«Я добра ведаю людзей вёскі і шукаю ў іх апору»

ГЛЫБОЦКІ раён — адзін з найбольш індустрыяльна развітых рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Яго плошча — 175,9 тысячы гектараў, з якіх сельгасугоддзі займаюць 54 працэнты, воранай зямлі — 28,9 працэнта. Тут самая высокая шчыльнасць жывёлы ў вобласці. Гэта адзіны ў рэспубліцы раён, дзе фактычна ўся прадукцыя сельгаспрадпрыемстваў перапрацоўваецца на месцы. Ва ўсім свеце ведаюць згушчонку ААТ ”Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат”, маюць вядомасць у рэспубліцы і за яе межамі ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат”, ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”, філіял “Падсвільскі вінзавод” ДП “Полацкі вінаробчы завод”, кансервавы завод ААТ “Купцовъ”. Яны пастаўляюць свае тавары ў 15 краін свету, акрамя таго, у 30 рэгіёнаў Расіі. Ёсць на тэрыторыі раёна таксама 2 льнозаводы, птушкафабрыка, вінзавод і хлебазавод. Усяго звыш сарака прадпрыемстваў. Тры гады таму назад раён узначаліў малады, ініцыятыўны і творчы кіраўнік Алег МОРХАТ. Пры ім адбыліся вельмі значныя зрухі як у эканоміцы, так і сацыяльнай сферы рэгіёна.

Такіх прынцыпаў у жыцці і працы прытрымліваецца старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат

ГЛЫБОЦКІ раён — адзін з найбольш індустрыяльна развітых рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Яго плошча — 175,9 тысячы гектараў, з якіх сельгасугоддзі займаюць 54 працэнты, воранай зямлі — 28,9 працэнта. Тут самая высокая шчыльнасць жывёлы ў вобласці. Гэта адзіны ў рэспубліцы раён, дзе фактычна ўся прадукцыя сельгаспрадпрыемстваў перапрацоўваецца на месцы. Ва ўсім свеце ведаюць згушчонку ААТ ”Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат”, маюць вядомасць у рэспубліцы і за яе межамі ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат”, ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод”, філіял “Падсвільскі вінзавод” ДП “Полацкі вінаробчы завод”, кансервавы завод ААТ “Купцовъ”. Яны пастаўляюць свае тавары ў 15 краін свету, акрамя таго, у 30 рэгіёнаў Расіі. Ёсць на тэрыторыі раёна таксама 2 льнозаводы, птушкафабрыка, вінзавод і хлебазавод. Усяго звыш сарака прадпрыемстваў. Тры гады таму назад раён узначаліў малады, ініцыятыўны і творчы кіраўнік Алег МОРХАТ. Пры ім адбыліся вельмі значныя зрухі як у эканоміцы, так і сацыяльнай сферы рэгіёна.

— Алег Віктаравіч, помніцца, адным з першых вашых крокаў у ролі старшыні райвыканкама стала барацьба з кустамі каля прыдарожных палос і на палях. І калі апошняе яшчэ неяк зразумела: існуе абласная праграма “Чыстыя палі”, то высякаць хмызняк уздоўж дарог вас ніхто не прымушаў.

— Усё правільна. Хачу напомніць словы старшыні аблвыканкама Аляксандра Мікалаевіча Косінца, што гэтыя кусты пачалі расці ў нашай свядомасці. У нас ёсць 36 працэнтаў лесу. І гэтага дастаткова. Але там, дзе сёння зарастаюць кустамі сельгасугоддзі і вораныя землі — гэта грэх. Вазьміце той жа Ізраіль, Галандыю, Нарвегію. Там кожны кавалачак зямлі адваёўваюць у скал ці мора. І ў нас кожны кавалачак зямлі таксама павінен даваць прадукцыю. Зараз ачыстка палёў ад кустоў працягваецца. Актыўна падключана меліяратыўная тэхніка КУП “Глыбоцкая ПМК меліявадгас”. Мы выканалі вялікі аб’ём работ каля Падсвільскага перакрыжавання, акультурылі там 200 гектараў зямлі, вакол птушкафабрыкі, за вёскай Арэхаўна. Сёлета здадзена другая чарга новага меліяратыўнага аб’екта ў СВФ “За Радзіму” ААТ “ Глыбоцкі камбікормавы завод”. Усяго там 350 гектараў. Зямля на вачах ператвараецца ў казку. Контурнасць палёў павялічылася з 5,7 гектара да 7,8. Бліжэйшая наша задача — давесці да 12 гектараў. Павелічэнне контурнасці палёў дало магчымасць рацыянальна прымяніць на вясенняй пасяўной сучасную магутную тэхніку з шыроказахопнымі агрэгатамі, правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны — мы яе завяршылі першымі ў вобласці, — сэканоміць значныя сродкі. Толькі эфектыўная работа на зямлі дазваляе нам утрымліваць самае вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў вобласці. За апошнія пяць год яно павялічылася на 5 тысяч. У нас — самы вялікі дойны статак. Красамоўней за ўсё аб гэтым сведчаць лічбы: з усёй сыравіннай зоны малочнакансервавага камбіната, а гэта некалькі раёнаў, глыбоцкія аграрыі забяспечваюць палову паставак, мясакамбінат — на 44 працэнты.

— Адметна тое, што самыя буйныя прадпрыемствы раёна, за выключэннем кансервавага завода ААТ “Купцовъ”, маюць свае сельгасвытворчыя філіялы.

— Так, і не менш адметна там гаспадараць. ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат” і ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат” узвялі ў сваіх сельгасфіліялах “Мнюта” і “Галубічы” абсалютна новыя малочна-таварныя комплексы на тысячу галоў кожны, прывялі ў належны парадак старыя жывёлагадоўчыя памяшканні, замянілі абсталяванне ў іх. У мінулым годзе было рэканструявана 14 малочна-таварных ферм, столькі ж будзе даведзена да ладу і сёлета. На 4 фермах плануем устанавіць робаты. СВФ “Мнюта” летась атрымаў самую высокую ўраджайнасць зерневых у раёне — 43,5 цэнтнера. ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” у сваім сельгасфіліяле “За Радзіму” адразу абнавіў некалькі ферм, а на мосарскай пабудаваў і даільную залу. Рэкардсмен ён і па вырошчванню рапсу.

— Алег Віктаравіч, але ж не сакрэт, што ў філіялы ў свой час, за рэдкім выключэннем, увайшлі далёка не моцныя гаспадаркі. Каб падняць іх, прадпрыемствам давялося ўкласці і ўкладваць зараз немалыя сродкі, якія б маглі пайсці на мадэрнізацыю ўласнай вытворчасці.

— Мы жывём не ў савецкія часы, калі асноўным патрабаваннем было — вырасціць прадукцыю. Сёння галоўная задача — прадаць. Канкурэнцыя на рынку ў свеце вельмі сур’ёзная. Патрабуецца не толькі прадукт якасны, але і прымальны па сабекошце. Таму без мадэрнізацыі вытворчасці ніяк на абысціся. І на азначаных прадпрыемствах, ды і фактычна на іншых, не спынялася яна ні на адзін год, а, наадварот, набірае абароты. У канцы мінулага года на ААТ “Глыбоцкі мясакамбінат” уведзена ў строй лінія па ўбою свіней, якая дазволіла асвоіць вытворчасць інавацыйнай прадукцыі. На ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат” зманціравана лінія па вытворчасці малака стэрэалізаванага ў пакеты “Тэтра-Брык Асепцік”. ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” істотна ўдасканальвае лінію па вытворчасці рапсавага масла. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы набыты новы камбайн для ўборкі зялёнага гарошку ў ААТ “Купцовъ”. Вырошчваюць яго тут тысячу гектараў, і зялёны гарошак з’яўляецца брэндам завода і раёна. Прыемна, што гэта прадпрыемства ўзялося аднавіць у раёне садаводства — пасадзіць 300 гектараў пладовых дрэў. 50 гектараў ужо ёсць. У большай ступені нам трэба папрацаваць над мадэрнізацыяй льнаводчай галіны. Глыбоччына спакон вякоў славілася гэтай культурай, мела Герояў Сацыялістычнай Працы за вырошчванне льну. У мінулым годзе наш Мосарскі льнозавод заняў першае месца ў рэспубліцы па ўраджайнасці даўгунцу. А вось на Падсвільскім ільнозаводзе ёсць праблемы. Днямі мы абмеркавалі сітуацыю і намецілі канкрэтныя рашэнні па выпраўленню становішча.

— Нядаўна Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пры назначэнні на адказныя пасады кіраўнікоў падкрэсліў, што раённае звяно — асноўнае, і кіраўнікі гэтай вертыкалі павінны ўдзяляць як мага больш увагі рабоце з людзьмі. Маецца на ўвазе, вядома, і з сялянамі.

— Вельмі слушная заўвага. Ад сябе скажу так: яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя ў сельскай гаспадарцы раёна працавала сем тысяч чалавек. Сёння засталося 2900, або менш за палову ад таго. Я сам вырас у вёсцы, у шматдзетнай сям’і. З малых год не цураўся ніякай сялянскай працы, даводзілася нават і карову даіць. І таму добра ведаю людзей вёскі, шукаю ў іх апору, заўсёды рады выслухаць праблемнае пытанне, якое б яно ні было. Сёння век імклівага руху, і мы, нярэдка здараецца, забываемся, ад каго гэта ідзе. Хто гэту работу выконвае. А ідзе гэта ад зямлі. Ад сялян! І таму мне заўсёды хочацца ўдзяліць ім больш увагі.

І не толькі работнікам сельгаспрадпрыемстваў, а і ўладальнікам падсобных гаспадарак, фермерам. “Белорусская нива” ўжо расказвала, што той, хто трымае ў сваёй гаспадарцы пяць і больш кароў, атрымаў бясплатна даільныя апараты. Такіх шчасліўчыкаў пяцёра. Аказваем істотную дапамогу 24 фермерам. Напрыклад, Вячаслаў Сапрончык, Аляксандр Шур, Аляксандр Дулінец займаюцца пладаагароднінай. Ім і іншым выдзяляем на льготных умовах мінеральныя ўгнаенні.

— Алег Віктаравіч, у Глыбоцкім раёне, як і ўсюды, праводзяць“зажынкі”, “дажынкі”, падводзяць вынікі года. Але звяртаюць на сябе ўвагу і даволі нетрадыцыйныя метады работы з працаўнікамі вёскі. Так, сёлета пад канец зімы вы сабралі поўны зал жывёлаводаў у раённым Доме культуры і... частавалі іх.

— Перш чым справа дайшла да пачастункаў, у нас вялася некалькі гадзін цікавая размова пра вытворчыя справы. А так сапраўды ў нас стала законам збіраць асобна жывёлаводаў па зімоўцы жывёлы, механізатараў — перад вясенняй пасяўной і пасля яе. Праводзім работу над памылкамі, калі што не атрымліваецца, калі што на месцы не дапрацоўваем. Адзначаем, узнагароджваем лепшых, а затым нашы самадзейныя артысты даюць канцэрт. Для ўсіх запрошаных сялян накрываем стол.

Я заўсёды імкнуся ісці да людзей з дабром. Такое маё крэда. Тады і ў адказ дабро атрымаеш. За год райвыканкам заахвочвае да 1,5 тысячы чалавек, маецца на ўвазе не толькі прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі. Такая ўвага, між іншым, значна ўплывае на замацаванне маладых кадраў на сяле.

— Праблема кадраў у сельскай гаспадарцы, а гэта прызнана афіцыйна, пачынаецца з прафесійна-тэхнічных ліцэяў, каледжаў і іншых навучальных устаноў сельскагаспадарчага накірунку. На пасаду старшыні райвыканкама вы прыйшлі з Глыбоцкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча, дзе адпрацавалі чатыры гады дырэктарам і зрабілі ўстанову не толькі адной з лепшых у рэспубліцы, але і наладзілі сучасны выхаваўча-вучэбны працэс.

— Па спецыяльнасці я аграном. Давялося працаваць і старшынёй калгаса, і намеснікам начальніка райсельгасхарча Браслаўскага райвыканкама, і начальнікам райсельгасхарча Чашніцкага райвыканкама. А потым сапраўды трапіў у Глыбоцкі прафтэхліцэй. Карціна была бязрадаснай. Унікнуўшы ў вучэбны працэс, заўважыў, што навыкі будучай прафесіі адпрацоўваліся ў лабараторыі, на стэндах. Але ці можна такім чынам вырасціць хлебароба? Лічу, каб стаць сапраўдным спецыялістам, трэба “папоўзаць” па зямлі. Таму павялічылі надзелы падсобнай гаспадаркі са 150 гектараў да шасцісот. Амаль поўнасцю, дзякуючы падтрымцы дзяржавы, абнавілі машынна-трактарны парк. Рабяты сталі вучыцца і працаваць на такой жа новай беларускай тэхніцы і ў гаспадарках. Завялі жывёлу: 30 дойных кароў, 100 бычкоў, 80 свіней. Я быў не толькі дырэктарам, але і выкладаў эканоміку. Вучыў дзяцей быць гаспадарамі на зямлі. Яны ў мяне ўжо ў той час ведалі, што такое інвестыцыі і інавацыі. І сёння я ганаруся імі. Выпускнік ліцэя механізатар Аляксандр Буловіч з філіяла “Мнюта” ААТ “Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат” стаў удзельнікам леташніх рэспубліканскіх “Дажынак” у Горках. Малады камбайнер Мікалай Стрыёнак з філіяла “Галубічы” заняў летась на жніве першае месца ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў. Абсалютная большасць выпускнікоў ліцэя, а за чатыры гады я выпусціў больш за тысячу чалавек, засталася ў сельскай гаспадарцы. Імкнёмся дапамагчы ім жыллём, давяраем новую тэхніку. Многія робяць кар’еру: пачыналі з вадзіцеля, механізатара, а сёння ўжо — галоўны інжынер, механік. У будучым разлічваем убачыць  іх і сярод кіраўнікоў. Ёсць выпадкі, калі не ўсё ладзілася ў жыцці. Таксама ідуць да мяне. Сустракаемся, абменьваемся думкамі, раімся. Гэта мая сіла і падтрымка ў рабоце.

— Алег Віктаравіч, той, хто прыязджае ў Глыбокае і раён, здзіўляюцца і адменнаму парадку, і шыкоўным, з арыгінальнай архітэктурай новабудоўлям. Гэта СШ № 1, тры чаргі стадыёна на 2,5 тысячы месцаў, стаматалагічная паліклініка, Дом культуры, танцавальная зала, музеі, дзіцячы гарадок “Брыганціна” і іншыя. І не ўсе ведаюць, што некаторыя з іх узведзены метадам народнай будоўлі. Напрыклад, той жа аграгарадок Верхняе.

— Не сакрэт, што аграгарадкі ўзводзіліся ў асноўным за кошт дзяржавы. А Верхняе ўзялі ды і выкраслілі з плана. Прыйшла да мяне цэлая дэлегацыя з гэтай вёскі. Выехаў на месца. Балюча было глядзець на вялікі клуб з пустымі праёмамі замест вокнаў, на сіратлівыя царкву, школу, краму. І тады я падумаў: “Раён наш не маленькі, шмат прадпрыемстваў. А што, калі наваліцца ўсімі сіламі, можа, што і зробім?” Мяне падтрымалі. Аграгарадок быў пабудаваны. І сёння, у многім дзякуючы гэтаму, там палепшыліся эканамічныя паказчыкі.

— У наступным годзе Глыбокае адзначыць сваё 600-годдзе.

— Гэта галоўная знамянальная падзея для горада і раёна. Тут за шасцісотгадовую гісторыю, як нідзе, гісторыя пераплялася з сучаснасцю. На плошчы 17 верасня падымаюць ажно пад аблокі свае купалы сабор Ражства Прасвятой Багародзіцы і касцёл Святой Тройцы, помнікі архітэктуры XVII і XVIII стагоддзяў. На Глыбоччыне маляваў свае карціны мастак Язэп Драздовіч, пачынаў творчую дзейнасць заснавальнік сучаснага беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, з’явіўся на свет будучы авіяканструктар Павел Сухі і іншыя. Зусім нядаўна яскравую старонку ў слаўны летапіс Глыбоччыны ўпісала Марына Шкерманкова, якая стала прызёрам Алімпійскіх гульняў у Лондане. А ўсяго звыш шасці дзясяткаў глыбачан праславілі сваю малую радзіму і Беларусь. У іх ліку і цэлае сузор’е працаўнікоў вёскі — Міхаіл Лытасаў, Міхаіл Мацюшонак, Леанід Пугаўка, Соф’я Юргель, Лідзія Плыгаўка, Васіль Асяненка, Уладзімір Вайтэцкі, Максім Клімянок. Слаўныя традыцыі працягваюцца і сёння. Глыбачане атрымліваюць дзяржаўныя ўзнагароды. Па 5—7 жыхароў раёна штогод становяцца “Чалавекам года Віцебшчыны”. Згодна з дадзенымі спецыялістаў “Белкосмасаэрагеадэзіі”, у Глыбоцкім раёне, ля возера Шо, знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы. Але Глыбоччына сёння — гэта і эканамічны, гандлёвы вузел. Глыбачане адпраўляюць у цэлы свет сваю прадукцыю, і да іх едуць з усяго свету.Так, як было і шэсцьсот год таму назад!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter