«Я сэрцам пісаў сваю кожную песню…»

Рэспубліканскае свята паэзіі і песні  з такой назвай прайшло ў Мядзелі напярэдаднi 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка...

Рэспубліканскае свята паэзіі і песні  з такой назвай прайшло ў Мядзелі напярэдаднi 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка.

З нагоды гэтай даты на радзiме славутага класiка айчыннай лiтаратуры i вядомага грамадскага дзеяча, па ўсёй рэспублiцы адбылося шмат цiкавых падзей i сустрэч. Свята песнi i паэзii стала своеасаблiвай кульмiнацыяй юбiлейных мерапрыемстваў.

У гэты дзень шмат кветак лягло да магілы Максіма Танка, шмат шчырых слоў было сказана пра яго. I, вядома ж, гучалi пранiкнёныя вершы славутага майстра. Вельмi кранальнай стала цырымонія адкрыцця каменя ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта.

Творчасць аднаго з найярчэйшых паэтаў у беларускай лiтаратуры натхнiла яго прыхiльнiкаў на арыгiнальныя падыходы да таго, каб выказаць сваё захапленне. Выстава па выніках фотапленэра «Дарогамі Максіма Танка» і выстава кветкавых кампазіцый па матывах яго твораў, літаратурна-мастацкая гасцёўня «Шчаслівы, што пяю цябе, Радзіма…», а таксама кніжная выстава, прысвечаная Году кнігі, прэзентацыі беларускіх выдавецтваў, часопісаў, газет i многае iншае.

Запамiнальна прайшлi сустрэчы чытачоў з творцамi. На Мядзельшчыну прыехалi такiя вядомыя паэты, пісьменнікі i даследчыкі, як Генадзь Пашкоў, Мікола Мятліцкі, Мікола Шабовіч, Дзмітрый Пятровіч, Мікола Мікуліч, Віктар Шніп, Алесь Бадак, Таццяна Сівец, Анатоль Бутэвіч, Вячаслаў Рагойша.

Асноўная дзея свята паэзіі і песні прайшла ў гарадскiм амфітэатры. Гасцей вiталi міністр культуры Беларусi Павел Латушка, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Шчэцька, старшыня Мядзельскага райвыканкама Аляксандр Даніленка. Намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Юрый Ізюмаў прэзентаваў паштовую марку спецыяльнага выпуску да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка, афіцыйныя асобы прынялi ўдзел у цырымоніі яе гашэння.

На сцэне амфiтэатра выступілі вядомыя беларускiя спевакі і артысты Марыя Захарэвіч, Алег Сямёнаў, На-дзея Мікуліч, Дзмітрый Качароўскі, ансамбль «Грамніцы», вакальны калектыў «Верасень», Аляксандра і Канстанцін, Дзяржаўны ансамбль «Свята» і многiя іншыя.

Уразілі жыхароў і гасцей Мядзела шматлiкiя творчыя нумары дзіцячых i дарослых мастацкiх калектываў, кірмаш-продаж прадукцыі гандлёвых прадпрыемстваў горада і раёна, выстава-кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і промыслаў з майстар-класамі.

Паэзiя Максiма Танка захапляе шматлiкасцю тэм, вобразаў i форм, яна яркая, эмацыянальная, па-фiласофску глыбокая i вельмi лiрычная. Галоўная тэма, якая пранiзвае яго творчасць, — любоў да сваёй Радзiмы. Арганiзатарам удалося ўвасобiць гэтыя адметныя рысы ў праграме свята, паказаць сапраўдную пашану да асобы i дзейнасцi майстра, а таксама шматграннасць творчых накiрункаў, якiя развiваюцца сёння.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter