У розных рэгiёнах Беларусi iснуюць уласныя велiкодныя традыцыi

Я маленькi жачок...

Вялікдзень — адно з найбольш любімых і ўрачыстых святаў беларусаў. Нядзіўна, што за многія стагоддзі яно абрасло шматлікімі традыцыямі і абрадамі. У большасці сваёй яны агульныя для розных рэгіёнаў Беларусі, але можна сустрэць і па-сапраўднаму ўнікальныя звычкі

Фота Максіма Вечара

Валачобнікі пад акном


Адной з найбольш яркіх асаблівасцей беларускага Вялікадня з’яўляецца валачобніцтва. Апроч нашай краіны, гэты абрад сустракаецца яшчэ толькі ў некаторых раёнах Польшчы і Сербіі. Але і на тэрыторыі Беларусі распаўсюджаны больш у яе цэнтральнай і паўночнай частках. Увечары Вялікадня валачобнікі (традыцыйна гэта мужчыны сярэдніх гадоў і хлопцы) абыходзілі вёску, спяваючы пад вокнамі хат валачобныя песні і адорваючы гаспадароў пажаданнямі здароўя, плёну, прыбытку скаціны і добрага ўраджаю. Як правіла, у валачобны атрад акрамя простых мужчын-спевакоў, уваходзілі “запявала”, які кіраваў абрадам і пачынаў спевы, музыкі з дудой і скрыпкай і “механоша” — ён насіў мяшок ці кошык для падарункаў у выглядзе яек, булак і іншых пачастункаў, якімі дзякавалі валачобнікам за шчырыя віншаванні гасцінныя гаспадары. А напрыканцы абраду валачобнікі хорам спявалі:

Гаспадар ты наш з гаспадыняю,

Не тамі нас доўга, падары нас борздка

Не вялікім скарбам, чырвоным яйцом.

Са двара пойдзем, прыпяваючы,

Пана-гаспадара велічаючы...

Дай яечка, бабка


У некаторых мясцовасцях, у прыватнасці на Гродзеншчыне, і сёння вельмі распаўсюджана традыцыя “хадзіць у жакі”. Жакі — малыя валачобнікі, дзеткі, якія ходзяць з хаты ў хату на Вялікдзень або на яго другі дзень. Як і дарослыя валачобнікі, яны спяваюць святочныя песні, расказваюць вершыкі і віншуюць гаспадароў з урачыстасцю. Вядома, не бясплатна:

Я маленькі жачок,

Паўзу, як рачок,

Скачу, як жабка,

Дай яечка, бабка! 

Гаспадары заўсёды ад душы кладуць дзецям у кошыкі яйкі, пірагі, цукеркі. У многіх хатах прынята загадзя рыхтаваць на свята больш яек і пірагоў, каб было чым падзяліцца з маленькімі валачобнікамі .

Праслаўляючы сонца


На Заходнім Палессі на Вялікдзень было прынята распальваць на вуліцы вогнішча і вадзіць вакол яго карагоды, тым самым ушаноўваючы сонца, якое ў гэты час набірала моц. Нашы продкі казалі: “На Вялікдзень і сонца скача”. “Гульню сонца” заўважалі на розныя пераломныя каляндарныя святы — Дабравешчанне, Купалле, Уздзвіжанне... Аднак на Вялікдзень яна лічылася найбольш выразнай.

Яшчэ адна палеская велікодная традыцыя — запякаць да свята парася, у сківіцы якога ўкладвалася фарбаванае яйка.

Маслены баран

Фота БЕЛТА
Цікавая традыцыя, звязаная з велікодным сталом, існуе на Глыбоччыне. У сям’і Марыны Хрол з вёскі Мацюкова ўжо гадоў сто пяцьдзясят на Вялікдзень вырабляюць масленага барана. Пушысты шэдэўр з галавой, хвосцікам і нібы сапраўднай воўнай гатуюць са звычайнага хатняга масла. Як расказвае сама гаспадыня, праца нескладаная, але вельмі карпатлівая — на двухкілаграмовага барана давядзецца патраціць каля чатырох гадзін. Як правіла, ён стаіць пасярэдзіне велікоднага стала і ў першы і другі дзень свята яго не чапаюць — ядуць ужо пасля. Выключэнне толькі для гасцей, якія вельмі моцна хочуць яго пакаштаваць.

Такіх баранчыкаў не робяць больш нідзе, таму тэхналогія сям’і Марыны Хрол занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Напэўна, ёсць цікавыя традыцыі, звязаныя са святкаваннем Вялікадня, і ў вашай сям’і. Пастарайцеся не згубіць іх, а даць новае жыццё, як гэта зрабіла Марына Хрол з Глыбоччыны.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter