«Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…»

9 снежня — 120 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Дзявятага снежня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Ён пражыў вельмі кароткае (усяго 25 гадоў), але надзвычай плённае творчае жыццё. Яго літаратурная спадчына — істотная частка духоўнай культуры беларускага народа. Паэт і празаік з тонкім, далікатным адчуваннем рэчаіснасці і ўнутранага свету чалавека, майстар мастацкага перакладу, удумлівы крытык і літаратуразнаўца, палымяны патрыёт, Максім Багдановіч навечна ўпісаў сваё імя ў гісторыю не толькі беларускай нацыянальнай літаратуры, але і сусветнай.

Яго творчасць адлюстроўвае багаты талент, шырокую эрудыцыю і высокую культуру, якая застаецца ўзорнай і працягвае ўражваць адданасцю і высакародным служэннем творцы роднай беларускай мове, сваёй Бацькаўшчыне.

Сёння а 12-й гадзіне ў скверы каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстая імпрэза і ўскладанне кветак да помніка паэту. Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюць усіх прыхільнікаў таленту Максіма Багдановіча.

На здымку: на выставе, прысвечанай Максiму Багдановiчу, у Палацы мастацтваў.

Фота: Аксана МАНЧУК, БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter