Я не люблю…

Чаму ж мы такія, Божа?  

Чаму ж мы такія, Божа?

З усіх цацак, якія прыдумала на сваім вяку чалавецтва, безумоўна, самай дарагой з’яўляецца аўтамабіль. З гэтай высновай могуць многія паспрачацца, асабліва тыя, хто ёсць пайшлі з рабра Адамавага. Пярэчыць не буду, проста ўзгадаю моманты з аўтамабільнага асяроддзя, сведкам якіх не так даўно давялося быць.

Дзея першая. Шчыра прызнаюся: не люблю і не паважаю людзей абыякавых, эгаістаў, нягледзячы на тое, што яны даўжэй жывуць (ходзяць такія пагалоскі) і ўтульна адчуваюць сябе ў любых практычна сітуацыях. Дык вось, аднойчы давялося назіраць такую сцэну. Уявіце сабе аўтамабіль, які раўнютка стаіць па восевай лініі. Адразу мяркуеш, што нешта здарылася. Тым больш што гэтае аўто амаль бампер у бампер стаіць насупраць другога, якое павінна рухацца ў сустрэчным напрамку. Мінула хвіліна, другая — нічога не мяняецца, толькі чутны клаксоны кіроўцаў, якіх ужо даволі шмат сабралася ў гэтым месцы і якія пачалі губляць цярпенне. Не вытрымаў і я, падышоў да аўтамабіля-парушальніка з мэтай высветліць, што ж здарылася? Здзіўленню, як кажуць, не было меж. За рулём іншамаркі спакойна сядзела нашчадак Евы  і, размаўляючы па тэлефоне, гартала глянцавы часопіс… Прыехалі.

— У чым справа? Што здарылася?

— Гэты (прапусцім азначэнне) мяне абразіў, і я патрабую сатысфакцыі.

«Адукаваная» асоба, заўважыў сам сабе.

— А ці разумееце вы, што ствараеце перашкоду для руху транспарту?

— А мне напляваць. Не скрануся з месца, пакуль ён (ківок у бок уладальніка аўто) не папросіць прабачэння.

Вось так, мне патрэбна, і ўсё тут, а тое, што сабралася чарада машын, кабету не хвалюе. І толькі пагроза выклікаць на месца ДАІ магічна падзейнічала на ўладальніцу аўтамабіля. Публічна прадэманстраваўшы  некалькі разоў непрыстойны жэст, у якім галоўную ролю давялося выканаць сярэдняму пальцу, яна пакінула месца здарэння.

Дзея другая. Вечарэе. Імжыць надакучлівы восеньскі дождж. Загарадная шаша, шмат машын. Усе спяшаюцца на свае лецішчы і ў вёскі. Але едуць спакойна, не парушаючы правіл дарожнага руху.  І раптам ззаду, маргаючы фарамі, імкліва набліжаецца аўтамабіль, маўляў, уступіце дарогу. Даражэнькі ты мой калега, куды ж дзецца? Справа — суцэльная сцяна аўто, наперадзе — некалькі машын, у тым ліку і мая, рухаюцца нават з трошкі большай, чым дазволена, хуткасцю. Але «калегу» напляваць. Яму трэба. Паверце, няўтульна адчуваеш, калі ззаду нехта асляпляе святлом дальніх фар і, безумоўна, лічыць цябе  нейкім недарэкам, а сябе Шумахерам. З цяжкасцю выбіраю «акенца» ў правым баку і ўступаю месца нецярпліваму вадзілу. Што было далей, няцяжка ўявіць. «Шумахер» сігналіў фарамі ўжо наступнаму вадзіцелю. Але той і не думаў саступаць дарогу. Вось так і ехалі. Скажу шчыра, нават атрымаў нейкае задавальненне, калі правы рад, у тым ліку і мой аўтамабіль, спачатку параўняўся, а потым і абагнаў аўто вадзіцеля-нецярпячкі. І навошта было ствараць аварыйную сітуацыю? Невядома.

Уласна кажучы, мараль ясная. Паважай другіх, і табе будзе шчасце. Але ж не, камусьці яго патрэбна болей, чым іншым.

Дзея трэцяя і апошняя. Гэтая паненка, мабыць, упершыню ўбачыла трамвайныя рэйкі ў сталіцы. І якраз у той момант, калі сам трамвай па іх не рухаўся. Прыпаркаваўшы літаральна ў некалькіх сантыметрах ад рэек аўтамабіль, дама пакрочыла па сваіх справах. Уяўляю здзіўленне вагонаважатай. Трамвай, безумоўна, спыніўся, за ім другі, трэці… Выкліканая на месца ДАІ не магла даць рады, у роспачы разводзілі рукамі і прадстаўнікі трамвайнага дэпо. Рух быў паралізаваны. Трамвай, як вядома, не аб’язджаюць, але і сам вагон не ў стане аб’ехаць чатырохколавага сабрата. І толькі праз гадзіну («Да я-то отошла на минуточку»)  нашчадак цудоўнай Евы з’явілася на вочы прадстаўнікоў улад.

Ужо нават нецікава, чым закончыўся гэты кур’ёзны выпадак. Бо карані тут і ў вышэйазначаных сітуацыях адны і тыя. Усе «героі» абыякава аднесліся да астатніх, паставіўшы вышэй за ўсё сваё асабістае «эга». Што сказаць? Не будзе ў іх шчасця? Хутчэй за ўсё, яны прытрымліваюцца іншага пункту гледжання. А я не люблю раўнадушных…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter