Я люблю цябе, Айчына!

Заўтра ў Гомелі стартуе грамадска- культурная акцыя “Беларусь – гэта мы”.

Заўтра ў Гомелі стартуе грамадска- культурная акцыя “Беларусь – гэта мы”.

Сто канцэртаў, выстаў чакаюць нас сёлета — ад Мінска да самых аддаленых куткоў Бацькаўшчыны дойдзе праект “Беларусь — гэта мы”. Міністр культуры Павел Латушка ўпэўнены, што творчая інтэлігенцыя здолее стварыць станоўчы імідж краіны ў свеце, паказаўшы і за мяжой дасягненні нацыянальнай мастацкай культуры. “Бо культура — важны фактар пабудовы незалежнай квітнеючай краіны Беларусь”, — падкрэсліў ён.
Удзельнікамі акцыі “Беларусь — гэта мы” стануць лепшыя творчыя сілы з рэгіёнаў і сталіцы, салісты опернага тэатра, Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, Дзяржаўнага ансамбля танца, народнага хору імя Г.Цітовіча і народнага аркестра імя І.Жыновіча, Прэзідэнцкага аркестра, а таксама ансамблі “Песняры”, “Сябры”, “Верасы”, “Харошкі”.
Заўтра ў Гомелі чакаецца выступленні Ані Шаркуновай і Германа, спевакоў, якія першыя выйдуць на сцэну пад лозунгам “Беларусь — гэта мы”. А што чакаецца ў іншых рэгіёнах краіны і за мяжой у рамках акцыі “Беларусь — гэта мы”, які вынік дасць гэты праект? Некаторыя падрабязнасці паведамілі ініцыятары акцыі.
Павел ЛАТУШКА,
міністр культуры:
— Увосень пройдзе ўсебеларуская выстава выяўленчага мастацтва, дзе будуць прадстаўлены ўсе віды сучаснага жывапісу ўсіх пакаленняў майстроў, якія працуюць у краіне. У рамках акцыі “Беларусь — гэта мы” запланаваны мерапрыемствы ў Расіі, дзе 2010-ы аб’яўлены Годам культуры Беларусі. Ёсць дамоўленасці аб сумесных творчых акцыях у Літве, Украіне, Польшчы, Днях культуры Беларусі ў Кітаі, Казахстане.
Міхаіл ФІНБЕРГ, дырэктар — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі:
— Гэты год прысвечаны Шапэну. Напомню, што выдатны польскі кампазітар супрацоўнічаў з беларускімі музыкантамі, сваімі сучаснікамі. Падрыхтаваны праграмы, прысвечаныя 65-годдзю Вялікай Перамогі, 80-годдзю Уладзіміра Караткевіча, музыцы беларускага замежжа. Усё гэта павінна сцвердзіць, што наша культура — інтэгральная частка еўрапейскай культуры.
Аляксандр АНІСІМАЎ, галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра:
— Мы хочам зрабіць Беларусь музычным цэнтрам Еўропы. Сёння на канцэртах беларускай музыкі ў сталічнай філармоніі аншлагі. Запатрабаваны сімфанічныя творы Смольскага, Картэса, Мдзівані. Традыцыйнымі сталі выступленні дзяржаркестра ў Вільні. Сёлетняй восенню ў літоўскай сталіцы мы дадзім канцэрт да 170-годдзя з дня нараджэння Чайкоўскага. 2 мая адбудзецца наш канцэрт у Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі.
Уладзімір ПЯТРОЎ, вядучы саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балету:
— Сёлета плануецца многа новых праектаў: у сакавіку мы выступім у Полацку, улетку правядзём фестываль у Нясвіжы. На Першы міжнародны фестываль опернага мастацтва  ўжо згадзіліся прыехаць прадстаўнікі маскоўскага тэатра “Новая опера” і Латвійскай нацыянальнай оперы. У ліпені запланаваны гастролі нашага тэатра ў Эстоніі, падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Вільняй.
Уладзімір ПРАКАПЦОЎ, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея:
— 22 верасня ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы адкрыецца выстава твораў Івана Хруцкага, якая затым будзе паказана ў Луўры. Такая ж экспазіцыя разгорнецца і ў нашай сёлетняй культурнай сталіцы, на радзіме мастака — у Полацку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter