Сёння мы больш ведаем прозвішча Сікоры дзякуючы яго гібрыду яблыка пад нумарам 1337

Яблык ад яблынi

Надарылася гэта напачатку лета. Было мне тады, мо, год дванаццаць, бо памятаю, якраз закончыў пяты клас. І наша класная дала ўсім па яблыку — такім свежым і смачным. Мы падумалі, што іх прывёз хтосьці з поўдня ці наогул з-за мяжы. Але настаўніца сказала, што выраслі яны паблізу, у Шаркаўшчынскім раёне, у садзе селекцыянера  Івана СІКОРЫ.

З той пары і запала гэта прозвішча. А потым, калі ўжо працаваў, збіраў пакрысе (жывым, на жаль, яго не застаў) матэрыял пра гэтага неардынарнага чалавека, некалькі разоў быў у яго садзе. І вось прыйшла нагода напісаць гэтыя пісьмы з Шаркаўшчынскага раёна — пра мінулае і дзень сённяшні.

«На маёй магіле пасадзіце фундук Сікоры»

Сёння мы больш ведаем Івана Паўлавіча дзякуючы яго гібрыду яблыка пад нумарам 1337, які быў створаны  амаль сто гадоў таму і да сённяшняй пары не мае сабе роўных. Нездарма яго назвалі яблыкам XXI стагоддзя. Але ж гэта толькі маленькая кропелька работы вучонага. За паўстагоддзя ў сваім гадавальніку ў роднай вёсцы Малыя Алашкі, які быў затым ператвораны ў Паўночны апорны пункт, Іван Сікора вывеў больш за тысячу сартоў яблыкаў, груш, вішань, арэхаў, ягад, гародніны, кветак. А выпрабаваў у шмат разоў больш.

Самыя гучныя перамогі атрымлівалі яго плады на міжнародных выставах. Быў трыумф у Рыме. Тое ж паўтарылася і ў Маскве, за што Сікора атрымаў у падарунак рэдкі на той час радыёпрыёмнік. З ім раіліся, вялі перапіску вядомыя на ўвесь былы Савецкі Саюз вучоныя.

«Нядаўна мы атрымалі 15 відаў фундуку з Азербайджана. Параўнаў з вашымі. Вашы — у 2—3 разы буйнейшыя! Сваім фундуком вы можаце ганарыцца!» — паведамляў Сікору акадэмік  Павел Нікіфаравіч Якаўлеў.

Узнікае законнае пытанне: як магло атрымацца, што чалавек, які скончыў толькі царкоўна-прыхадскую і Краснагорскую настаўніцкую школы, змог дабіцца такога фенаменальнага поспеху ў садаводстве?

Па словах блізкіх людзей, лёс звёў яго з прафесарам Адамам Грабніцкім, беларусам, родам з-пад Лепеля, які жыў на той час у Літве ў маёнтку Роюс, усяго ў нейкай сотні кіламетраў ад Малых Алашак, меў цудоўны сад, вырошчваў выдатныя сарты пладовых дрэў і шчодра дзяліўся сваімі ведамі з маладым Сікорам. 

А штуршком да садаводства, як прыгадваў сам Іван Паўлавіч, з’явілася наступнае:

— Яшчэ хлопчыкам я «захварэў» кнігамі. Іх было мала, і таму чытаў усё запар. Аднойчы трапілася кніга Міхаіла Прышвіна з сухаватай назвай «Удабрэнне палёў і лугоў». Яна зрабіла на мяне вялікае ўражанне. Гэты аграном, аўтар кнігі, паказаўся мне незвычайным чалавекам. Ён навучыў мяне ў раслінаводстве бачыць сяброў. Гэта ж жывыя істоты, якія жывуць і паміраюць, растуць і размнажаюцца, п’юць ваду і патрабуюць харчавання. Значыць, аграном — гэта такі чалавек, які бачыць душу расліны. Пазней я даведаўся, што аграном Прышвін — пісьменнік».

З цягам часу яны пазнаёміліся, абменьваліся чаранкамі, насеннем раслін. Міхаіл Прышвін завяшчаў, каб на яго магіле пасадзілі фундук Івана Сікоры, што і было зроблена.

Нельга тут не ўзгадаць і перапіску Івана Сікоры з класікам рускай і сусветнай літаратуры Львом Талстым. Здарылася гэта наступным чынам. Сікора праходзіў ваенную службу ажно ў Хабараўску. Там пасябраваў з салдатам Наварускім з Тулы, дом якога быў непадалёк ад Яснай Паляны, маёнтка пісьменніка. Сябра ўгаварыў Сікору напісаць Талстому ліст з пытаннямі, якія так хвалявалі: аб ролі чалавека ў грамадстве і наогул — сэнсе жыцця. Леў Мікалаевіч не толькі даслаў у адказ ліст, але і свой партрэт з кнігамі. На партрэце ў куточку быў надпіс: «И. П. Сикоре, Лев Толстой. 9 окт. 1907 г.» Гэты партрэт ёсць і зараз. Знаходзіцца ён, як я даведаўся, ва ўнука Івана Паўлавіча — Пятра. А вось ліст не захаваўся. Ён, казалі, згарэў падчас пажару, хаця Сікора памятаў тыя радкі напамяць. Леў Мікалаевіч, адказваючы на пытанне, як жыць, раіў прыслухоўвацца да голасу свайго сумлення, не рабіць іншаму таго, чаго б не жадаў сабе.

Перапісваўся Іван Паўлавіч і з такімі знакамітымі рускімі пісьменнікамі, як Леанід Лявонаў, Уладзімір Арсеньеў.

Асобна стаіць перапіска з пісьменнікам-земляком Міхасём Машарам. Іван Паўлавіч быў першым чытачом яго твораў, падтрымліваў як мог, маральна і матэрыяльна. Дзякуючы былому супрацоўніку абласной газеты  Леаніду Крэскіяну да нас дайшло 27 лістоў пісьменніка, датаваных 1935—1939 гадамі. Вось кавалачак зместу аднаго з іх:

«Дарагі Іван Паўлавіч!

Вось ужо мінае паўтары тыдні, як я вярнуўся ад вас дамоў і ніяк не змог дагэтуль напісаць вам... Ад вас прывёз надта многа ўражанняў аб практычным падыходзе да жыцця. Хацеў бы сам скарыстаць што-небудзь і шмат над гэтым думаў, але чым больш думаю, тым больш здаецца — гэта для мяне  нездзяйсняльна.

Першая прычына — гэта мушу думаць аб сродках, як пражыць бягучы дзень, а дрэвагадоўля  вымагае затраты сродкаў, часу і патрэбных ведаў. Тут, як і ў кожную рэч, калі хочаш дасягнуць вынікаў, трэба ўкладваць усяго сябе.  Мне ж хацелася б выпрабаваць усе жыццёвыя магчымасці для маёй сучаснай працы, да якой, мне здаецца, я больш прыдатны...

Адно, што, безумоўна, буду рэалізоўваць у бліжэйшым будучым, гэта разводзіць садок, у чым надта разлічваю на Вашу дапамогу, хоць, па сутнасці, і гэта пакуль што прыгожая  мроя, рэалізацыя якой залежыць ад таго, як складзецца  маё жыццё, бо цяпер яно падыходзіць да сляпога тупіка, з якога не ведаю, ці я здолею вылезці і вылезці так, каб знайсці магчымасць жыць і працаваць у маім напрамку.

Ад спаткання з вамі ў мяне засталося  светлае і цёплае ўражанне, за якое я вам вельмі ўдзячны. Вы творыце прыгожую паэму чыну і працы. У наш час надта мала такіх людзей, і я вельмі рады майму знаёмству з вамі».

Іван Паўлавіч дапамог і Міхасю Машару саджанцамі, чаранкамі, насеннем у закладцы невялікага саду. У сваю чаргу ён паўплываў на далейшы лёс самога Сікоры.

Было гэта, расказвалі, так. У верасні 1939 года Чырвоная Армія  вызваліла Заходнюю Беларусь ад белапалякаў. Іван Паўлавіч аказаўся ў цэнтры новага жыцця. Мясцовыя жыхары выбралі яго старшынёй сялянскага камітэта — часовага органа новай улады, які быў створаны на станцыі Полава, недалёка ад Алашак. А неўзабаве, калі ў вёсцы Слабада адчынілася беларуская школа, Сікора з задавальненнем пагадзіўся стаць яе дырэктарам. І хто ведае, мо, першая афіцыйная прафесія зацягнула б яго, і некалі было б займацца садам і доследамі ў ім? Але Міхась Машара на прыёме ў першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі не прамінуў расказаць пра свайго сябра садавода-любіцеля. У Малыя Алашкі была выслана аўтарытэтная камісія, і неўзабаве адчынены  Паўночны апорны пункт Беларускай садавінна-агародніннай вопытнай станцыі, навуковым кіраўніком якой прызначаўся Іван Сікора. На тым і закончылася яго дырэктарства ў школе.

У гады Вялікай Ачыннай вайны пункт афіцыйна не працаваў, а  яго начальніка фашысты ледзьве не расстралялі як савецкага служачага. Цудам удалося выратавацца. І ўсё ж Іван Паўлавіч, наколькі дазвалялі абставіны, працягваў работу, а яшчэ быў... партызанскім сувязным. Аб гэтым сведчыць пісьмовая падзяка яму камандзіра брыгады імя Суворава А. Т. Кляцова, камісара М. Я. Усава і начальніка штаба Т. К. Раеўскага.

Пасля вайны апорны пункт у Малых Алашках стаў адным з цэнтраў навукова-даследчай работы. Сюды прыязджалі на экскурсію. Сікора сустракаў людзей ветліва, у нацыянальным касцюме з вышыўкай, расказваў, паказваў і ў той жа час перажываў, хваляваўся, каб не затапталі госці ніводнай травінкі. Таму пасля ён браў у рукі грабельцы і раўняў дарожкі, каб на іх не засталося слядоў.

Іван СІКОРА ў садзе з вучнямі школы.

Шмат цікавага з жыцця Івана Паўлавіча расказвае ўнучка роднага брата Івана Сікоры — Кастуся — Галіна Сікора, якая была дырэктарам той жа Слабадской школы. 

— Памятаю, Іван Паўлавіч вельмі любіў слухаць, як я ў дзяцінстве спявала. Яму захацелася, каб я паступіла ў музычную школу. Але тады якую музычную адукацыю можна было атрымаць? Такіх школ у нашых мясцінах не было. Ён і кажа: «Давай, Галя, мы напішам пісьмо ў «Піянерскую праўду». Можа, нам якую параду дадуць?» Сама б я ніколі не  пісала ў газету. Гэта зрабіў Іван Паўлавіч. Атрымалі адказ, што ёсць музычная школа ў Віцебску. Паехала туды, але спасцігла няўдача: набор студэнтаў закончыўся. Але Іван Паўлавіч не супакоіўся: «Не выйшла з музыкай — будзеш настаўніцай!» І адправіў у Мінск у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Нягледзячы на вялікі конкурс, паступіла на факультэт беларускай і рускай мовы. І так атрымалася, што ў першым сваім лісце да Івана Паўлавіча зрабіла памылку. Дык ён гэтую памылку пазначыў вялікай літарай. Вельмі патрабавальны і адказны быў.

Да яго прыходзілі ў дзень дзясяткі лістоў з розных куткоў краіны, і ўсім ён даваў адказы. Часам пісаў цэлыя аповесці. Самае цікавае, што спачатку занатоўваў на чарнавы лісток, а потым перапісваў.

Пошта ў нас была ў Вялікіх Алашках, і дзядуля ранічкай спяшаўся туды, каб паслаць лісты, атрымаць паштоўкі і пасылкі з кнігамі. Звычайна, ідучы па вясковай вуліцы, заглядваў да гаспадароў, дзе пасаджаны дрэўца ці кветкі, якія ён даваў раней, цікавіўся, ці правільна даглядаюць за імі. Даваў парады. Часам «чытаў» цэлыя лекцыі. І нездарма таму Малыя і Вялікія Алашкі лічыліся самымі прыгожымі вёскамі ў раёне.

Быў вельмі працавіты. На досвітку, з першымі промнямі сонца, ён ужо быў на нагах, у садзе. Выконваў любую работу: ці то прапалоць дзялянку, ці то градкі ўскапаць. Зямлі было мала, да таго ж нізінная, дык ён сам зладзіў дрэнаж, каб зрабіць участак прыдатным для раслін. Сам асушыў тарфянікі і пасадзіў там ляшчыну.

Падзеяй для алашкаўцаў у тыя часы было кіно. Устаноўка мелася перасовачная. Кінамеханік прыязджаў у вёску, збіраліся ў хаце майго бацькі.  Іван Паўлавіч прыносіў з сабой зэдлік, хоць яму ўступалі месца ў першых радах, і з вялікай цікавасцю засяроджваўся на тым, што было на экране. У зале, калі ён прыходзіў, усталёўвалася абсалютная цішыня.

А сёння ў такой жа звычайнай вясковай хаціне — музей Сікоры, наведвальнікі глядзяць кіно вытворчасці «Беларусьфільм» пра самога Івана Паўлавіча, знятае яшчэ пры яго жыцці, калі яму было 79 гадоў. Вось ён у сваёй адметнай нацыянальнай кашулі з вышыўкай, падпаясаны кушаком, сустракае гасцей.  Вось трымае на далоні цяжкую гронку вінаграду. Вось частуе чырвонабокімі яблыкамі дзяцей. А вось лушчыць буйны фундук, як некалі на калгасным кірмашы ў Шаркаўшчыне, расказваючы, што нідзе няма столькі спажыўных і каштоўных рэчываў для чалавека, як у гэтым арэху. Маўляў, самая што ні на ёсць страва для касманаўтаў.



Фота з архіва
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter