После «Венка» Максим Багданович мечтал выдать еще три сборника, но ...

«Я не самотны, я кнiгу маю»

Пасля «Вянка» Максім Багдановіч меркаваў выдаць яшчэ тры зборнікі, але...


«…Яго пышная цёмна-каштанавая шавялюра зра- білася вільготнай. Рыжаватыя вусы апусціліся ўніз... Яго твар азараецца шчаслівай усмешкай, няма ў яго вачах той строгасці і замкнёнасці, якімі ён часам маскіруецца на старонніх лю- дзях. Рысы твару становяцца мягчэйшымі, больш лагоднымі і сумнымі. Цяпер без тужуркі і манішкі вызначаюцца яго запалыя грудзі, тонкасць шыі, сутуласць. Ён высокі і стройны, пры людзях заўсёды змагаецца з ледзь прыкметнай сутуласцю, якая з’явілася ў яго ў сувязі з хваробай…»

МЕНАВІТА такім успамінае Максіма Багдановіча пісь- меннік Змітрок Бядуля. Да ад’езду ў Ялту, у горад, які стаў апошнім прытулкам для яго, малады паэт кватараваў у Бядулі. Гэта было ў канцы 1916 — пачатку 1917 года. Дарэчы, у Мінску да гэтай пары захаваўся той самы будынак сям’і Плаўнікаў, знаходзіцца ён на вуліцы Рабкораўскай. А 25 мая 1917 года жыццё Багдановіча абарвалася…

Калі мне ўпершыню давялося быць на экскурсіі ў Ялце, сярод этнаграфічнай і краязнаўчай інфармацыі пра Крым у думкі ўрэзалася гісторыя пра беларускага паэта, які пахаваны на ялцінскіх могілках. Багдановіч хварэў на сухоты, выратаваць паэта не змаглі ні тагачасныя ўрачы, ні гаючае ялцінскае паветра. У мясцовым музеі нават і сёння захоўваецца рарытэт — адзіны прыжыццёвы зборнік «Вянок», які Багдановічу ўдалося апублікаваць. На пажаўцелых ад часу старонках паэзія і лёс паэта.

Вельмі трапна на гэты конт выказаўся сам майстар слова ў лісце да В. А. Лявіцкай у верасні 1916 года, як сведчыць пра тое «Інтымны дзённік» Багдановіча: «…Праглядаю гэтымі днямі свой «Вянок». Вершы кнігі пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912, калі мне было 17—20 год. Але ў ёй усё ж такі ёсць і творчасць, і натхненне, і сур’ёзная праца. Узяў я карандаш, палавіну вершаў выкасаваў зусім, другую паспрабую абгладзіць». Багдановіч хацеў дацаць іх да лепшых вершаў 1912—15 гг., выдаць зборнік «Маладзік» або «Красавік». А было з чаго складаць зборнік. У 1913 годзе асабліва ахвотліва Багдановіч пісаў вершы, але ні адзін з іх так і не быў надрукаваны. «Выйдзе яшчэ адзін зборнік «Пярсцёнак». А з вершаў апошняга часу — «Шыпшына». Укласці гэтыя кніжачкі, пэўна, не паспею, але думаць аб іх прыемна», — абрываецца ліст.

Пра тое, што стан здароўя пагаршаецца, Багдановіч пісаў свайму бацьку Адаму. Называе ў тым, амаль перадсмяротным, лісце свайго бацьку старым вераб’ём. Пра фізічныя пакуты, якія даводзілася пераадольваць 25-гадоваму хлопцу, ён вось што пісаў: «Врач говорит так: процесс в правом легком закончен. Оно зарубцевалось и, если есть в нем немного мокроты, то это дело третьестепенное. Но туберкулез, как обычно, перешел в левое легкое и развивается тоже, как обычно, в более острой форме. Мокроты у меня много, температуры высокие, два раза шла кровь, второй раз отплевал я ее дней в десять, но с этого кровотечения с кровати уже не встаю — ослаб окончательно».

Трэба адзначыць, што ў сям’і Багдановічаў бацька быў аўтарытэтам. Гадаваў Максіма з братам адзін, бо жонка яго Марыя Апанасаўна памерла таксама рана ад сухотаў. Дык вось, у сям’і, якая часта пераязджала, размаўлялі па-руску. Але лад жыцця, звычкі, густы, настрой думак у сваёй аснове былі беларускія. Тут дзеці чулі народныя казкі, песні, прымаўкі. Бацька надаваў шмат увагі сваім сынам, ён прывіў ім любоў да літаратуры. У адным з лістоў да сябра Максім адзначаў: «Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. У ёй усё ёсць істотнае, што з’явілася ў літаратуры ўсяго свету. Мы з дзяцінства праходзілі гэтую сусветную школу... Зразумела, галоўная ўвага звярталася на славянскія літаратуры...»

І, відавочна, гэтыя абставіны паспрыялі таму, што ўжо ў дзесяцігадовым узросце Максім пачаў спрабаваць пісаць мастацкія творы па-беларуску. А ў 1902 годзе ён паступіў у Ніжагародскую мужчынскую гімназію. Падчас рэвалюцыі 1905 года прымае ўдзел у бунтах, зладжаных гімназістамі. У 1906 годзе хросная маці Максіма В. Сёмава выпісвае для яго газету «Наша Доля», а потым і «Нашу Ніву». У канцы 1906 года Багдановіч дасылае беларускія кнігі і газеты ў Ніжагародскую турму рэвалюцыянеру беларускага паходжання Сцяпану Зенчанку.

1907 год лічыцца пачаткам літаратурнай дзейнасці Максіма Багдановіча. Яго першым значным мастацкім творам было беларускамоўнае празаічнае апавяданне «Музыка», якое адразу ж надрукавала «Наша Ніва». У апавяданні расказваецца легенда пра Музыку, які «многа хадзіў па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы». Калі плакала скрыпка ў руках Музыкі, то кожны «ўсё плакаў бы па сваёй долі», калі грозна гудзелі струны, «людзі падымалі апушчаныя голавы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы». За яго творчасць «злыя і сільныя людзі» кінулі Музыку ў турму, дзе той і загінуў. Але не загінула памяць аб ім. У гэтым алегарычным творы малады аўтар расказваў аб шматпакутным лёсе Беларусі на працягу стагоддзяў і выказваў надзею на хуткія перамены да лепшага.

У чэрвені 1908 года Багдановічы зноў пераязджаюць, гэтым разам у Яраслаўль. Там Максім Багдановіч піша першыя лірычныя вершы: «Над магілай», «Прыйдзе вясна», «На чужыне», якія былі апублікаваныя ў «Нашай Ніве». Там жа друкуюцца вершы «Краю мой родны! Як выкляты богам…», у якім выразна прагучала тэма сацыяльнага прыгнёту і нацыянальнага адраджэння беларусаў; кароткае вершаванае лірычнае апавяданне «З песняў беларускага мужыка» — рэалістычная імпрэсія, поўная веры ў творчыя сілы народа; вершы «Цемень», «Пугач», «Разрытая магіла», а таксама пераклады з Генрыха Гейнэ, Фрыдрыха Шылера.

ЦІКАВА, што арыгіналы рукапісаў паэта захоўваліся ў бацькі, але падчас штурму Яраслаўля ў 1918 годзе яго дом пацярпеў ад пажару: хоць Адам Багдановіч здолеў уратаваць рукапісы ад поўнага знішчэння, частка іх значна абгарэла.

У 1927 годзе, праз 10 гадоў пасля смерці паэта, мастак Валянцін Волкаў стварыў «Партрэт Максіма Багдановіча», які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. У 1991—1995 гадах выдадзены поўны збор твораў паэта ў трох тамах. Працуюць музеі Багдановіча ў Мінску, Гродне, Яраслаўлі; імя паэта носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, у Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і Ялце, школы і бібліятэкі ў розных беларускіх гарадах. Яму прысвечаны оперы «Зорка Венера» і «Максім». У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЭСКА асоб і падзей.

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter