькі тэарэтычна, але з веданнем справы, бо сам не адзін дзесятак твораў пераўвасобіў на беларускай мове.
Аддаючы даніну добрай даўняй традыцыі, калі паездкі пісьменнікаў на Генеральныя Асамблеі ААН заканчваліся рэпартажамі, не абмінуў гэтай тэмы і Васіль Зуёнак — ён быў на 40-й сесіі Генасамблеі ў 1985 годзе. А быў і другі візіт у далёкую Амерыку — у 1988 годзе. Погляд на тую паездку розніцца ад першага, бо даў магчымасць ацаніць напісанае раней, зверыць уражанні. Тады на нашых савецкіх землях веялі вятры перамен, а побыт у Штатах быў арганізаваны ў амерыканскіх сем’ях. Безумоўна, гэта наклала адбітак і на высновы, і на сам падыход да апісання ўбачанага далёка за акіянам. У матэрыяле “Дзесяць дзён другога адкрыцця” цікава распавядаецца пра падарожжы ў ЗША.
Вельмі ёмістая атрымалася кніга, добра ілюстраваная здымкамі. Аўтара не перастае хваляваць “пытанне наіўнае і цікаўнасць марная, калі не сказаць пустая: “Хто быў першым паэтам?” Для адных — “наіўнае”, бо адказ спаконвечна вядомы і аксіёмны — доказаў не патрабуе. “Марная” — бо спрэчка іншых, “другіх”, з гэтымі “аднымі” ніколі да перамогі не прыводзіла і не прывядзе...”
А вы хочаце знайсці адказ на гэтае пытанне? Тады — да кнігі Васіля Зуёнка “Паміж небам і зямлёй”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter