«Я проста не мог не зрабіць гэты фільм»

Каб зняць «У тумане», Сяргей Лазніца чакаў дзесяць гадоў

Рэжысёр Сяргей Лазніца чакаў дзесяць гадоў, каб пачаць здымаць кінадраму «У тумане» па аповесці Васіля Быкава

Аншлагам вітала зала сталічнага Дома кіно режысёра Сяргея Лазніцу. Карціна «У тумане», знятая ім па аднайменнаму твору Васіля Быкава, удзельнічае сёлета ў асноўным конкурсе ігравога кіно 19-га Мінскага Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Яна стала фільмам адкрыцця кінафоруму, упершыню за ўсю яго гісторыю была паказана адначасова на двух кінаэкранах, таксама пры поўных залах. Але ажыятаж выклікаў і трэці паказ — каля Дома кіно пыталіся «лішняга білеціка», у зале сядзелі на прыступках і дадатковых крэслах.

Цікавасць да гэтай работы зразумелая — у ёй прыкметны беларускі «след». Па-першае, экранізацыя Быкава, па-другое, падзеі аповесці адбываюцца ў Беларусі, па-трэцяе, рэжысёр Сяргей Лазніца родам з Баранавічаў. Па-чацвёртае, сярод пяці кінакампаній розных краін, якія прымалі ўдзел у вытворчасці стужкі, і наш «Беларусьфільм». Па-пятае, карціна ўжо гучна заявіла пра сябе кінасвету, сярод яе адзнак — прэстыжны прыз кінапрэсы FIPRESCI на сёлетнім Канскім міжнародным кінафестывалі. Нарэшце, гледачы, сярод якіх былі і звычайныя аматары кіно, і студэнты Акадэміі мастацтваў, і вядомыя прафесіяналы-кінематаграфісты, проста не маглі абмінуць магчымасці асабіста сустрэцца і задаць пытанні самому аўтару нашумелага фільма, які цяпер стала жыве ў Германіі.

Сяргей Лазніца прыкметна хваляваўся. Як прызнаўся, яму асабліва прыемна прадстаўляць сваю работу тут, у Мінску. Акрамя таго, у зале ў гэты вечар прысутнічала ўдава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна.

— На мой погляд, Васіль Быкаў — вельмі значны пісьменнік. Яго аповесць «У тумане» і яе галоўны герой Сушчэня мяне настолькі ўразілі, што я проста не мог не зрабіць, я павінен быў зрабіць гэтую карціну, — распавёў рэжысёр.

Дарэчы, у 2002-м ён некалькі разоў звяртаўся да Васіля Уладзіміравіча, званіў яму, раіўся, той тады жыў у Франкфурце-на-Майне. Паводле слоў рэжысёра, пісьменнік папрасіў не прыцягваць яго да работы над сцэнарыем, бо былі важныя рэчы, якія ён хацеў закончыць. Тым не менш «ні пуха ні пер’я» маладому аўтару пажадаў.

Аднак лёс фільма аказаўся даволі складаным і шлях да гледача — досыць доўгім. Напісаны Сяргеем Лазніцам яшчэ ў 2001 годзе сцэнарый запусціць у вытворчасць атрымалася толькі праз 10 гадоў. Шукалі фінансаванне. Бюджэт фільма — 2 мільёны 100 тысяч еўра. Таму, тлумачыць рэжысёр, у яго вытворчасці пяць краін-удзельніц — Германія, Расія, Латвія, Беларусь, Нідэрланды, таму — дапамога Фонду падтрымкі еўрапейскага кіно EURIMAGES. Больш за ўсё грошай — з боку Германіі, практычна палова бюджэту. Астатняе — унёскі ад другіх краін з рознымі сумамі. Але, адзначае Сяргей Лазніца, дзеля таго, каб пачаць рабіць карціну, усе яны былі неабходныя. Што датычыць беларускага ўдзелу, то рэжысёр лічыць яго для сябе асабліва важным. На яго думку, важны ён і для Беларусі, бо немагчыма ўявіць, каб краіна засталася ў баку ад экранізацыі прозы нацыянальнага класіка.

Рэжысёр адказаў і на пытанне, чаму здымаў фільм не на мове арыгінала аповесці.

— Адказаў некалькі, — сказаў Сяргей Лазніца. — Я нарадзіўся ў Беларусі, але вырас у Кіеве і ў поўнай меры беларускай мовай не валодаю, мне не хацелася быць прафанам у гэтым сэнсе. Да таго ж беларускую мову неабходна было б вучыць усім занятым акцёрам, а гэта дастаткова складана. Ёсць і пытанне з пракатам. Усё ж 250 мільёнаў расійскай аўдыторыі — гэта значная колькасць.

Над фільмам працавала міжнародная каманда, у складзе якой былі прадстаўнікі дзевяці краін, і атмасфера на здымачнай пляцоўцы панавала выдатная.

— Яшчэ падчас вучобы мой педагог казаў мне, што для рэжысёра вялікае шчасце сустрэць аператара, які будзе думаць гэтак жа, як ён, і гэтак жа хацець зняць пэўны фільм. Але мне проста пашанцавала. Я сустрэў не толькі аператара, але і гукарэжысёра, і мастака-пастаноўшчыка, і мастака па касцюмах, і мантажора... Я запрасіў выдатных акцёраў. Гэта было сапраўднае творчае яднанне. Усе хацелі зрабіць гэты фільм. Таму ў нас, лічу, і атрымалася стварыць яго ў вельмі кароткі тэрмін — усяго за 28 здымачных дзён. Але, канечне, папярэднічала ім вельмі сур’ёзная падрыхтоўка, рэпетыцыі, недзе два месяцы доўжыўся гэты перыяд, — расказаў Сяргей Лазніца.

Галоўнага героя фільма — пуцявога абходчыка Сушчэню сыграў Уладзімір Свірскі, дарэчы, ураджэнец Віцебшчыны, колішні выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў, які нядаўна скончыў і Расійскую акадэмію тэатральнага мастацтва, а зараз жыве і працуе ў Маскве.

Гэта яго першая галоўная роля ў кіно, і цікава, што трапіў ён на яе амаль выпадкова.

У студэнцкай сталоўцы да Уладзіміра Свірскага падышоў акцёр Рыгор Дабрыгін (выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Як я правёў гэтым летам»), спытаў, як справы, і параіў ні ў якім разе не збрываць бараду, маўляў, ёсць роля. Аказалася, ён быў на кінафестывалі ў Берліне і там даведаўся, што акцёра на галоўную ролю ў новым фільме шукае Сяргей Лазніца. З самім рэжысёрам сустрэліся ўжо ў Маскве, доўга размаўлялі. А праз нейкі час кандыдатура Уладзімiра Свірскага была зацверджана.

— Неяк Анджэй Вайда сказаў, што рэжысёр перад тым, як рабіць карціну, павінен два разы запытацца парады ў Бога, — успамінае той час Сяргей Лазніца. — Першы — калі выбірае тэму, і другі — калі выбірае акцёра на галоўную ролю. Гэта два самыя складаныя пытанні. Усё астатняе я ведаў, што і як хачу зрабіць. У мяне было дастаткова часу, каб усё прадумаць.

Дарэчы, не выключана, што рэжысёр яшчэ раз звернецца да прозы Васіля Быкава. Як прызнаўся Сяргей Лазніца, на гэты конт ён думае, хаця наступная яго карціна будзе іншай. 

------------------------------------------------

Пра што фільм

1942 год. У акупаванай фашыстамі Беларусі дзейнічаюць партызаны. Немцы арыштоўваюць чатырох чалавек, якія падазраюцца ў падрыве цягніка. Траіх караюць павешаннем, але пуцявога абходчыка Сушчэню нечакана адпускаюць. Мясцовыя жыхары пачынаюць падазраваць яго ў супрацоўніцтве з захопнікамі. Сушчэня не можа ніяк растлумачыць, што ён ні ў чым не вінаваты і даказаць гэта таксама не можа. У ваеннага часу суровыя законы. Партызаны прыгаворваюць здрадніка да смерці. Двое — Бураў і Войцік — вядуць Сушчэню ў лес, каб забіць, але трапляюць пад абстрэл. Аказваецца, гестапа выкарыстала Сушчэню як нажыўку... Адзін партызан цяжка паранены і гіне, з другім застаецца Сушчэня. Але трагічна гісторыя заканчваецца для ўсіх...

 Бываюць сітуацыі, якія не маюць у дадзенай кропцы выйсця, бо поўнае неразуменне і плынь падзей зносяць любыя доказы і пазбаўляюць магчымасці дыялогу. Такія сітуацыі вырашаюцца ахвярай. І мы маем справу з такой гісторыяй. Шлях, які праходзіць герой да разумення сваёй асуджанасці, а такім чынам і да разумення існуючага становішча, — гэта і ёсць сюжэт карціны, — так тлумачыць аўтар фільма Сяргей Лазніца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter