Мы ведаем прозвішча Сікоры дзякуючы яго гібрыду яблыка пад нумарам 1337

Яблык ад яблынi

Жыццё і лёс, тайнае і яўнае, асабістае і грамадскае на шляху легендарнага селекцыянера з Малых Алашак
«Калі ты сумленна пражыў дзень, то спакойна заснеш»

Гадоў дзесяць таму, працуючы ў абласной газеце, выпадкова даведаўся, што ў пасёлку Варапаева Пастаўскага раёна жыве дачка Івана Сікоры — Ліда, якая была першай яго памочніцай. Паехаў да яе, каб даведацца больш пра слыннага садавода-селекцыянера. 


Яна з ахвотай паказала свой сад, невялікі пладовы гадавальнік, а калі я спытаў наконт яе бацькі, задумалася: «Ведаеце, лепш напішу ў спакойнай абстаноўцы». На развітанне падарыла саджанец «Памяць Сікоры».

Тая яблынька цяпер дае ўраджай на ўсю зіму і вясну, бо захоўваюцца яблыкі цудоўна да самага лета. А вось з успамінамі выйшла іначай: неяк зацягнулася гэта справа, а потым са шкадаваннем даведаўся, што Лідзія Іванаўна пайшла з жыцця, і ўсё незваротна згублена.

І якое ж было здзіўленне, калі нядаўна ўнучка брата Івана Сікоры — Галіна Сікора — дастала просценькую папку з пажоўклымі лістамі, на якіх акуратным роўным почыркам былі напісаны тыя самыя ўспаміны. 

«Бацьку свайго я помню прыкладна з чатырохгадовага ўзросту, з 1920 года. Свайго дома тады ў нас не было, і жылі мы ў хаце нашага дзядулі разам са старэйшым братам бацькі Кантанцінам, у якога было 6 членаў сям’і, нас чацвёра, дзядуля з бабуляй — усяго дванаццаць чалавек. У доме была кухня з рускай печкай і адзін вялікі пакой, які для ўсіх з’яўляўся і спальняй, і рабочым кабінетам. Зразумела, было цесна. Асабліва бацьку не ставала магчымасці спакойна чытаць і пісаць. Дзядуля і старэйшы брат лічылі яго мала прыстасаваным да сельскага жыцця і адносіліся да яго з якойсьці нават іроніяй.

Нарэшце было вырашана аддзяліць нашу сям’ю. З пабудоў бацьку не выдзелілі нічога. Так што яму з мамай без усялякіх зберажэнняў давялося абзаводзіцца сваёй гаспадаркай. І ў першую чаргу трэба было будаваць свой дом. Добра, што ў той час побач з Алашкамі знаходзіўся вялікі лес, дзе можна было бясплатна нарыхтаваць бярвенне. Бацькам у гэтым вялікую дапамогу аказвалі два браты мамы. Так як каня не было, то бярвенні цягалі ўручную на двухколцы. Фундамент зрабілі з дубовых калодак. Між іншым, ён нядрэнна захаваўся да нашага часу.


Пасля пабудовы дома бацька адразу паехаў у Кракаў на двухгадовыя курсы па перападрыхтоўцы настаўнікаў. Мы, застаўшыся з мамай, былі вечна паўгалоднымі. Зямлі ў нас было мала, усяго адна восьмая валокі: палоска ніўкі вельмі вузенькая, шырынёй не больш за два метры. Ураджай збіралі мізэрны, бо не трымалі жывёлы, і таму не было чым угнойваць зямлю. Хлеба ў хаце не было. Мама збірала ў лесе шмат ягад брусніцы, варыла іх без цукру і закладвала ў дзве велізарныя драўляныя кадкі. І харчаваліся мы ў асноўным бульбай і гэтымі брусніцамі, якія саладзілі купленым у спекулянтаў якімсьці ядавітым сахарынам: як пакладзеш яго ў ягады, яны адразу станавіліся сінімі і гаркаватымі. А так хацелася хлеба! Памятаю, калі мама адпраўлялася ў суседнюю вёску праведаць сваіх бацькоў, мы з братам малілі яе прынесці хоць маленькі акрайчык. А колькі радасці было, калі ў нейкае свята мама дастала аднекуль сталовую лыжку слівачнага масла. Паклала яго перад намі і кажа: «Ешце масла патрошкі, бо ад яго слепнуць дзеці». Вось мы і елі яго некалькі дзён!

У 1925 годзе вярнуўся з курсаў бацька. Мы ўзрадаваліся: нарэшце стане лягчэй. Але радасць была нядоўгай. Толькі год бацька адпрацаваў у школе Глыбоцкага раёна, як яго без усялякага папярэджання звольнілі. Матывацыяй паслужыла тое, што ён — беларус і гаварыў на беларускай мове. Пасля некалькіх заяў на наступны год яго зноўку прызначылі настаўнікам у вёсцы Сямёнавічы Шаркаўшчынскага раёна, але і адтуль папрасілі неўзабаве па той жа прычыне. І куды потым бацька ні адпраўляў свае просьбы, ніякага адказу ад польскіх уладаў не атрымаў. А жыць жа неяк трэба было... Да таго часу наша сям’я павялічылася: нарадзіўся Віктар. Ды і дзядуля з бабуляй перайшлі да нас.

Але непадалёк ад нашай вёскі быў лес. І цяпер у яго з’явіўся ўжо гаспадар — граф Канстанцін Пшэздзецкі. Ён прадаваў лес купцам, якія высякалі яго і адпраўлялі за мяжу. 

Пасля гэтага на высечках заставаліся верхавіны з шышкамі. Мы збіралі гэтыя шышкі і на саначках адвозілі дахаты. Дома на печцы сушылі іх, чысцілі, і бацька адсылаў насенне ў адну польскую ляснічую гаспадарку. Так зарабілі крыху грошай, каб перажыць зіму.

Бацька з дзяцінства любіў прыроду, лес. Вось і пачаў ён на сваім прысядзібным участку саджаць пладовыя і ягадныя расліны. Браў лепшае, што было ў суседзяў, знаёмых, штосьці прыносіў з лесу. Пачаў перапісвацца з вядомымі польскімі вучонымі-садаводамі. Пісаў яму лісты, а потым прысылаў чаранкі многіх сартоў яблыкаў і груш прафесар Адам Станіслававіч Грабніцкі, аўтар вельмі каштоўнага «Атласа пладоў Расіі». Атрымліваў бацька чаранкі і насенне і ад іншых вучоных-садаводаў. З кожным годам калекцыя раслін у яго павялічвалася. Вельмі стараўся, з любоўю даглядаў за імі, вёў дакладныя назіранні. Выбіраў тое, што падыходзіла да нашых кліматычных умоў. З’явілася багатая калекцыя бэзу, роз і іншых кветак. Канечне, у першыя гады работы па нявопытнасці былі памылкі і няўдачы.

У 1931 годзе ў наш сад заглянуў граф Пшэздзецкі. Яму ўсё вельмі прыглянулася, і ён запрасіў бацьку зрабіць закладку плодагадавальніка ў яго маёнтку ля Варапаева, а потым прызначыў і загадчыкам. 

Работа была пастаўлена вельмі добра. Гадавальнік быў рэнтабельным. Каштоўным было і тое, што доследы, якія праводзіў бацька ў графскім гадавальніку, ён паўтараў дома. Аднак у 1937 годзе яго звольнілі. Адной з прычын было тое, што ён размаўляў з рабочымі гадавальніка не на польскай мове, а па-беларуску. (Але самым сур’ёзным, па некаторых звестках, было тое, што ў яго знайшлі забароненую літаратуру. — У.С.).

Польскія ўлады заўсёды з падазронасцю адносіліся да нашай сям’і, часта рабілі вобыскі. Усё шукалі камуністычную літаратуру. Не разбіраючыся, рэквізавалі шмат кніг на рускай мове, нават падручнікі па агранаміі і садаводстве.

Толькі ў нас у вёсцы быў радыёпрыёмнік, і вечарамі прыходзілі суседзі паслухаць навіны ў свеце. На 1 Мая ці на 7 Кастрычніка ля радыёпрыёмніка заўсёды сядзеў паліцэйскі, каб мы не слухалі Маскву.

Пасля звальнення з работы бацька зразумеў, што польскія ўлады больш нідзе не дадуць яму працаваць, і нічога не заставалася, як займацца толькі садаводствам на сваім прысядзібным участку. Вырашыў павялічыць плодагадавальнік, для чаго абмяняў з суседзямі свае вузенькія ніўкі ў полі на зямлю побач са сваім агародам ля хаты. Глеба была гліністая, таму давялося на тачцы цягаць шмат торфу, каб нейкім чынам яе палепшыць, зрабіць больш лёгкай для апрацоўкі.

Шчыравалі ўсёй сям’ёй. У гадавальніку ўсё расло вельмі добра. Была багатая калекцыя пладовых і ягадных культур. Размнажалі толькі тое, што пасля доследаў бацька лічыў лепшым для нашай мясцовасці. Саджанцы ахвотна набывала насельніцтва.

Я з братам Віктарам закончыла шэсць класаў польскай школы ў вёсцы Алашкі. Бацька разумеў, што нас, беларусаў, палякі не дапусцяць вучыцца ў якойсьці вышэйшай установе, а таму вырашыў, каб займаліся завочна. Такім чынам мы і паступілі за даволі вялікую плату на вышэйшыя агранамічныя курсы ў Варшаве, а рускай мове і іншым агульнаадукацыйным прадметам нас навучыў бацька. Быў да нас ён вельмі патрабавальны. Заўсёды паўтараў, што ўсё згубленае можна вярнуць, а вось згублены без справы час прападзе назаўсёды. І яшчэ ўсё жыццё вучыў быць сумленнымі. Гаварыў: «Калі ты сумленна пражыў дзень, добра папрацаваў, нікога не пакрыўдзіў, не абдурыў, то спакойна заснеш. І, наадварот, калі ты несумленна пражыў дзень, камусьці зрабіў зло, пакрыўдзіў, то не зможаш заснуць, бо будзе грызці сумленне».

З дзяцінства бацька вельмі любіў, цаніў кнігі. Лічыў іх лепшымі сябрамі чалавека. Любоў да іх прывіваў і нам, сваім дзецям, а таксама моладзі вёскі. Пры любой магчымасці, адмаўляючы сабе ў іншым, за апошнія грошы ён купляў кнігі. Толькі іх дарыў нам на дзень нараджэння. У яго была вельмі багатая бібліятэка, і бацька ахвотна даваў чытаць кнігі вяскоўцам, асабліва моладзі. І надта перажываў, калі некаторыя чытачы вярталі іх пашарпанымі, з заломанымі старонкамі. Ён губляў павагу да такога чалавека і не хацеў больш даваць кніг.

У верасні 1939 года ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада. Саветам народных камісараў да бацькі была накіравана аўтарытэтная камісія па садаводстве. Яна абследавала наш агарод і дала высокую адзнаку накопленаму тут матэрыялу садавінна-ягадных культур. Пасля гэтага Саветам народных камісараў БССР ад 15 красавіка 1941 года было вырашана на базе сада бацькі арганізаваць Паўночны апорны пункт Беларускай садавінна-агародніннай доследнай станцыі. Бацька быў прызначаны загадчыкам апорнага пункта, мой муж — аграномам, а я — тэхнікам.

Нарэшце можна было свабодна заняцца любімай працай, але працягвалася гэта ўсяго два месяцы. Грымнула Вялікая Айчынная вайна. У канцы жніўня немцы арыштавалі бацьку, мяне і майго мужа. Праўдай і няпраўдай, узяткамі на гэты раз нам удалося выратавацца.

Нягледзячы на цяжкасці і небяспеку, бацька ўсе гады акупацыі нашай мясцовасці самастойна займаўся навуковай работай. Матэрыял — кавалак парашутнага шоўку — для пашыву мяшочкаў-ізалятараў, неабходных пры правядзенні гібрыдызацыі, яму падарылі партызаны.

У час карнай экспедыцыі немцы знішчылі шмат кніг бацькі і яго шматгадовы архіў перапіскі.

У 1944 годзе, калі наша мясцовасць была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў, апорны пункт быў адноўлены. Бацьку зноў прызначылі загадчыкам, а мяне — тэхнікам. Было вельмі складана. Прыходзілася рамантаваць пабудовы, інвентар, які яшчэ захаваўся, плот, але не было чым, не мелі нават ніводнага цвіка. За імі мне даводзілася ездзіць ажно ў Мінск. На месцы, у райцэнтры Шаркаўшчына, не маглі нічога дастаць. За малую аплату не жадалі працаваць рабочыя.

Нарэшце мы дачакаліся Дня Перамогі. Бясконца былі гэтаму рады, але прымешваўся і смутак. Нашу сям’ю, як і іншыя, не пашкадавала вайна. У першы жа год загінуў брат Пётр. У 1943-м немцы расстралялі майго мужа. У 1944 годзе памерла ад хваробы мая трохгадовая дачка. А ў 1945-м, не дажыўшы ўсяго 10 дней да Дня Перамогі, пайшла з жыцця маці. Была яна выключна добрай душы чалавекам і нястомнай працаўніцай. Раптоўная яе смерць прынесла нам вялікае гора. Больш таго, 5 снежня гэтага ж года арыштавалі брата Віктара, як і многіх іншых у той час.

І засталіся мы з бацькам удваіх. Было цяжка і маральна, і матэрыяльна. Атрымлівалі невялікую зарплату, за якую з прадуктаў тады нічога няможна было купіць. Харчаваліся ў асноўным бульбай, гароднінай, пладамі. Па рабоце на вопытнай станцыі нам рэгулярна прысылалі тэматычныя планы навукова-даследчай работы. Бацька сам акуратна і добрасумленна выконваў усе заданні. Да гэтага ж прывучаў і мяне.

У бацькі завязалася вялікая і цікавая перапіска з вучонымі-садаводамі нашай краіны, доследнымі станцыямі і іншымі ўстановамі. Пісалі яму акадэмік П. Н. Якаўлеў і вучоны сакратар Барысаглебскі з Інстытута імя Мічурына, прафесар Яблыкаў з Ленінградскага інстытута, вялікі знаўца кветкаводства і аўтар некалькіх кніг Т. Е. Кісялёў з Масквы. А якая дружная перапіска была з дырэктарам Алтайскай доследнай станцыі М. А. Лісавенкам. Потым гэта станцыя была перайменавана ў Навукова-даследчы інстытут садавінна-ягадных культур. Акрамя пісьмаў, многія гэтыя таварышы абменьваліся з бацькам чаранкамі і пасадачным матэрыялам, а доследныя станцыі прысылалі пыльцу для скрыжавання. Работа была вельмі цікавай.

Вось толькі ў канцы 1945 года ў бацькі атрымалася непапраўная памылка ў жыцці — яго другі брак. Да гэтай пары не магу згадзіцца і зразумець, чым прыцягнула яго гэтая жанчына? (Размова ідзе пра Наталлю Фёдараўну. — У.С.). У яе не было нічога станоўчага. Розніца ва ўзросце — 39 гадоў. Як толькі прыйшла яна ў нашу сям’ю, адразу імкнулася ўнесці разлад паміж бацькам і мной. Дабіцца гэтага ёй, вядома, не ўдавалася, але былой еднасці між намі ўжо не стала. Яна любіла выпіваць, што матэрыяльна адбівалася на сям’і. Бацька дрэнна харчаваўся і бедна апранаўся, перажываў, што, можна сказаць, у выніку і ўкараціла яго жыццё.

У 1948 годзе я ўладкавалася на работу аграномам у Дунілавіцкі плодагадавальнік, дзе ў 1931—1937 гадах працаваў мой бацька».

(Заканчэнне ў наступным нумары.)


Фота з архіва

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter