“Я трапіў у магнітнае поле паэзіі Байрана”, – прызнаецца паэт Уладзімір Скарынкін, перакладаючы на беларускую мову “Дон Жуана”

На беларускую мову творы пераклаў беларускі паэт Уладзімір Скарынкін. Дарэчы, раней за мастацкі пераклад паэмы Дантэ “Боская камедыя” ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы. Такім чынам, хутка мы з Байранам загаворым на нашай роднай мове. Карэспандэнт “Р” запрасіў паэта ў гасціную “Рэспублікі”. -- Уладзімір Максімавіч, чым выкліканы ваш творчы інтарэс да гэтых двух класікаў? -- Ёсць у сусветных скарбніцах вялікія творы, без якіх не можа адчуваць сябе паўнакроўнай ніводная, нават самая багатая на адкрыцці і шэдэўры літаратура на зямлі. Нам патрэбны беларускамоўныя і Гамер, і Вергілій, і Дантэ, і Шэкспір, і Гётэ, і Байран. Таленавітыя пераклады твораў сусветнай класікі ўзбагачаюць нацыянальныя літаратуры і пазначаюць для іх тую вышыню, якой яны павінны трымацца. Беларусы ― таленавіты ва ўсіх адносінах народ. Мова наша такая ж напеўная, як руская, украінская і італьянская, такая ж дасціпная, як французская, і трапная, як англійская. Менавіта гэтай акалічнасцю і тлумачыцца тое, што я адважыўся стварыць на беларускай мове два геніяльныя творы Байрана. Мне вельмі дапамагала прафесар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Вольга Судлянкова. -- Якой вы бачылі галоўную мэту, калі браліся за такую складаную работу? -- Я хачу, каб наша моладзь чытала творы сусветнай класікі на той мове, на якой яны напісаны, або на роднай мове, бо нельга нам у культурнай, як і ў любой жыццёва важнай прасторы, быць адарванымі ад іншых народаў. Хачу, каб наша слова, як і слова іншых народаў, годна гучала на зямлі. З ім мы можам і павінны горда і незалежна адчуваць сябе ў свеце. Не апошнюю ролю тут адыграла, вядома, і жаданне як мага паўней самарэалізавацца і паказаць усяму свету, што і мы, як кажуць, не лыкам шытыя. На працягу сямі гадоў, са студзеня 1993 года, лепшым маім творчым настаўнікам, дарадцам і сябрам быў менавіта Дантэ. Я засынаў і прачынаўся з думкамі і вобразамі вялікага італьянца. Дух Дантэ назаўсёды ўсяліўся ў мяне, і таму натуральна, што мяне зацікавіла паэма Байрана “Прароцтва Дантэ”, напісаная тэрцынамі, як і “Боская камедыя”, і ад імя найвялікшага паэта свету. Паэма гэтая прасякнута вострым болем за краіну са шматвяковымі культурнымі традыцыямі, але зняволеную варварамі, як называў Байран яе аўстрыйскіх і іспанскіх акупантаў. У вусны Дантэ Джордж Байран уклаў веру ў адраджэнне яго радзімы. “Прароцтва Дантэ” -- найлепшае з усяго, што напісана мною», -- адзначаў Байран. Перакладаючы гэтую паэму, я зноў быў, кажу шчыра, самым шчаслівым чалавекам на свеце, як і тады, калі пераствараў “Боскую камедыю”... -- Відаць, і асабіста для вас як паэта Байран значыць многае? -- Безумоўна.Трапіўшы ў магнітнае поле паэзіі Байрана, якое спараджае біятокі, ад якіх цяплее на сэрцы і святлее на душы, я ўжо не мог вырвацца з яго і нечакана падумаў: “А ці не перакласці мне і яго “Дон Жуана”? Я ведаў пра існаванне празаічных перакладаў гэтага твора на рускую мову Каншына і Сакалоўскага. Таму звярнуўся да загадчыцы аддзела кнігасховішча Нацыянальнай бібліятэкі Наталлі Маргачовай з просьбаю знайсці іх. У хуткім часе я ўжо трымаў у руках ксеракопію байранаўскага “Дон Жуана” ў перакладзе Сакалоўскага (С.-Пецярбург, 1874). З самага пачатку сваёй добраахвотнай, амаль штодзённай, болей чым двухгадовай салодкай катаргі я адчуў неверагодную душэўную роднасць з аўтарам “Дон Жуана” і пераствораныя мною актавы пачалі вылятаць адна за адною з-пад пяра. Калі дух Дантэ ўсяліўся ў мяне, дык дух Байрана жыў ва мне заўсёды, так зараз думаю. У мяне з ім шмат кропак судакранання. Я, кажуць мае знаёмыя, перасмешнік. А Байран ― вялікі перасмешнік. Мне лёгка разумець ягоныя жарты і іронію. Але мяне, як і Байрана, часам наведвае расчараванне. Ну што тут зробіш? Такое жыццё, тым больш у творчых людзей... Вандроўніцкія прыгоды Дон Жуана былі толькі шляхам да стварэння вялікай мастацкай панарамы, нагодай для выкрыцця і ўладарнага тыранства, і палітычнага двурушніцтва, і высакасвецкага крывадушша, і фальшу ў грамадстве, што, дарэчы, застаецца мудрым урокам і на будучыню. І разам з тым, як пісаў Вальтэр Скот, ні “Чайльд Гарольд”, ні цудоўныя раннія паэмы Джорджа Байрана не маюць паэтычных урыўкаў больш захапляльных, чым тыя, што раскіданыя ў песнях “Дон Жуана”. -- Давайце пазнаёмім нашых чытачоў з некаторымі радкамі з вашых перакладаў. -- Калі ласка. Напрыклад гэты: Ave Maria! Як любіў калісьці Я велічнасць хвіліны той, калі Звон пачынаў магутным гімнам плысці Па-над прасторамі святой зямлі, Калі цябе ўслаўляла нават лісце, Хоць кроны нерухомыя былі, А воблакі ў паветры вечаровым Яго рабілі мяккім і ружовым. А ўслухайцеся, як цнатліва і маляўніча гучыць самая “парнаграфічная актава” “Дон Жуана”: Яны, як дзеці страсці і прыроды, Свабодай цешыліся ў халадку, Ды момант найвышэйшай асалоды Прайшоў, і Дон Жуан паклаў шчаку На грудзі ёй, сп’янелы ад лагоды. Яна ж паклала на яго руку І думала: “Якое гэта шчасце Сабе на грудзі любага пакласці”. У прадмове да кнігі Васіль Зуёнак піша: “Хочаце мець эстэтычнае задавальненне, паэтычную чытацкую радасць ― чытайце байранаўскага “Дон Жуана” па-беларуску ў перакладзе Уладзіміра Скарынкіна... Багатае гучанне, гнуткасць і лёгкасць формы, бляск і ўсмешку, а з імі і глыбіню паэтычнага зместу, уласцівыя байранаўскаму вершу, перакладчык перадае гэтак жа нязмушана на роднай мове”. А вось яшчэ: “Чытаючы пераклад Скарынкіна, не заўважаеш, што гэта пераклад. Гэта вынік натуральнасці паэтычнага маўлення ― тут не перакладчыка з яго строямі і аздобамі бачыш, а твор. Беларуская літаратурная ніва пашырылася яшчэ на адзін далягляд. Спелым коласам гамоніць ён з зямлёю”. Ну што тут яшчэ можна дадаць? Сказана вобразна і здорава!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter