«Я пазнала любімага паэта, якога раней бачыла толькі на фотаздымках»

Пра сустрэчы з Якубам Коласам, ненапісаны верш і маладзіцу

Пра сустрэчы з Якубам Коласам, ненапісаны верш і маладзіцу маладую

З творамі Якуба Коласа я пазнаёмілася яшчэ ў школьныя гады. Палюбіла на ўсё жыццё і «Новую зямлю», і «Сымона-музыку», сярод аповесцей — «Дрыгву». Шмат цёплых паэтычных радкоў прысвяціў Якуб Колас дзецям. Гэта паэмы «Рак-вусач», «Міхасёвы прыгоды» і іншыя.

Я мела вялікае шчасце бачыць Канстанціна Міхайлавіча, гутарыць з ім. Сустрэчы гэтыя пакінулі ў маім жыцці значны след. Іх ніколі не забыць, як не забыць і гэтага дзівоснага чалавека.

У той час я працавала ў дзіцячым часопісе «Бярозка». Аднойчы, як цяпер памятаю, сядзела, задумаўшыся над апавяданнем пісьменніка Усевалада Краўчанкі, ды так зачыталася, што не пачула, як адчыніліся дзверы, нехта ўвайшоў у пакой і спакойным, ціхім голасам спытаў:

— Прабачце, гэта я трапіў у «Маладосць»?

Я падняла галаву і разгубілася: «Божухна, гэта ж Якуб Колас!» — пазнала любімага паэта, якога раней бачыла толькі на фотаздымках. Ад радасці і нечаканасці не ведала, як сябе паводзіць. У адно імгненне ўскочыла з крэсла.

— Не, вы трапілі ў «Бярозку». Ведаеце такі дзіцячы часопіс?

— Хто ж яго не ведае? — прамовіў Канстанцін Міхайлавіч. — Але ж вы, маладзіца маладая, не сказалі, як трапіць у «Маладосць».

— Гэты часопіс — на другім паверсе. Магу правесці туды.

— Дзякуй, даражэнькая. Вось толькі адпачну ў вас крышку. Можна? — Канстанцін Міхайлавіч цяжкавата апусціўся ў крэсла, паставіў каля сябе кіёк, паклаў рукі на стол і, пільна прыгледзеўшыся да мяне, спытаў:

— Кім жа вы, маладая маладзіца, працуеце ў «Бярозцы»?

— Стылістам і карэктарам.

— Чамусьці я так і падумаў, — седзячы насупраць, прамовіў Канстанцін Міхайлавіч і прыгадаў, што друкаваў свае вершы ў «Бярозцы», — часопіс падабаецца мне, і дзеці любяць яго.

Канстанцін Міхайлавіч пачаставаў мяне цукеркай, потым папрасіў расказаць пра сябе. Я крыху засаромелася, але, убачыўшы яго цёплы позірк, лагодную ўсмешку, супакоілася і назвала сваё імя.

— Можна, я цябе буду называць маладзіца маладая, не пакрыўдзішся? — ён раптам перайшоў на «ты». Хвілінку счакаўшы, спытаў:

— А бацькі жывыя?

— Бацька жывы, — адказала я, расчуленая гэтым пытаннем, і сама не заўважыла, як расплакалася, успомніўшы маці, бабулю, сястрычку, маладзейшую за мяне на тры гады, і дзядзьку, што загінулі ад фашысцкай бомбы на другі дзень вайны. Слёзы ліліся — не суняць. Мой нечаканы госць дастаў хусцінку і пачаў выціраць іх мне.

— Прабач, што расхваляваў, — Канстанцін Міхайлавіч паклаў сваю руку на маю і прамовіў:

— Супакойся. Ва ўсіх нас вайна пакінула цяжкі след. Вось і ў мяне загінуў сынок Юрка, мая крывінка, мой родненькі каласок. І жонка Марыя Дзмітрыеўна памерла. Ды што зробіш?

Зірнула я на Канстанціна Міхайлавіча — і ён ледзь не плача. Сядзіць з нізка схіленай галавой. Праз якое імгненне зноў спытаў:

— А дзе ты ў той страшны час была?

— Як ляцелі фашысцкія сцярвятнікі з чорнымі крыжамі, мы з матуляй стаялі на ганку. Налічылі трыццаць чатыры самалёты. Матуля загадала лезці ў склеп. Але я пайшла ў хату, каб апрануць малую сястрычку Таню, якой было чатыры гады. Не паспела нацягнуць сукеначку, як раптам задрыжала, скаланулася хата. Нешта звалілася мне на галаву, і я знепрытомнела. Ачнулася ад гарачыні, ад агню, што падкрадваўся да майго цела. Трашчалі сцены, дах. І ў гэты момант каля мяне заварушыўся нехта. «Таня», — мільганула думка. І хоць кружылася галава, па твары цякла кроў, мы здолелі выбрацца з гэтага пекла на вуліцу. Яшчэ імгненне, і ўся хата была ахоплена полымем.

Добрыя людзі перавязалі мае раны. А калі прымчаўся тата, які працаваў на чыгунцы, пачалі шукаць родных. Матуля ляжала ў склепе, відаць, вельмі пакутавала, бо трымала ў астылых руках анучу, якой ратавалася ад агню і дыму. Бабулю, сястрычку Ліду і дзядзьку знайшлі на папялішчы...

Я зноў пачала плакаць. Канстанцін Міхайлавіч супакоіў мяне. Думаю, яму цікава было пачуць пра нашы блуканні па вёсках, калі нас разам з чатырма суседскімі хлапчукамі вывезлі з Мінска пасля другога налёту на горад. Людзі прывячалі нас, гаротных, вельмі шкадавалі, кармілі хто варанай бульбінай, скрыльком хлеба з малаком ці супам, баршчом, спечаным блінцом. Прасілі застацца, адпачыць. Але мы надумалі вяртацца ў Мінск.

— Ах ты, маладзіца маладая, колькі давялося табе перажыць, папакутаваць! — Канстанцін Міхайлавіч на момант задумаўся, потым зірнуў на мяне і з сумам у вачах дадаў:

— Пра цябе можна пісаць цэлую паэму. Ну, няхай не паэму, дык верш. Цяпер я працую над паэмай «На шляхах волі». Закончу і абавязкова напішу, як ты, сама дзяўчынка, выратавала і гадавала сястрычку, як жылі надгаладзь у час вайны. Гэта ж у нашай Беларусі загінуў кожны чацвёрты, а ў вашай сям’і — адразу чацвёра. Якое няшчасце...

Удзячная за дабрыню і спачуванне, я пазірала на Канстанціна Міхайлавіча зачараванымі вачыма і думала: «Які цудоўны чалавек!»

Канстанцін Міхайлавіч задумліва пазіраў на яблыньку, што расла за акном у двары будынка ЦК ЛКСМБ, дзе размяшчаліся і рэдакцыі газет «Піянер Беларусі», «Зорька», часопісаў «Маладосць», «Бярозка». На дрэўцы весела цвыркалі вераб’і, пералятаючы з галінкі на галінку.

— Ну што ж, маладзіца маладая, трэба мне ісці. Чакаюць хлопцы ў «Маладосці», — і ён падняўся з крэсла.

Я правяла Канстанціна Міхайлавіча да лесвіцы, што вяла на другі паверх. Ён паціснуў мне руку, абняў за плечы і на развітанне сказаў: «Бывай, маладзіца маладая, будзь шчаслівая! Чакай верш». Цяжка абапіраючыся на парэнчы, Канстанцін Міхайлавіч пачаў паціху падымацца па прыступках. Амаль на кожнай спыняўся. Убачыўшы гэта, я дагнала яго, узяла кіёк, ухапіўшы пад руку, дапамагла падняцца. Не паспелі мы пастукацца ў дзверы, як з пакоя галоўнага рэдактара выйшаў нечым заклапочаны Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі. Убачыў Якуба Коласа, заўсміхаўся: «А мы чакалі-чакалі вас, думалі, ужо не прыедзеце. Хацелі дадому званіць».

— Выбачайце! Крышку затрымаўся.

Усхваляваная сустрэчай, я доўга не магла супакоіцца, усё думала пра гэтага дабрадушнага і такога простага чалавека. Калі я расказала бярозкаўцам, што да нас завітваў Якуб Колас, усе пашкадавалі, што не пабачыліся з ім у рэдакцыі.

Сустракалася я з Канстанцінам Міхайлавічам яшчэ некалькі разоў у тэатры імя Янкі Купалы. Апошнім разам — каля будынка акруговага Дома афіцэраў.

— Добры дзень, Аленка, маладзіца маладая! — радасна ўсклікнуў ён, убачыўшы мяне. — Як маешся?

— Нішто сабе, — адказала я і ў сваю чаргу запыталася: — А як вы, Канстанцін Міхайлавіч?

— Дзякую за пытанне. Ды што я магу сказаць? Стары чалавек. А як можна пачувацца ў такія гады? Бачыш, яшчэ не выканаў свайго абяцанку.

— Дарагі Канстанцін Міхайлавіч, для мяне было ў радасць пазнаёміцца з вамі, пагутарыць, пачуць добрае, спагадлівае слова. А верш? Ці абавязкова пісаць яго?

— Не кажы, — запярэчыў Канстанцін Міхайлавіч. — Усё перажытае табою заслугоўвае таго, каб людзі даведаліся пра гэтае скалечанае вайной маленства. Вось скончу паэму, яна чамусьці мне цяжкавата даецца, і напішу.

Было гэта незадоўга да смерці Канстанціна Міхайлавіча. Верш ён так і не напісаў. Не паспеў... Нітачка жыцця нашага дарагога Песняра Якуба Коласа абарвалася жнівеньскай парою. Шматтысячная працэсія праводзіла яго ў апошнюю дарогу. Гучала жалобная музыка. Людзі неслі вянкі, кветкі: вяргіні, гладыёлусы, астры, гваздзікі. Букет чырвоных вяргіняў быў і ў маіх руках ад часопіса «Бярозка», дзе я прапрацавала 32 гады, з іх 17 — адказным сакратаром.

Увесь беларускі народ аддаваў даніну павагі і любові цудоўнаму чалавеку, таленавітаму Песняру, які пакінуў нам найвялікшую спадчыну.

А ў маёй памяці гучаў і цяпер гучыць ціхі, спакойны голас Канстанціна Міхайлавіча, яго «Бывай, маладзіца маладая...», жывуць згадкі пра незабыўныя сустрэчы з гэтым чараўніком думкі і слова.

На здымку: Якуб Колас з унукамі Сяргеем, Андрэем (стаіць) і ўнучкай Машай. 1955 г.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter