— Тут такiх шмат, — кажа аб сваiм калектыве галоўны ўрач Гомельскага абласнога клiнiчнага шпiталя iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны Алег Iванцоў i з усмешкай дадае: — Але асабiста я, хутчэй, доктар ад сям’i.
Мы пагаварылi аб тонкасцях i складанасцях прафесii, аб працы i перспектывах развiцця ўстановы i, вядома ж, аб па-ранейшаму актуальнай тэме — супрацьстаяннi хваробе, з якой свет сутыкнуўся ўпершыню.
Ад лёсу не ўцячы
Алег Анатольевiч з урачэбнай дынастыi. Бацька быў хiрургам, мацi — неўрапатолагам. Старэйшы брат выкладае на кафедры траўматалогii Гродзенскага медунiверсiтэта.— Мы з дзяцiнства бачылi, як шмат i напружана працуе тата. Мама заўсёды ставiлася да гэтага з разуменнем. Пры тым што займацца бытавымi пытаннямi ў асноўным даводзiлася ёй. Калi надышоў час выбiраць прафесiю, на мяне нiхто не цiснуў, не ўгаворваў i не адгаворваў. Бацькi заўсёды падтрымлiвалi, што надавала ўпэўненасцi ў сабе.
I ўсё ж спроба спрачацца з лёсам была. Алег паступiў у ваеннае вучылiшча, але хутка зразумеў, што гэта не яго шлях. I ў 1989 годзе скончыў медыцынскую ВНУ, пасля чаго быў накiраваны ў бальнiцу хуткай медыцынскай дапамогi Гомеля.
— У прафесiйным плане мне гэта дало вельмi шмат, — перакананы мой суразмоўца. — На такой працы вопыт набываецца хутчэй, чым на любой iншай. Гэта i каласальная адказнасць, i неабходнасць прымаць рашэннi ў экстранных умовах. I ўсё дзеля аднаго: каб выратаваць жыццё чалавека.
Тады ж давялося праводзiць аперацыю, якая запомнiлася найбольш. На хiрургiчным стале апынуўся малады чалавек з агнястрэльнымi раненнямi, атрыманымi ў крымiнальнай разборцы. Для лiхiх 90-х — звычайная справа. За яго жыццё дактары змагалiся 9 гадзiн. Даставалi кулi, зашывалi пашкоджаныя органы, iмкнучыся захаваць iх i пазбегнуць выдалення. Праблемы ўзнiкалi не раз, але цяжкая праца была праведзена нездарма. Выратаваны мужчына жывы i сёння.
Лепшы вопыт — баявы
На момант нашай гутаркi ўстанова працуе ў звычайным рэжыме. Але апошнiя тры месяцы сталi сапраўдным выпрабаваннем. У разгар пандэмii шпiталь у прамым сэнсе апынуўся на перадавой. Прычым давялося змагацца на двух франтах. Як i раней, тут ратавалi пацыентаў з iнсультамi, якiх хуткая дапамога везла i з Гомеля, i з Гомельскага раёна. А ў гэты ж час у iншай палове корпуса лячылi хворых з COVID-19. Першага пацыента даставiлi 10 красавiка. Да таго моманту стацыянар быў падзелены на чыстую i чырвоную зоны. За некалькi дзён зманцiравалi шлюзавыя перагародкi, абцягнутыя полiэтыленам, якi забяспечвае герметычнасць i лёгка апрацоўваецца. Па такiм жа прынцыпе падзялiлi рэанiмацыю.
На пiку пандэмii за суткi ў шпiталь паступала каля 50 пацыентаў з пнеўманiямi. З-за такога патоку спатрэбiлiся дадатковыя кiслародныя кропкi. За рэкордна кароткi тэрмiн у дадатак да тых, што мелiся, усталявалi яшчэ тры дзясяткi. Для некаторых пацыентаў яны сталi сапраўдным выратаваннем: ужо праз суткi людзi iшлi на папраўку.
Праблемы, якiя было немагчыма прадбачыць, вырашалiся на хаду. Алгарытм працы ў экстрэмальных умовах наладжваўся i ўдасканальваўся. Галоўны ўрач не хавае захаплення калектывам:
— Нi адзiн супрацоўнiк не адмовiўся iсцi ў чырвоную зону. А калi стацыянар рэзка запоўнiўся, давялося адклiкаць тых, хто быў у адпачынку. Назаўтра ж усе вярнулiся ў строй, без скаргаў, адгаворак i галашэнняў. Як дактары сапраўднага ваеннага шпiталя. Кожны разумеў усю складанасць сiтуацыi i тое, што цяпер уся надзея на нас. I я лiчу, што мы яе апраўдалi, як i нашы калегi па ўсёй Беларусi.
Апошнi на сёння пацыент з каронавiрусам быў выпiсаны са шпiталя 10 лiпеня. Але прыбiраць шлюзы i лiквiдаваць чырвоную зону пакуль не сталi. Калi песiмiстычныя прагнозы спраўдзяцца i другая хваля COVID-19 усё ж прыйдзе, для аднаўлення працы ў асобым рэжыме спатрэбiцца не больш за суткi. У наяўнасцi — неабходны запас лекавых прэпаратаў, сродкаў iндывiдуальнай абароны, уключаючы супрацьчумныя касцюмы, дэзынфiцыруючых рэчываў i антысептыкаў. А галоўнае —прафесiйны вопыт, якi спецыялiсты атрымалi амаль у баявых умовах. Гэта робiць яго яшчэ больш каштоўным.
Iнтарэсаў шмат, перспектывы ёсць
На бачным месцы ў кабiнеце галоўнага ўрача вiсiць Падзячны лiст Прэзiдэнта. Сярод узнагарод ёсць таксама Ганаровая грамата ад Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу, медаль ад Рускай праваслаўнай царквы.
У шпіталі выкарыстоўваюць сучаснае медыцынскае абсталяванне.
Ёсць чым ганарыцца медыцынскай установе i сёння. За год лячэнне ў шпiталi праходзiць каля 13 000 чалавек. Асноўны профiль дзейнасцi — лячэнне неўралагiчных захворванняў i паталогiй, а таксама рэабiлiтацыя. На базе ўстановы знаходзiцца кафедра неўралогii i нейрахiрургii Гомельскага медунiверсiтэта. Дзейнiчае абласны цэнтр медыцынскай рэабiлiтацыi, куды паступаюць людзi, якiя перанеслi iнсульты, iнфаркты, цяжкiя траўмы, аперацыi ў анкалогii.
Шпiталь — адзiная ўстанова ў краiне, дзе робяць аперацыi на сонных артэрыях пад мясцовай анестэзiяй. Гэта тонкая хiрургiчная праца, якая дапамагае «рамантаваць» сасуды i дзякуючы гэтаму прадухiляць iнсульты. Зараз пры падтрымцы Гомельскага аблвыканкама вядзецца будаўнiцтва суперсучаснай аперацыйнай па эндаваскулярнай хiрургii. Да канца года плануецца ўвесцi першую чаргу, а ў наступным — другую. Запланавана таксама набыццё бiпланавага ангiёграфа, якi дазволiць рабiць стэнцiраванне i на сэрцы, i на галаўным мозгу.
За год лячэнне ў шпiталi праходзiць каля 13 000 чалавек.
Актыўна развiваюцца i мiжнародныя кантакты. Наладжаны абмен вопытам з калегамi з Расii, Казахстана, Iспанii, Iталii, Шатландыi. А шматгадовае супрацоўнiцтва з Кiтаем паспрыяла стварэнню пры шпiталi цэнтра традыцыйнай кiтайскай медыцыны.
— Мы рухаемся наперад, — рэзюмуе Алег Iванцоў. — Перспектыў i напрамкаў шмат, iнтарэсаў — таксама, увага да сферы аховы здароўя i падтрымка з боку дзяржавы ёсць. Будзем старацца i далей.
prolesk@sb.by
Фота Таццяны КАВЕРЫНАЙ.