Я — вольны мастак гутарковага жанру

Зінаіда Феакцістава: Лічу сваю справу, місію вельмі важнай

З дзяцінства яна, вясковая дзяўчынка са Шклоўшчыны, вельмі любіла танцаваць і марыла стаць балерынай. У тэлевізары такім прыцягальным і светлым бачылася ёй гэта мастацтва. Яна прыдумвала сабе прыгожыя ўборы і падоўгу кружылася па прасторнай хаце, капіруючы ўбачаныя балетныя па. Танцаваць яна любіць і цяпер. Праўда, балерынай не стала. Зінаіда ФЕАКЦІСТАВА — майстар мастацкага чытання, артыстка гутарковага жанру, у якім працуе больш за 30 гадоў.

— Зінаіда Уладзіміраўна, гледачы ведаюць вас як выканаўцу смешных маналогаў, гумарэсак, пародый. У свой час вас называлі беларускай Кларай Новікавай. Але апошнія гады ў вашых праграмах гучаць Купала, Колас, Танк, Панчанка, Багдановіч, Караткевіч, Янішчыц, Пысін… Адбыўся, так бы мовіць, адыход ад «лёгкага» жанру?

— Проста з цягам часу, назапасіўшы пэўны вопыт, я прыйшла да высновы, што трэба заняцца больш сур’ёзнай, чым толькі забаўлянкі, справай — данесці, перш за ўсё да нашай моладзі, тое вялікае багацце мастацкага слова, якое мы маем, але якое вельмі мала ведаем. Гэтым багаццем мы можам ганарыцца, мы павінны яго любіць і шанаваць. Мне падабаецца ўзнімаць гэтыя пласты паэзіі і прозы, я лічу сваю справу, ці нават місію, вельмі важнай, адказнай і з усёй душой яе выконваю. І ганаруся, што з 25 літаратурна-музычных праграм майго цяперашняга рэпертуару пераважная большасць якраз сур’ёзныя, паводле твораў выдатных беларускіх пісьменнікаў.

— А ці ёсць цікавасць да іх у слухачоў?

— Я працую ў асноўным для моладзі. Пахвалюся, вось нядаўна па запрашэнні чытала паэму Аркадзя Куляшова «Цунамі» ў 2-й сталічнай гімназіі. Аўдыторыя — вучні 10—11-х класаў. Паэму я чытаю без скарачэнняў, інакш губляецца сэнс і драматургія: па часе гэта 50 хвілін. Твор даволі складаны і для выканання, і для ўспрыняцця. Я была здзіўлена, як зацікаўлена дзеці слухалі. У зале была поўная цішыня. А напрыканцы яны ўсе моўчкі падняліся. Гэта было так хвалююча, так мяне ўразіла. Так што цікавасць ёсць, хаця, канешне, людзі розныя, думкі розныя. Ёсць і тыя, хто скажа: навошта гэта трэба? Навошта, напрыклад, чытаць сёння Пысіна. Але ці многія ведаюць, што Аляксей Пысін — паэт-франтавік, прайшоў усю вайну, ваяваў на ўсіх чатырох франтах, увесь пабіты кулямі, ледзь выжыў. Пісаць пра вайну пачаў толькі гадоў праз 20, бо, відаць, балюча было. І гэта выдатныя вершы.

— Значыць, з гумарам цяпер — ані-ні?

— Чаму ж? Я з вялікім задавальненнем чытаю беларускія гумарэскі, яны засталіся ў маім рэпертуары, і я ўсім кажу: гэта мой канёк. Але маналогі расійскіх эстрадных аўтараў, якія шмат гадоў выконвала, цяпер мне ўжо не цікавыя. Мне бліжэй творы аўтараў айчынных. Праўда, іх вельмі мала. Эстраднай школы напісання маналогаў, як у Маскве ці Пецярбургу, у нас, на жаль, няма. Я гавару зараз менавіта пра эстрадныя маналогі, бо гумарэскі — гэта іншы літаратурны жанр.

— Вы ўзгадалі расійскіх аўтараў. Адзін з іх — знакаміты Міхаіл Задорнаў — некалі аддаў вам чытаць свой маналог, калі не памыляюся, яго гераіня расказвае пра тое, чаму так позна выйшла замуж, бо ўсё выбірала...

— Так, гэта маналог «Ідэал». Я доўгі час з ім выступала. Дарэчы, цудоўны твор, павучальны, не пошлы, вельмі падабаўся моладзі. А адбылося гэта, калі я вучылася ў Маскве ва Усесаюзнай майстэрні эстраднага мастацтва. Гэта быў вельмі цікавы час. Да нас, размоўнікаў, прыходзілі і прыносілі свае творы той жа Задорнаў, Альберт Левін, Анатоль Трушкін, іншыя аўтары. Многаму я тады навучылася ў папулярнай артысткі-парадысткі Раісы Мухаметшынай. Пад яе кіраўніцтвам я рыхтавала нумар «Жывая вада», з якім у 1984 годзе перамагла на Усесаюзным аглядзе-конкурсе эстраднага мастацтва ў Маскве. Мухаметшына мяне вельмі любіла. Нас, дарэчы, з ёй часта блыталі знешне.

— А хто былі вашы настаўнікі тут?

— Заслужаная артыстка БССР Ганна Паўлаўна Рыжкова, якую называлі каралевай гумару і беларускім Райкіным у спадніцы. Адразу пасля заканчэння нашага тэатральна-мастацкага інстытута я трапіла ў філармонію, і Ганна Паўлаўна ўзяла мяне пад сваё крыло. Гады два я была каля яе і шмат чаму навучылася. Сатыру, гумар яна выконвала бліскуча. Я, бывала, насмяюся за кулісамі, пакуль яна выступае. Мой выхад быў за ёй. Яна гаварыла ў залу: «Ну, даражэнькія, а цяпер хачу пазнаёміць вас з маладзенькай артысткай». І мяне ўжо цяплей прымалі. Я выходзіла, чытала дзве-тры байкі.

— Філармонія стала для вас родным домам, у яе сценах вы ўсё жыццё...

— Так было. Нікуды не бегала, нічога іншага не шукала, за столькі гадоў ніколі не здраджвала… Але пра гэта мне зараз цяжка гаварыць, прабачце. Амаль паўгода я там не працую, трапіла пад скарачэнне. Напэўна, тое, што я раблю, філармоніі сёння не патрэбна. Але я не скарджуся і ні на каго не крыўдую. Усё здараецца па міласці і волі Божай — даўно прыйшла да гэтай высновы. І што не здараецца — да лепшага. Сёння я — вольны мастак, для мяне адчыніліся і другія дзверы. Ёсць прапановы выступленняў у Мінску і не толькі. Канцэртаў шмат. Дарэчы, і зарабляю я цяпер больш, чым у філармоніі.

— Як вы рыхтуеце свае праграмы, як завучваеце і трымаеце ў галаве столькі тэкстаў?

— Спачатку іду ў бібліятэку, бяру ўсе творы, што ёсць, пэўнага аўтара і чытаю. Іншы раз так многа, што ўжо вочы баляць і ўсё плыве, нічога не бачу. Адразу пазначаю, выбіраю тое, што кладзецца на душу. Як артыстка вопытная, ужо добра ведаю, што будзе чытацца ў мяне і што будзе слухацца. Пакуль канчаткова выберу, каб укласціся ў гадзінны монаспектакль (больш — цяжка ўспрымаць), перачытваю многа разоў. Потым перапісваю ад рукі абавязкова. Калі пішу, больш унікаю і, можа, нават запамінаю. Наогул, памяць у мяне з дзяцінства нядрэнная. Помню, у школе два разы вершык прачытаю і ведаю на памяць. Але тэкст па кавалачках не завучваю, калі рыхтую. Я проста чытаю, пакідаю на нейкі час і зноў чытаю, цалкам укладваючы ў памяць думку, сюжэт. Наогул, гэта вельмі складаны і працяглы працэс. Напрыклад, таго ж Куляшова рыхтавала год.

— А творы маладых аўтараў з іх навамоднымі рыфмамі і рытмамі вас не прывабліваюць?

— Я яшчэ не вельмі добра іх ведаю, але крыху сачу. Трапляюцца яркія, цікавыя асобы і творы. Але пакуль я жыву ў класіцы.

— І каго чытаеце сёння?

— Вось толькі дачытала ўсяго Кандрата Крапіву. Між іншым, многа ў яго актуальнага і сёння. Магчыма, атрымаецца праграма. З баек Крапівы я некалі і пачынала. Яшчэ думаю пра Сяргея Ясеніна. І пра цудоўную паэзію нашай Валянціны Коўтун. Словам, я ў пошуку. А яшчэ даўно мару пра свой тэатр і пакуль ад гэтай думкі не адмаўляюся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter