“Я не ганю землі чужыя, хай іх сонца не абміне, толькі дзе б за морам ні быў я, Беларусь мая снілася мне...”

Ці ведаеце вы, што літаральна праз тры тыдні нас з вамі чакае вялікае адкрыццё? 7 ліпеня (07.07.07) будуць абвешчаны сем новых цудаў свету. Першы славуты і агульнавядомы спіс, складзены старажытнагрэчаскім гісторыкам Герадотам (тым самым, які пакінуў сведчанні пра тое, што на нашым Палессі было сапраўднае мора), праіснаваў нязменна некалькі тысячагоддзяў. Нашчадкі ці то не асмельваліся ў ім нешта мяняць, ці то проста ленаваліся. А цудаў з пераліку станавілася ўсё менш і менш. І нарэшце, калі час, а найбольш самі людзі з таго герадотава спіса пакінулі на зямлі у больш-менш прыстойным стане толькі егіпецкія піраміды, швейцарскаму падарожніку і даследчыку Бернарду Вэберу прыйшло ў галаву, што нядрэнна было б вызначыць новыя сем цудаў, бо за тыя тысячагоддзі чалавецтва не толькі разбурала, але і стварала.

Мінулым летам ён выступіў з такой прапановай, яго падтрымала ЮНЕСКА, і галасаванне пачалося. За год у ім прынялі ўдзел больш за 45 мільёнаў чалавек з розных краін свету. І арганізатары, захоўваючы інтрыгу падвядзення канчатковых вынікаў, ужо называюць самых верагодных прэтэндэнтаў на званне новага цуду свету. Больш за ўсё шанцаў атрымаць 7 ліпеня гэта ганаровае званне маюць каменныя скульптуры на востраве Пасхі (памятаеце, такія вялізныя, выцягнутыя ўвышыню каменныя галовы), горад індзейцаў майя Чычэн-Іца на паўвостраве Юкатан, акропаль у Афінах, свяцілішча інкаў, Вялікая Кітайская сцяна, рымскі Калізей, горад Пятра ў Паўднёвай Іарданіі, горад-крэпасць Мачу-Пікчу, Эйфелева вежа, славутая абсерваторыя старажытных кельтаў Стоунхендж у Англіі, маўзалей Тадж-Махал у індыйскай Агры (дарэчы, пра Тадж-Махал: даследчыкі б’юць трывогу — белы бы снег на працягу стагоддзяў маўзалей пачаў жаўцець. Прычыну пакуль што не высветлілі, але адной з самых верагодных называюць глабальнае пацяпленне).
Уяўляю ваша расчараванне, шаноўныя, ад таго, што ў гэтым спісе няма і намёку не тое што на беларускі след — нават на ўсходнеславянскі след у гісторыі. А наш Мірскі замак, ці Маскоўскі Крэмль, ці кіеўская Сафія хіба не вартыя ў гэтым спісе быць? Яны не такія старыя, як акропаль ці свяцілішча інкаў? А дзе яшчэ ў свеце, па якой яшчэ зямлі пракацілася столькі разбуральных войнаў (асабліва калі казаць пра Беларусь)? Тое, што названыя помнікі захаваліся, ужо само па сабе цуд.
Зрэшты, не будзем бурчэць на тых, хто галасаваў за новыя цуды. У кожнага свая Радзіма, самая лепшая, самая прыгажэйшая, самая любімая. Так што наш спіс “Сем цудаў Беларусі”, які “НГ” складае разам са сваімі чытачамі, нічым не саступае таму, глабальнаму. Хаця б таму, што скульптуры на востраве Пасхі мы можам бачыць толькі па тэлевізары, а ў Полацк, старажытны светлы Полацк, уражанні ад якога застаюцца зусім не меншыя, чым ад сузірання тых каменных галоў, можна за некалькі гадзін дабрацца з любога куточка Беларусі. Перш чым хваліць ці ганіць чужое, трэба найперш распазнаць, зразумець, палюбіць сваё. А калі гэта здарыцца, чужое хваліць не надта і захочацца. Бо акажацца, што вакол, зусім побач столькі нязведанага, сапраўды дзівоснага, што жыцця  не хопіць усё на свае вочы пабачыць, рукой дакрануцца, сэрцам адчуць...
Заморскія дзівосы — гэта, канешне, добра, на іх і паглядзець варта, калі магчымасць ёсць. Але, як на поўдні, дзе процьма салодкіх духмяных фруктаў, да аскоміны хочацца звычайных парэчак з бацькоўскага саду — з цёмнымі зярняткамі ў чырвона-празрыстай ягадзіне, даўка-кіслых, так і цудамі тымі можна захапляцца нядоўга, бо дома свае, не горшыя, родныя, спрадвечныя, зразумелыя,  са слядамі пальцаў далёкіх продкаў на сівой цэгле, з подыхам іх думкі, з іх словамі, напісанымі мудрагелістымі, але ўсё ж нашымі літарамі...
Чытаць вашы пісьмы, якія і па звычайнай, і па электроннай пошце прыходзяць у нашу рубрыку,— адно задавальненне. Некаторыя з іх не тое што прапановы — сапраўдны захапляльны аповед пра тое цуда, ВАША цуда, якое вы аднойчы адкрылі для сябе і якім рашылі падзяліцца з іншымі.

kostel-Stan.jpgЯшчэ адзін храм згадваецца ў пісьме магіляўчаніна Сяргея Васілевіча — касцёл святога Станіслава. Гэты помнік адметны найперш легендай сваёй пабудовы. Аднойчы (а дакладна — у снежні 1733 года) добрыя гараджане забілі шляхціца прама на галоўнай плошчы. За справу, трэба сказаць: нехта Любуш Зянковіч, заліўшы вочы, пусціў каня прама на гандлёвыя рады, патаптаў і тавар, і людзей. Мяшчане за сябе адпомсцілі ды яшчэ і храм, у якім гуляка спрабаваў схавацца, разбурылі. Пакаралі іх за тое адмыслова: на пабудову новага касцёла запатрабавалі разабраць цагляныя коміны дамоў. А зіма была лютая. Да таго ж было загадана прынесці  на будоўлю даволі вялікую колькасць яек для прыгатавання мацавальнага раствору. Магіляўчане загад выканалі. Толькі сярод соцень прынесеных яек не было ніводнага сырога — усе звараныя ўкрутую.
Ці так было, ці не на самай справе, ведае толькі маўклівы сведка тых падзей — сам касцёл. У ім, дарэчы, дзівосны роспіс — адзін з самых поўных фрэскавых евангельскіх цыклаў з тых, што да сёння захаваліся на Беларусі.

Chechersk.jpg“Я лічу, што сярод сямі цудаў Беларусі абавязкова павінна быць Чачэрская ратуша, помнік архітэктуры васемнаццатага стагоддзя, пабудаваная па загаду графа Чарнышова”. Гэта прапанова ад нашага чытача Алекса (прынамсі, ён так назваўся, пісьмо прыйшло па электроннай пошце).
Што ж, сапраўды, чачэрская ратуша, а ўвогуле і сам гэты горад вартыя быць у спісе прэтэндэнтаў на высокае званне. Чачэрск — адзін з самых старажытных гарадоў на тэрыторыі нашай краіны. Упершыню ён згадваецца ў пісьмовых дакументах сярэдзіны дванаццатага стагоддзя. Магдэбургскае права горад атрымаў у 1510 годзе.
На жаль, войны на памежжы далі аб сабе знаць: у старажытным Чачэрску ратуша пабудовы другой паловы ХVІІІ стагоддзя — ці не самы даўні помнік у горадзе, які захаваўся. Але ратуша вылучаецца не толькі гэтым. У яе сапраўды вельмі адметная канструкцыя і сілуэт. Гэта граф Чарнышоў, атрымаўшы пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Чачэрск у падарунак ад Кацярыны ІІ, захацеў зрабіць у гарадку сваю рэзідэнцыю. У невялікім ціхім Чачэрску з’явіліся нават прыгонны тэатр і аркестр. Праўда, захапленне графа хутка астыла, жыццё ў гарадку па-ранейшаму пацякло павольна і спакойна. Ад таго бліскучага часу на памяць засталася фундаваная ўсё тым жа Чарнышовым Спаса-Праабражэнская царква ды дзіўнага сілуэта ратуша.

Kosovo.jpg“Давайце ўключым у спіс сямі цудаў славуты Косаўскі палац”, — піша Людміла Клімовіч з Пружан. Людміла ў лісце прызналася: бачыла палац не аднойчы, хадзіла каля яго. Не ўражвала. Пакуль аднойчы не глянула на фота Сяргея Плыткевіча ў нашай газеце. Яно было зроблена з вышыні птушынага палёту.  “Гэта такая прыгажосць, і ўражанне, што ты нібыта сапраўды птушка і лунаеш над зямлёй і над гэтымі “зубатымі” мурамі”. Чытачка прызнаецца: тое пачуццё  палёту яна памятае дагэтуль. А трапіўшы нядаўна ў Косава, паглядзела на палац зусім іншымі вачыма.

 

Golshany.jpg“Нядаўна трапіла на экскурсію ў Гальшаны, што ў Ашмянскім раёне. Там такія дзівосы! Гальшанскі прывід — вось сапраўдны цуд.  Прынамсі, пра яго ведаюць не толькі ў Беларусі”. Алеся, студэнтка БДУ.
Наша чытачка мае рацыю: у Беларусі толькі лянівы або глухі не чуў пра гальшанскі прывід, які па вечарах палохае супрацоўнікаў музея, што месціцца ў кляштары, а лёзных, ды яшчэ і цікаўных людзей наогул на дух не пераносіць, і калі хто начаваць з цікавасці застанецца, той і звар’яцець ад страху можа. Але не толькі гэта метафізічная з’ява можа звацца цудам у невялікім мястэчку Гальшаны. Руіны замка канца ХVІ  стагоддзя, на пару дзесяцігоддзяў маладзейшы за замак кляштар, які захаваўся (менавіта там жартуе славуты прывід). Шыкоўны барокавы касцёл — бы воблака, што спусцілася на зямлю якраз пад самы заход сонца, каб пафарбавацца пад соннымі промнямі ў пяшчотна-ружовы колер. І ўнутры касцёла дзівосы не скончацца — там адсутнічае алтар, ён намаляваны на сцяне. Такіх храмаў — з намаляванай галаграмай замест алтара — у Еўропе ўсяго тры: у Іспаніі, у Польшчы. Трэці зусім недалёка — у невялікім беларускім мястэчку.

Вы згодны з прыведзенымі варыянтамі, але хочаце дадаць штосьці сваё? Вы зусім нязгодныя і лічыце, што ўсе вышэйапісаныя аб’екты трэба замяніць больш вартымі, на ваш погляд, “кандыдатамі”?
У любым выпадку, не саромцеся, далучайцеся да дыскусіі. Зрабіць гэта можна парознаму: даслаць вашы меркаванні па пошце ці на электронны адрас рэдакцыі (з пазнакай “Сем цудаў Беларусі”), паўдзельнічаць у абмеркаванні на сайце нашага выдання www.ng.by.
І не забудзьцеся падпісацца на “Народную газету” на ІІ паўгоддзе. Інакш цуды Беларусі абяруць без вас. А як жа без вас?
Заставайцеся з “Народнай газетай” і з праектам “Сем цудаў Беларусі”! Чакаю вашых допісаў і меркаванняў.
Шукайма цуды ў сваёй Айчыне разам!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter